Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія “зуброўцы” правялі акцыю на знак падтрымкі сваёй паплечніцы


Радыё Свабода, Віцебск Студэнтку-другакурсьніцу Любоў Кучынскую пагражаюць выключыць з Акадэміі вэтэрынарнае мэдыцыны за апазыцыйныя погляды. Акцыя пад лёзунгам “Наша салідарнасьць – наша свабода!” прайшла каля галоўнага ўваходу ў навучальную ўстанову.

Любоў Кучынская, якую яшчэ год таму адміністрацыя вэтэрынарнай акадэміі была прызначыла старастай групы і ўсяго патоку, сёлета трапіла пад уціск кіраўніцтва ВНУ за актыўны ўдзел у акцыях “Зубру”.

Як распавяла спадарыня Кучынская, яе спачатку зьмясьцілі з пасады старасты, а ў часе апошняе сэсіі дэканат вэтэрынарнага факультэту адмовіў ёй ў магчымасьці пераздаць іспыты, адзін зь якіх яна прапусьціла з прычыны хваробы, а другі меркавала пераздаць на вышэйшую адзнаку.

Няздадзеныя іспыты могуць стаць прычынай яе выключэньня з ВНУ. Хаця ў адміністрацыі акадэміі гэтага пакуль не пацьвярджаюць, Любоў Кучынская сёньня даведалася, што загад пра ейнае адлічэньне нібыта ўжо прадстаўлены рэктару Антону Ятусевічу.

Віцебскія прадстаўнікі “Зубру” правялі акцыю, каб падтрымаць актывістку, і Любоў Кучынская таксама ўзяла ў ёй удзел.

(Кучынская: ) “Невялічкую акцыю зрабілі: проста падышлі маладыя людзі, сталі каля галоўнага ўваходу з расьцяжкай “Наша салідэрнасьць – наша свабода!”, пастаялі так 10 хвілінаў. Мне сёньня ўжо сказалі, што на мяне ўжо ёсьць загад, і што хутка яго ўжо падпішуць. Прычым мне не даюць ніякае магчымасьці пераздаць ніводны іспыт. Проста ў мяне было затрыманьне за налепкі, і калі пра гэта даведаліся ў акадэміі, з таго часу ўсё пайшло-паехала. Ужо хочацца проста сысьці!”

Калі Любові Кучынскай усё ж давядзецца сыходзіць з Акадэміі вэтэрынарнае мэдыцыны, то ў ейнай біяграфіі гэта будзе ўжо другое выключэньня з ВНУ па палітычных матывах.

У 2001-м годзе яе ўжо выключалі зь менскага Пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

(Кучынская: ) “Тады амаль тое самае было. І што цікава: тады я нічога такога не рабіла, проста намесьнік дэкана неяк на вуліцы ўбачыў, што я раздавала газэты, нашу незалежную прэсу. І пасьля таго, як мы зь ім так сустрэліся, я ўжо не змагла здаць ні адзін іспыт”.

Сёньня Люба Кучынская зьбіраецца зьехаць у Менск да бацькоў. Загад пра выключэньне або дазвол на пераздачу яна атрымае ўжо пасьля вакацыяў, 20-га лютага.
XS
SM
MD
LG