Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэледэбатаў кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах ня будзе (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня Цэнтравыбаркам зацьвердзіў парадак выкарыстаньня дзяржаўных СМІ кандыдатамі на прэзыдэнта. Пастановай прадугледжаныя два 30-хвілінныя выступы прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла на першым канале Беларускага тэлебачаньня і на Першым канале Беларускага радыё, а таксама публікацыя іх праграмаў у сямі дзяржаўных газэтах: “Беларуская ніва”, “Звязда”, “Знамя юности”, “Народная газета”, Рэспубліка”, “Советская Белоруссия” і “7 дней”.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што жараб’ёўка эфірнага часу адбудзецца адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, якая пройдзе 17 альбо 21 лютага. Выступы кандыдатаў будуць трансьлявацца ў запісе і не павінны ўтрымліваць заклікаў да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, сацыяльнай і нацыянальнай варожасьці, зьнявагі і паклёпу на дзяржаўных асобаў і іншых кандыдатаў.

Спадарыня Ярмошына зазначыла, што сёньняшняя пастанова не пагаршае стану кандыдатаў на прэзыдэнта адносна прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году. За час пасьля мінулых выбараў у Беларусі зьявілася некалькі новых агульнанацыянальных тэлеканалаў: ОНТ, СТБ, “Лад”. Аднак кандыдаты на прэзыдэнта ня змогуць зьвярнуцца і да іх гледачоў. Лідзія Ярмошына патлумачыла, што Выбарчы кодэкс прадугледжвае публікацыю праграмаў кандыдатаў ва ўсіх агульнанацыянальных газэтах, але не ўтрымлівае такой жа нормы адносна тэлебачаньня:

(Ярмошына: ) “Тут ужо Цэнтральная камісія мае права вызначыць, і яна вызначае з улікам тых лімітаў, якія ёй дае дзяржаўнае тэлебачаньне”.

Лідзія Ярмошына пасьля паседжаньня ЦВК таксама заявіла журналістам, што тэледэбатаў кандыдатаў, якія адбываліся падчас перадвыбарчай кампаніі 1994 году, сёлета ня будзе:

(Ярмошына: ) “Таму што наша заканадаўства не прадугледжвае тэледэбатаў”.

Акрамя таго, спадарыня Ярмошына заявіла, што публікацыя праграмаў кандыдатаў у недзяржаўных СМІ будзе расцэньвацца як матэрыяльная дапамога ім, што лічыцца незаконным.

Намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк мяркуе, што пытаньне ня ў тым, колькі эфірнага часу дадуць кандыдату і на колькіх тэлеканалах:

(Нісьцюк: ) “Пытаньне ў тым, што не дадуць сказаць у просты эфір, таму тое, што чалавек захоча сказаць, ён ня скажа. Калі ўсё гэта будуць рэзаць, чысьціць — гэта можна, а гэта не, то гэта ўжо ня сродкі масавай інфармацыі, гэта апарат, які зацікаўлена працуе на адзін бок”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG