Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук Сіліверст зьняў са стэнду біяграфію Лукашэнкі. І быў затрыманы


Радыё Свабода Сёньня ў вёсцы Сірод Калінкавіцкага раёну быў жорстка затрыманы аператыўгнай групай міліцыі чарнобыльскі ліквідатар, інвалід другой групы Васіль Сіліверст.

У вёску спадар Сіліверст прыехаў з райцэнтру наведаць свайго сябра, зборшчыка подпісаў за Зянона Пазьняка.

У сельскім Доме культуры Васіль Сіліверст зьвярнуў увагу на агітацыйны стэнд з біяграфіяй аднаго толькі Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Сіліверст зрабіў заўвагу супрацоўніцы вясковай культустановы, што агітацыя за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост на новы тэрмін яшчэ не пачалася. Параіў зьняць агітацыйны матэрыял.

Калі супрацоўніца адмовілася гэта зрабіць, Васіль Сіліверст зьняў біяграфію са стэнда сам. У сельскі Дом культуры быў выкліканы ўчастковы інспэктар Макарэвіч, а ўслед за ім прыехала з райцэнтру і міліцэйская апэратыўная група.

Васіля Сіліверста паклалі на сьнег тварам уніз і трымалі на марозе каля гадзіны - шукалі ў яго аркуш з біяграфіяй Лукашэнкі.

А 17-й гадзіне з райадзелу міліцыі Васіля Сіліверста даставілі ў раённы шпіталь. Урачы канстатавалі ў яго абмаражэньне жывата. Сам спадар Сіліверст скардзіўся на болі ў сэрцы. Яго шпіталізавалі ў аддзяленьне кардыялёгіі.

Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст з прычыны двух інфарктаў міякарду прызнаны інвалідам другой групы. Ён мае і шэраг іншых захворваньняў. Мінула толькі два з паловай тыдні, як Васіль Сіліверст спыніў 35-дзённую галадоўку – дамагаўся прызнаньня прычыннай сувязі сваіх захворваньняў ды інваліднасьці з удзелам у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
XS
SM
MD
LG