Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: “Замяталін зноў запатрабаваны ў штабе Лукашэнкі”


Радыё Свабода “Народная Воля” пад рубрыкай “Як нас дураць” піша: беларускія “лукамольцы” ў 1999-м ўзяліся за будаўніцтва жылых дамоў, якія дагэтуль недабудаваныя. Супраць начальніка эканамічнага аддзелу БРСМ Генадзя Пашука заведзеная крымінальная справа – ён абвінавачваецца ў фінансавых махінацыях на суму ў 20 мільёнаў даляраў.

Сьветлагорскі “Ранак плюс” друкуе сьпіс дэлегатаў на трэці Ўсебеларускі народны сход: старшыні аблвыканкаму, райвыканкаму, дырэктары прадпрыемстваў, дэпутаты. Разам зь імі паедуць у Менск і прыватны прадпрымальнік, мэдсястра, машыніст, супрацоўніца “Беларусбанку”, трактарыст і даярка...

“Брестский курьер” расказвае гісторыю праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна. У 2001 годзе за распаўсюд Дэклярацыі правоў чалавека суд Ленінскага раёну Берасьця пакараў яго штрафам. Усе астатнія беларускія судовыя інстанцыі пакінулі тое рашэньне ў сіле. Тады спадар Вялічкін зьвярнуўся ў Камісію па правох чалавека ААН. Расказвае журналіст Зьміцер Паталятаў:

(Паталятаў: ) “Прайшло 5 гадоў, і літаральна нядаўна Камісія ААН прызнала, што Беларусь парушыла Дэклярацыю аб палітычных і грамадзянскіх правах, і павінна кампэнсаваць страты Ўладзімеру Вялічкіну. А намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Беларусі спадар Калінковіч адказаў, што дадзеная заява пакідаецца без сатысфакцыі. Таму Вялічкін зноў зьбіраецца зьвярнуцца ў Камісію ААН”.

“Наша Ніва” паведамляе: “Замяталін зноў запатрабаваны ў штабе Лукашэнкі”. Тыднёвік піша таксама пра графік паездак Аляксандра Мілінкевіча па Беларусі. На 2 сакавіка заплянаваная ягоная першая сустрэча з выбаршчыкамі ў Менску. Яна мае адбыцца на Плошчы Свабоды а 18-й гадзіне.

У Магілёве адмянілі сустрэчу пісьменьнікаў Сьвятланы Алексіевіч і Ўладзімера Арлова з ліцэістамі – нібыта не знайшлося месца ды й ліцэісты былі занятыя, піша “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
XS
SM
MD
LG