Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме анулявалі ўсе 2416 подпісаў за Мілінкевіча (абноўлены)


Радыё Свабода У Слонімскай раённай выбарчай камісіі сьцьвярджаюць, што подпісы за Аляксандра Мілінкевіча сабралі нават з грамадзянаў Расеі і Ўкраіны, але акту праверкі зборшчыкам подпісаў не даюць.

Разам на Слонімшчыне сабралі 2600 подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля праверкі было вырашана здаць у раённую выбарчую камісію 2416 подпісаў. Старшыня раённага штабу, які кіраваў зборам подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча, Іван Шэга быў перакананы, што ніякіх праблемаў з рэгістрацыяй ня будзе.

У раённай камісіі пасьля праверкі палічылі, што больш за 15% подпісаў несапраўдныя і анулявалі ўсе 2416 подпісаў. Сакратар раённай выбарчай камісіі Зоф’я Гурская напачатку адмаўлялася даваць інфармацыю, але потым усе ж пералічыла прычыны, зь якіх подпісы за Аляксандра Мілінкевіча былі прызнаны несапраўднымі. Кажа Зоф’я Гурская:

(Гурская: ) “Шмат памылак, розных памылак: і пашпарты ня тыя, і прозьвішчы ня тыя, і гады нараджэньня ня тыя, і грамадзяне Расеі і Ўкраіны, і не пазначаны населеныя пункты, дзе жывуць людзі, і людзі такія, якія наагул не жывуць, і падвойны падлік. Вельмі шмат розных памылак. І людзі не прастаўлялі самі датаў”.

Іван Шэга, дэпутат раённага савету, перад паседжаньнем камісіі неаднаразова зьвяртаўся да старшыні і сакратара, каб яны запрасілі яго на паседжаньне. Але часу, калі засядала камісія, яму так і не паведамілі. А калі ён прыйшоў у выканкам чарговы раз пацікавіцца часам пасяджэньня выбарчай камісіі, яму адказалі, што подпісы за Аляксандра Мілінкевіча прызнаны несапраўднымі.

Старшыня камісіі не дала яму магчымасьці азнаёміцца з актам праверкі. Іван Шэга мае дамагацца акту праверкі подпісаў, паколькі ня згодны з высновамі раённай выбарчай камісіі. Кажа Іван Шэга:

(Шэга: ) “Я проста папрасіў у іх паглядзець акт праверкі подпісаў. Там павінны быць пазначаны ўсе нашы памылкі. Але чаму ім было ня даць гэты акт хоць азнаёміцца, а яны ня выдалі і копіі на рукі? Яны мне ў гэтым адмовілі. А раз адмовілі, значыцца, у іх ня ўсё ў парадку. Магчыма, нейкія памылкі яны і маглі знайсьці: кропкі ня там стаялі, магчыма, дата ці подпіс няправільна былі запісаны. Але тое, як яны кажуць — немагчыма. Я думаю, што яны гэта сфабрыкавалі і не даюць магчымасьці азнаёміцца з гэтым актам”.

Іван Шэга думае патрабаваць акту праверкі подпісаў, якія ён здаваў разам са сваімі сябрамі.

Гл. таксама • У Шчучыне не зарэгістравалі больш як 1000 подпісаў за Мілінкевіча • У Ашмянах не зарэгістравалі 773 подпісы за А.Мілінкевіча • На ўвесь Наваполацак за Лукашэнку - тры несапраўдныя подпісы
XS
SM
MD
LG