Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранская газэта абвясьціла конкурс карыкатур на тэму Галакосту


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У мусульманскіх краінах працягваюцца пратэсты з нагоды публікацыі ў эўрапейскай прэсе карыкатур на Прарока Мухамеда. Арганізацыя Ісламская канфэрэнцыя, ААН, Эўразьвяз выступілі з сумесным заклікам тэрмінова пачаць дыялёг, каб спыніць напружанасьць у сьвеце.

Падзеі сёньняшняга дня паказваюць, што няма ніякіх прыкметаў затуханьня пратэстаў, наадварот – гвалт нарастае. У аўганскім горадзе Калаце ў сутычках з паліцыяй забітыя яшчэ чатыры чалавекі, дзевяць – параненыя. Масавыя акцыі пратэсту адбыліся і ў Кабуле. Людзі крычалі: “Сьмерць ворагам рэлігіі! Сьмерць ворагам ісламу!”

У сутыкненьнях з паліцыяй у Аўганістане загінулі 4 чалавекі, дзевяць былі параненыя. Прадстаўнікі МУС Аўганістану заявілі, што агонь быў адкрыты пасьля таго, як натоўп закідаў камянямі сілы бясьпекі, параніўшы пры гэтым некалькі паліцыянтаў.

У інданэзійскай сталіцы горадзе Джакарце студэнты палілі дацкія сьцягі ля амбасады Даніі. Удзельнікі пратэсту заклікалі супрацоўнікаў амбасады пакінуць краіну.

Тым часам, на Заходнім беразе Ярдану ў горадзе Хэўроне разьюшаны натоўп закідаў камянямі і бутэлькамі з запальнай сумесьсю будынак міжнароднай назіральнай місіі. Назіральнікі прысутнічалі ў Хэўроне дзесяцігодзьдзе, дапамагаючы ўтрымліваць мір паміж габрэйскім і палестынскім насельніцтвам.

Мусульманскі бок пакуль не прыслухоўваецца да закліку ААН, Эўразьвязу і Арганізацыі Ісламская Канфэрэнцыя. Наадварот, робяцца правакацыі. Так, буйнейшая іранская газэта “Хамшахры” абвясьціла конкурс карыкатур на Галакост. Зазначыўшы, вось жа паглядзім, як далёка прасьціраецца ў Эўропе свабода слова, газэта, якую фінансуе муніцыпалітэт Тэгерану, запрасіла да ўдзелу ў конкурсе замежных карыкатурыстаў.

Нямеччына выказала заклапочанасьць намерам іранскай газэты правесьці конкурс карыкатур на тэму Галакосту ў Другой усясьветнай вайне. Намесьнік міністра замежных справаў Нямеччыны Гернат Эрлер заявіў, што Іран наўмысна спрабуе ўцягнуць Ізраіль у канфлікт дзеля эскаляцыі напружанасьці.

Конкурс іранскай газэты выклікаў рэзкую рэакцыю прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Шона Макормака:

(Макормак: ) “Любая спроба высьмеяць ці іншым спосабам узьвесьці паклёп на жах Галакосту, проста абуральны”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня ж заклікаў урады ісламскіх краінаў пакласьці канец гвалтоўным акцыям падчас пратэстаў супраць публікацыі ў эўрапейскіх газэтах карыкатур на прарока Мухамеда. Выступаючы ў Вашынгтоне пасьля сустрэчы з каралём Ярданіі Адбулом, Буш адзначыў, што ЗША не прымаюць гвалт як спосаб выказваньня нязгоды з тым, што надрукавана ў свабоднай прэсе.

Многія палітычныя лідэры ў Эўропе выказваюць абурэньне гвалтам, які адбываецца ў арабскіх краінах. Аднак, яны ж крытычна ставяцца і да публікацыі карыкатур. У Гішпаніі расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў:

(Пуцін: ) “Любая правакацыя ў гэтай сфэры абсалютна недапушчальная. Перад тым, як нешта надрукаваць, нешта зрабіць ці намаляваць, трэба сто разоў падумаць”.

Заходнія газэты, прыкладам, “Уол Стрыт Джорнэл”, выказваюць таксама меркаваньне, што “машыну гневу” запусьцілі ісламісцкія групоўкі, якія тым самым хочуць набыць сабе палітычны капітал.

І нарэшце – напярэдадні Алімпіяды, якая адкрываецца ў пятніцу ў італьянскім Турыне, востра паўстала пытаньне аховы дацкіх спартоўцаў. А асацыяцыя настольнага тэнісу Даніі ўжо адмяніла ўдзел сваёй каманды ў турніры ў Кувэйце і Катары, які мае адбыцца пазьней у гэтым месяцы.

Гл. таксама • Пратэсты супраць карыкатур перарастаюць у гандлёвую вайну
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG