Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марак Буцька: “Лукашэнка будуе палітыку на вобразе замежнага ворага”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы пошук беларускімі ўладамі замежных ворагаў называюць “НКВДысцкім мысьленьнем”. Польскія экспэрты і грамадзкія дзеячы згодныя – праз прапагандысцкія фільмы і газэтныя матэрыялы беларускі рэжым напярэдадні выбараў спрабуе адвярнуць увагу беларусаў ад унутраных праблемаў краіны.

Кіраўнік Усходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Павал Казанэцкі – адзін з тых, каго ў перадачы Беларускага тэлебачаньня разам з усёй арганізацыяй абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасьці і спробах стварыць “агентурную сетку” ў Беларусі. Паводле Казанэцкага, цяперашнія беларускія ўлады да любой грамадзкай ініцыятывы ставяцца варожа.

(Казанэцкі: ) “Для беларускага рэжыму кожная грамадзкая ініцыятыва і арганізацыя, якая не падтрымлівае рэжыму, – гэта “агентура”. А тыя замежныя арганізацыі, што падтрымліваюць беларускія грамадзкія арганізацыі, аўтаматычна называюць шпіёнскімі структурамі”.

Былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марак Буцька ня зьдзіўлены, што ягонае прозьвішча чарговы раз зьявілася ў прапагандысцкім фільме Беларускага тэлебачаньня.

(Буцька: ) “Я заўважыў, што я ўжо стаў дзяжурнай тэмай для беларускай прапаганды, калі трэба падтрымаць антыпольскія настроі. Напярэдадні выбараў Лукашэнка будуе сваю ўнутраную палітыку на стварэньні вобразу замежнага ворага. Што да выкарыстаньня майго прозьвішча ў гэтым, дык я не зьдзіўлюся, калі заўтра яны скажуць, што Буцька зьеў на сьняданак маленькую дзяўчынку ці перавозіў нелегальна празь мяжу кракадзілаў. Я думаю, што інтэлектуальны ўзровень гэтых перадачаў адпавядае ўзроўню тых, хто гэтыя перадачы рыхтуе і ўзроўню кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня”.

Паводле кіраўніка аддзелу Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Яна Маліцкага, пошук замежных ворагаў, шпіёнаў, іншаземнай агентуры сьведчыць аб “мысьленьні ў стылі НКВД”.

У сваю чаргу дырэктар дэпартамэнту інфармацыі МЗС Польшчы Павал Дабравольскі заявіў нашаму радыё, што міністэрства пакуль што вывучае сытуацыю і таму афіцыйна не камэнтуе абвінавачаньняў беларускіх дзяржаўных мэдыяў на адрас польскіх дыпляматаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG