Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як прэтэндэнты ў кандыдаты бачаць адраджэньне нацыянальнай культуры?


Радыё Свабода Адна з праблемаў, якая цікавіць грамадзтва ў Беларусі, – адраджэньне нацыянальнай культуры. Аляксандар Лукашэнка заявіў у сваім леташнім пасланьні, што “выхаваньне немагчымае па-за культурнай традыцыяй”. Раней спадар Лукашэнка прызнаў, што ва ўлады існуе непаразуменьне з часткай творчай інтэлігенцыі.

Ён выказваў пажаданьне, каб усе творцы ”жылі на сваёй зямлі, каб нікуды не зьяжджалі”, бо гэта для яго, маўляў, “самы страшны боль”. У сваёй мінулай перадвыбарчай праграме Лукашэнка абяцаў рэальную роўнасьць беларускай і расейскай моваў і захаваньне іх дзяржаўнага статусу. Як ставяцца да гэтых праблемаў іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты?

Да рэгістрацыі кандыдатам Сяргей Гайдукевіч пазьбягае кантактаў з мэдыямі. У сваёй праграме на мінулых выбарах ён цьвердзіў, што адраджэньне і разьвіцьцё культурнай спадчыны нельга адкладаць на больш позьні тэрмін, калі будуць вырашаныя эканамічныя праблемы. А ў адным з інтэрвію спадар Гайдукевіч абяцаў нават у выпадку сваёй перамогі перавесьці справаводзтва на беларускую мову.

Паводле Аляксандра Казуліна, нацыянальную культуру ў Беларусі ўлады спрабуюць падмяніць правядзеньнем фэстываляў тыпу “Славянскі базар” ці “Дажынкі”.

(Казулін: ) “Культура – у традыцыі, у веры, у адносінах да людзей. Культура – гэта адносіны да сваіх пісьменьнікаў. Я думаю, што нам трэба вельмі акуратна вырашыць, што ў нас няма “чэсных і нячэсных” пісьменьнікаў, журналістаў, мастакоў. Тады аўтаматычна зьявіцца наша нацыянальная эліта, да якой адразу ўсе пачнуць прыслухоўвацца. І адсюль пачнецца адраджэньне культуры”.

Спадар Казулін не разумее, як можа кіраўнік Беларусі непаважліва ставіцца да Васіля Быкава.

(Казулін: ) “Гэта проста нонсэнс. Таму такія вялікія дзеячы Беларусі, як Быкаў, Караткевіч, Купала і Колас, павінны вярнуцца ў сьвядомасьць людзей. Янка Купала калісьці сказаў: "Беларусы, трэба ж людзьмі звацца”. Гэтыя словы сёньня не зьяўляюцца набатам, які павінен гучаць?”

Спадар Казулін зьдзіўляецца, чаму ў Беларусі адзначаюць усё, апроч свайго беларускага, чаму не адзначаецца Купальле? Ён кажа, што трэба вяртаць свае крыніцы, беларускія традыцыі і тады падымецца беларуская культура. Паводле спадара Казуліна, усе інфармацыйныя блёкі на беларускім тэлебачаньні абавязкова павінны гучаць на беларускай мове.

(Казулін: ) “Мы павінны вельмі паважліва ставіцца і да ўсіх культураў, і да ўсіх рэлігій, да ўсіх пазыцый, поглядаў і меркаваньняў, але не забывацца на тое, што мы – беларусы. І тады ўсё стане на свае месцы. А калі зьявіцца павага да беларуса і яго мовы і калі гэтая мова будзе прэстыжнай у побытавых адносінах, тады і многія пытаньні адпадуць самі сабой”.

Аляксандар Казулін упэўнены, што вярнуць адукацыю на беларускай мове вельмі проста – без прымусу, на падставе "Закону аб мовах", прынятага яшчэ Вярхоўным Саветам. Такой жа пазыцыі трымаецца і Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Павінна быць гэтая палітыка вельмі гнуткая. Ніякага гвалту не павінна быць, бо гэта адштурхне людзей ад беларускай мовы, і гэта небясьпечна. Беларуская мова павінна вяртацца паступова, ад садочкаў зь першых клясаў школы. Але, безумоўна, павінны захавацца расейскія школы. Павінны быць і польскія школы, і школы іншых нацыянальнасьцяў, калі такая патрэба ёсьць. Адзінае, калі бацькі хочуць на расейскай мове навучаць сваё дзіця, у іх павінна быць такая гарантаваная канстытуцыяй магчымасьць. Але, канечне, большасьць школаў з часам будзе па-беларуску”.

У 1990-я гады спадар Мілінкевіч выкладаў ва ўнівэрсытэце фізыку на беларускай мове і ня бачыў тут ніякіх праблемаў.

(Мілінкевіч: ) “Вельмі важна, каб мова адрадзілася. Толькі адно людзі павінны адчуць, што гэта сур’ёзна, надоўга і зь беларускай мовай больш такіх шараханьняў ня будзе, што беларуская мова будзе патрэбная ў грамадзтве, у дзяржаўнай, навучальнай установе. І самае галоўнае, каб прэзыдэнт таксама гаварыў па беларуску”.

Аляксандар Мілінкевіч вызначае свае прыярытэты ў сфэры нацыянальнай культуры:

(Мілінкевіч: ) “Нацыянальная культура – гэта здабытак стагодзьдзяў, многіх пакаленьняў. Мне не падабаецца, што нацыянальная культура сёньня ператвараецца ў такую лубачную, сувэнірную культуру. Сьпяваем па-беларуску, па-беларуску робім пэўныя сувэніры, але гэта ня тое. Культура значна больш глыбокая, у нас ёсьць выдатнае выяўленчае мастацтва, у нас ёсьць цудоўныя музыкі. І калі мы кажам пра культуру – гэта велізарны пласт, гэта майстры высокай клясы, якія ёсьць, і ўсіх іх трэба падтрымліваць. І мы зробім усё, каб людзі нашай культуры не пакутавалі ад бядоты і не зьяжджалі за мяжу”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, трэба даць магчымасьці для разьвіцьця якаснай моладзевай культуры, а не даваць загады на 75-працэнтнае гучаньне беларускай музыкі.

(Мілінкевіч: ) “У Беларусі шмат музыкаў, шмат гуртоў, якія маюць выдатныя творы, але большасьць зь іх маюць забарону на выступы. Трэба падтрымліваць не ідээлягізавана, а трэба падтрымліваць шырока. У нас ёсьць што паказаць. Я думаю, яны самі зоймуць у эфіры сваё дастойнае месца”.
XS
SM
MD
LG