Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

П. Шарамет: У Расеі свабоды для журналістаў значна больш, чым у Беларусі


Аляксандар Уліцёнак, Менск Сёньня а 12-й гадзіне на сайце Радыё Свабода адбудзецца он-лайнавая канфэрэнцыя з удзелам дырэктара спэцпраграмаў ОРТ, аднаго са стваральнікаў сайту “Беларускі партызан” Паўлам Шараметам. А пакуль ён дзеліцца назіраньнямі пра стан свабоды ў расейскіх і беларускіх мэдыях.

(Шарамет: ) “У Расеі свабоды для журналістаў ну на некалькі парадкаў больш, чым у Беларусі. Канечне, для тэлевізійнікаў сытуацыя пагоршылася. Аднак тым ня менш нават зараз можна гаварыць такое, што ніколі не пачуеш на беларускім тэлебачаньні”.

(Карэспандэнт: ) “Што тычыцца іншых сродкаў масавай інфармацыі, то на думку Паўла ў Расеі абсалютна свабодны Інтэрнэт, у адрозьненьне ад Беларусі там няма ніякіх спробаў кантраляваць Сеціва, забараняць няўгодныя ўладзе сайты. Ёсьць у суседняй краіне і некалькі вельмі жорсткіх па сваёй палітычнай танальнасьці радыёстанцый”.

(Шарамет: ) “Эхо Москвы” дазваляе сабе такое казаць пра расейскіх палітыкаў і расейскага прэзыдэнта, за што ў Беларусі проста пакінулі б “мокрае месца...”

(Карэспандэнт: ) “Спадар Шарамет асабліва падкрэсьліў цяжкасьці, якія зьведваюць беларускія незалежныя газэты. У Расеі нічога падобнага няма й блізка. Дзеля справядлівасьці, кажа Павал, трэба адзначыць: сям-там у суседзяў можна сустрэць факты ціску на журналістаў, прыклады, калі мясцовыя ўлады ці магутныя фінансавыя структуры спрабуюць выкарыстаць мэдыі ў сваіх інтарэсах”.

(Шарамет: ) “Гэта нармальная сытуацыя для краіны зь пераходнай эканомікай і пераходнай палітычнай сыстэмай. А ў Беларусі пераход ужо завяршыўся. Краіна перайшла ад адносна свабоднай да абсалютна несвабоднай мадэлі, да абсалютна таталітарнага рэжыму”.

(Карэспандэнт: ) “Павал Шарамет лічыць, што ў адрозьненьне ад расейскіх калегаў перад беларускімі журналістамі цяпер стаяць фундамэнтальныя праблемы: ад элемэнтарнага выжываньня да клопату пра ўласную бясьпеку. У сваю чаргу, паводле майго суразмоўцы, журналісты беларускіх дзяржаўных СМІ – сытыя. Аднак наўрад ці спакойнае сумленьне ў тых, хто ў душы лічыць сябе прафэсіяналам...”

(Шарамет: ) “Самае сьмешнае, што журналісты дзяржаўных СМІ Беларусі гэтаксама няўпэўненыя ў заўтрашнім дні, у сваёй будучыні, як і свабодныя журналісты. Ня тое слова падбярэш – а адразу дадуць каленкам пад зад, адарвуць галаву і выкінуць на вуліцу. Так адбылося, скажам, зь Ягорам Рыбаковым, які зараз парыцца недзе на нарах, бо нешта ня так разумеў у сваім жыцьці і нешта ня тое рабіў...”

(Карэспандэнт: ) “І традыцыйнае: над чым працуе зараз Павал Шарамет?”

(Шарамет: ) “Да другога сакавіка я павінен зрабіць дакумэнтальную стужку пра Міхаіла Гарбачова – у яго 75-годзьдзе. Таксама актыўна здымаю другі фільм: пра кіраваньне і кантролі за надвор’ем. І трэці – рынак антыкварыяту, падробкі на ім, фальшывае мастацтва, махляры і тыя, хто ловіць гэтых прайдзісьветаў”.
XS
SM
MD
LG