Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Гайдукевіч: "Я - боская істота. Я веруючы чалавек"


Радыё Свабода Што думаюць патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта аб сьмяротным пакараньні?

У 1996 годзе на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі пытаньне аб сьмяротнай кары было вынесенае на канстытуцыйны рэфэрэндум. Большасьць яго ўдзельнікаў падтрымалі ідэю захаваць гэтае пакараньне. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў старая праблема зноў стала актуальнай. Ці трэба ў Беларусі захаваць сьмяротнае пакараньне?

Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе ў якасьці пакараньня дзейнічае сьмяротная кара. У краінах Эўразьвязу яна забароненая, а ў Расеі ды Ўкраіне на “вышэйшую меру” даўно ўведзены мараторый. І толькі ў Беларусі расстрэльны канвэер ні на год не спыняўся. Найбольш актыўна пры канцы 1990-х – тады пазбаўлялі жыцьця да 40 чалавек штогод, ў 1998-м нават 45. Потым пакараных сьмерцю паменшыла. Летась і пазалетась расстралялі па два злачынцы.

Як паўплывала гэта на крымінагенную сытуацыю? Паводле афіцыйных дадзеных, цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойстваў, у Беларусі ня стала меней. У міністэрстве ўнутраных справаў прызнаюць, што сьмяротная кара як стрымліваючы фактар дзейнічае недастаткова эфэктыўна. Дык ці варта працягваць дзеючую практыку?

З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Мілінкевіча. Як высьветлілася, пазыцыі палітыкаў у прынцыповых момантах супадаюць. Прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч супраць сьмяротнага пакараньня таму, што яно супярэчыць ягоным хрысьціянскім поглядам. А вось што кажа лідэр лібэральных дэмакратаў Беларусі Сяргей Гайдукевіч.

(Гайдукевіч: ) “Я супраць сьмяротнага пакараньня. Лічу гэта перажыткам былых стагодзьдзяў. Калі чалавецтва разьвіваецца наперад, то да гэтага і трэба прызвычаіцца. Жывёла жывёлу свайго віду не забівае, разумееце? Гэта маё глыбокае меркаваньне. Калі ў каго іншыя думкі, хай яны іх адстойваюць”.

Паводле афіцыйных крыніцаў, за захаваньне сьмяротнага пакараньня раней выказваўся кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Вядома, што за час свайго прэзыдэнцтва ён толькі аднойчы памілаваў асуджанага да “вышэйшай меры”. Афіцыйная прапаганда тлумачыць гэта проста: кіраўнік краіны мусіць кіравацца вынікамі рэфэрэндуму. Аляксандр Мілінкевіч прытрымліваецца іншай лёгікі.

(Мілінкевіч: ) “Ведаеце, рэфэрэндумамі заўсёды моцна карыстаюцца недэмакратычныя краіны, яны ўвесь час спасылаюцца на думку народа, якую самі і фармуюць. Пры падрыхтоўцы да такіх рэфэрэндумаў ўлады не даюць магчымасьці людзям пачуць розныя думкі, а гэта надзвычай важна, бо толькі тады рэфэрэндум адлюстроўвае сапраўдную сытуацыю. Лічу, што ў нас, магчыма, трэба будзе калі-небудзь зноў правесьці па гэтым пытаньні рэфэрэндум. Але да таго экспэрты, сьвятары, палітолягі павінны расказаць пра сытуацыю са сьмяротным пакараньнем у розных краінах. І я думаю, нашы людзі таксама прагаласуюць за адмену”.

Аднак сёньня прыхільнікі захаваньня сьмяротнага пакараньня трапляюцца нават сярод тых, каго прысудзілі да вышэйшай меры за забойствы. “За сьмерць трэба плаціць сьмерцю”, - патлумачыў адзін вядомы забойца. “Што б вы адказалі такому чалавеку?” – спыталіся мы ў Сяргея Гайдукевіча.

(Гайдукевіч: ) “ Дзеля такіх трэба прадугледзіць асобны радок ў законе. Калі яны хочуць для сябе сьмерці. Я боская істота, я чалавек веруючы. Калі чалавек сам сябе хоча забіць, гэта не па-боску, і калі іншага хоча забіць, таксама”.

Аляксандр Мілінкевіч называе сябе глыбока веруючым чалавекам, але настойвае: нельга тлумачыць стаўленьне ў Беларусі да сьмяротнага пакараньня адной толькі рэлігійнасьцю грамадзтва. Паводле спадара Мілінкевіча, лёс гэтай праблемы больш залежыць ад таго, наколькі добра разумеюць людзі сутнасьць дэмакратычных каштоўнасьцяў.

(Мілінкевіч: ) “Я б не сказаў, што Бэльгія ці Францыя такія надзвычай рэлігійныя краіны. Наадварот, якраз там значнае памяншэньне колькасьці веруючых. І заўважана, што там адсутнасьць сьмяротнага пакараньня не павялічвае колькасьць цяжкіх злачынстваў”.

Не ўдалося высьветліць стаўленьне да сьмяротнага пакараньня ў чацьвёртага ўдзельніка прэзыдэнцкай гонкі – былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. На некалькі дзён ён зьехаў зь Беларусі і пакуль, на жаль, недасягальны.
XS
SM
MD
LG