Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымка рэгістрацыі ЭГУ выклікае спрэчкі ў літоўскіх міністэрствах


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня найбуйнейшая літоўская газэта “Летувос рытас” публікуе артыкул пра спрэчку паміж двума міністэрствамі Літвы адносна рэгістрацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ). ЭГУ дзейнічае ў Літве ад мінулага году, але дасюль мае фармальны статус грамадзкай установы, а не ўнівэрсытэту, акрэдытаванага для навучальнай дзейнасьці ў Літве.

Артыкул пра скандал вакол унівэрсытэту ў выгнаньні названы “Закрытая А.Лукашэнкам вышэйшая школа пасварыла два літоўскіх міністэрства”. Ён зьмешчаны сёньня на першай старонцы ў літоўскім штодзёньніку “Летувос рытас”, які мае найбольшы наклад у Літве.

Паводле аўтара артыкула, Вітаўтаса Брувэрыса, літоўскае міністэрства асьветы і навукі штучна затрымлівае рэгістрацыю ЭГУ, хаця літоўскі ўрад фактычна падтрымаў перамяшчэньне яго дзейнасьці ў Вільню.

Экспэрты Цэнтру якасьці навучаньня і ацэнкі зь міністэрства асьветы і навукі зрабілі папярэднюю выснову, што такі ўнівэрсытэт ня варта рэгістраваць у Літве. Яны цьвердзяць, што знайшлі недахопы ў рэгістрацыйных паперах, не атрымалі вычарпальных адказаў на свае запыты, а таксама выказваюць засьцярогу, што справа ЭГУ мае палітычны кантэкст.

Кіраўнік групы экспэртаў Нерыюс Пачэса мяркуе, што “мэты ўнівэрсытэту – больш палітычнага, чым акадэмічнага характару”.

Гэтыя папярэднія высновы ўжо разглядаліся ў Камісіі па справах унівэрсытэтаў, аднак рашэньне адносна ЭГУ яшчэ не прынятае: ад ЭГУ чакаюць дадатковай інфармацыі. Затрымка рэгістрацыі з боку міністэрства асьветы і навукі выклікала рэзкую крытыку з боку літоўскага міністэрства замежных справаў.

Прадстаўнік МЗС заявіў у інтэрвію “Летувос рытас”: “Рашэньне адносна ЭГУ пацьверджанае на вышэйшым узроўні, фінансаваньне гарантаванае, запрошаныя вядомыя спэцыялісты, чыя кваліфікацыя не выклікае сумневаў”.

Дыпляматы абураныя, што міністэрства асьветы з-за фармальных прычэпак да нібыта няпоўнага сьпісу навуковых працаў ЭГУ, затрымлівае рэгістрацыю. Раней лідэр партыі кансэрватараў – парлямэнцкай апазыцыі, – А.Кубілюс зьвінаваціў міністэрства асьветы ў сьвядомай затрымцы рэгістрацыі ЭГУ з-за жаданьня не раздражняць беларускі рэжым.

ЭГУ дзейнічае ў Вільні як унівэрсытэт у выгнаньні, заняткі адбываюцца рэгулярна. Студэнты, якія толькі што здалі сваю першую сэсію ў Вільні, кажуць, што, хаця вучоба рухаецца, затрымка з афіцыйнай рэгістрацыяй азначае, што фармальна яны не зьяўляюцца студэнтамі і таму ня маюць тых сацыяльных правоў і льготаў, якія належаць тут студэнтам:

(Студэнт: ) “Апрача тых сацыяльных правоў, права на мэдычную дапамогу, іншых палёгкаў, якія маюць тут студэнты, мы пазбаўленыя, бо фармальна не зьяўляемся студэнтамі, пакуль няма афіцыйнай рэгістрацыі. Ёсьць і іншы момант. Мы пазбаўленыя ўдзелу ў міжнародных адукацыйных праграмах, – хаця ЭГУ мае высокі адукацыйны статус і высока цэніцца ў Эўропе. Мы зможам далучацца, толькі калі нас зарэгіструюць як ВНУ, таму мы ўсе чакаем рэгістрацыі ЭГУ”.

(Студэнтка: ) “Складана ў тым сэнсе, што рэгістрацыя дала б нам тут шанец падпрацоўваць. Для студэнтаў гэта важна. А так я не сутыкалася з такімі сытуацыямі, каб мне гэта (затрымка з рэгістрацыяй) перашкаджала”.

(Студэнт: ) “Нічога такога не адчуваем, адзінае, што заліковак няма. Калі з мамай размаўляю, яна просіць – прывязі, пакажы якія адзнакі, – вось, пакуль няма”.

Тым часам адзін з выкладчыкаў, прафэсар ЭГУ Эдуард Мельнікаў сказаў Радыё Свабода, што вельмі хацелася б, каб пытаньне рэгістрацыі вырашалася як найхутчэй, бо затрымка адбіваецца на працы ВНУ.

(Мельнікаў: ) “Адчуваецца, вельмі адчуваецца... ЭГУ ня мае рэгістрацыі, таму ня можа даць паўнавартасны статус сваім студэнтам – студэнцкія білеты, від на жыхарства, і гэтак далей, – гэта складаныя пытаньні. Але мы ня чакаем, вучоба ідзе. Гэта беспрэцэдэнтны крок, што ЭГУ вось так працуе. Мы адчуваем падтрымку і, вядома, удзячныя Літве, ураду краіны за прытулак і добрае стаўленьне да беларусаў. Мы спадзяемся, што з рэгістрацыяй усё ўрэшце будзе добра, і ў ЭГУ будзе добрая пэрспэктыва”.

Прадстаўнікі кіраўніцтва ЭГУ (грамадзкай арганізацыі, якая апякуецца справай акрэдытацыі ўнівэрсытэту ) сёньня якраз знаходзіліся ў дарозе, і таму іх камэнтар адносна публікацыі зьявіцца пазьней.
XS
SM
MD
LG