Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня стала вядома, што Лукашэнка памілаваў Жураўкову яшчэ летась


Радыё Свабода Суд прызнаў былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову вінаватай у выкраданьні больш як мільёна даляраў. Але яшчэ летась Аляксандар Лукашэнка памілаваў яе. Пра гэта стала вядома толькі сёньня, 8 лютага, са словаў старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы. Чаму дагэтуль факт памілаваньня Жураўковай замоўчваўся?

8 лютага старшыня Вярхоўнага Суду Беларусі Валянцін Сукала паведаміў пра памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам Галіны Жураўковай, якую летась асудзілі на чатыры гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж болей як мільёна даляраў. Гэтыя зьвесткі раней не агалошваліся, хаця, паводле Валянціна Сукалы, гэта не было сакрэтам.

(Сукала: ) “Няма ніякага сакрэту. Асуджаная Жураўкова пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу сапраўды ў красавіку мінулага году была памілавана ў адпаведнасьці з законам. Кіраўнік дзяржавы скарыстаўся сваім правам, у гэтым няма ніякага парушэньня закону. Гэтае рашэньне праходзіла праз камісію памілаваньня, у якой і я браў удзел. Усе працэдуры былі выкананыя, гэтае рашэньне ёсьць у нас у Вярхоўным Судзе”.

Варта нагадаць, што на судзе ў апошнім слове Жураўкова не прызнала сябе вінаватай, але папрасіла прабачэньня асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі за тое, што “падвяла прэзыдэнта”. Пасьля гэтага, упершыню ў сучаснай гісторыі краіны, суд дазволіў абвінавачанай не прысутнічаць на агалошваньні прысуду, задаволіўшыся даведкай аб хваробе. Міналі дні, але ў калёнію Галіна Жураўкова гэтак і не прыбыла, што пацьвердзілі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў і ягоныя падначаленыя ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў.

Тым часам зьявіліся чуткі пра тое, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў былую кіраўніцу справаў. Аднак звароты журналістаў у афіцыйныя інстанцыі ня мелі плёну — зьвесткі пра памілаваньне Жураўковай паўсюль камэнтаваць адмаўляліся. А вось што адказаў на пытаньне Радыё Свабода адносна Жураўковай генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі летась у ліпені:

(Міклашэвіч: ) “У нас прадугледжана памілаваньне асуджаных асобаў. Гэтае права дадзена кіраўніку дзяржавы. Калі такое рашэньне прынята, пра гэта мусіць заявіць адміністрацыя прэзыдэнта. Калі гэтая інфармацыя закрытая, то я ня маю права пра яе казаць”.

І пасьля гэтых словаў генэральнага пракурора ў адміністрацыі прэзыдэнта не пракамэнтавалі зьвестак пра памілаваньне Жураўковай Аляксандрам Лукашэнкам. А прэсавы сакратар прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў, што ня чуў пра падпісаньне ўказу аб памілаваньні Жураўковай.

Былы судзьдзя, цяпер праваабаронца Гары Паганяйла адзначае, што паводле закону прэзыдэнт мае права памілаваць злачынцу. Гары Паганяйла мяркуе, што памілаваньне Галіна Жураўкова заслужыла тым, што вярнула скрадзены мільён даляраў. Але тое, як адбылося яе памілаваньне, былога судзьдзю не задавальняе.

(Паганяйла: ) “Такое рашэньне мусіла быць галосным. Прэзыдэнт мусіў абгрунтаваць перад сваімі суайчыньнікамі тое, што ён памілаваў чалавека, пра якога сам жа казаў шмат адмоўных словаў. Гэтая службовая асоба была вельмі блізкая да прэзыдэнта, ім была прызначаная і зрабіла цяжкае злачынства. Яна была пакараная ў адпаведнасьці з законам, але атрымала памілаваньне. Чаму? А калі гэта робіцца таемна, то ўспрымаецца як змова”.
XS
SM
MD
LG