Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран гатовы супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў ядзернай галіне


Радыё Свабода Пра гэта заявіў 8 лютага на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Ісламскай рэспублікі Іран у Беларусі Абдольхамід Фэкры. Паводле ягоных словаў, Іран гатовы супрацоўнічаць зь беларускімі навукоўцамі ў гэтай галіне.

Амбасадар Ірану заявіў, што ў справе выкарыстаньня ядзерных тэхналёгіяў ягоная краіна мае выключна мірныя мэты: маўляў, атам патрэбны толькі для разьвіцьця гаспадаркі. Ён таксама адзначыў, што Іран здольны самастойна разьвіваць сваю ядзерную праграму. Разым з тым, ён не адмаўляецца і ад супрацоўніцтва зь іншымі дзяржавамі:

(Фэкры: ) “Як вы ведаеце, наш прэзыдэнт на Асамблеі ААН запрасіў прадстаўнікоў іншых дзяржаваў удзельнічаць у іранскай ядзернай праграме. Прэзыдэнт казаў, што ён вітае любога, хто захоча супрацоўнічаць з Іранам у гэтай галіне. Тым больш, калі размова ідзе пра такую сяброўскую для нас краіну, як Беларусь. Мы будзем гэтаму толькі радыя”.

Былы кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч гаворыць, што ў Беларусі няма досьведу выкарыстаньня адмысловых атамных тэхналёгіяў:

(Вайтовіч: ) “Ёсьць людзі, якія, у прынцыпе, усё гэта разумеюць. Але ж яны ніколі ў распрацоўцы і рэалізацыі тэхналёгіяў ня ўдзельнічалі. Вядома, няма людзей, якія б удзельнічалі ў тэхналёгіях узбагачэньня ўрану, у распрацоўцы і выкарыстаньні кампанэнтаў ядзернай зброі”.

Аднак гэта не азначае, што супрацоўніцтва зь беларускімі спэцыялістамі немагчымае наагул, цьвердзіць акадэмік Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Мы можам дапамагчы там, дзе тычыцца цепланосьбітаў, ад актыўнай часткі рэактару, там, дзе ідзе рэакцыя, дзе выдзяляецца цяпло. Там, дзе атрымалі цяпло і дзе стаіць праблема, як лепш яго выкарыстоўваць”.

Акадэмік Вайтовіч дадае, што беларускія спэцыялісты ў галіне выкарыстаньня цяпла, перадусім, на атамных электрастанцыях, працуюць на кантрактнай сыстэме за мяжой. Акадэмік не выключае, што яны могуць цяпер працаваць разам з расейцамі і ў Іране.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG