Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыну Абельскую вылучаюць на дзяржаўную прэмію?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 8 лютага

“Народная Воля” піша, што галоўны лекар Рэспубліканскай больніцы Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Ірына Абельская, якую ўсе ведаюць як першага доктара Лукашэнкі, у групе навукоўцаў вылучаная на Дзяржаўную прэмію Беларусі за 2005 год у галіне навукі і тэхнікі.

Працаздольнасьць спадарыні Абельскай зьдзіўляе: яна ня толькі рэфармавала так званую лечкамісію, але й пасьпела ў дэкрэтным адпачынку, літаральна празь месяц пасьля нараджэньня дзіцяці, абараніць кандыдацкую дысэртацыю. Не за гарамі і доктарская дысэртацыя, і Дзяржпрэмія, - піша “Народная Воля”.

“Газэта Слонімская” паведамляе, што ў раёне за Аляксандра Мілінкевіча сабрана 1416 подпісаў. Але ні ў адной з 53-х участковых камісіяў апазыцыянэры не заўважаныя. Распавядае журналіст Мікола Канановіч.

(Канановіч: ) “Як паведаміў старшыня Слонімскай Рады БНФ “Адраджэньне” Іван Бядко, ад дэмакратычных сілаў ва ўчастковыя камісіі было вылучана 16 чалавек, яшчэ 12 вылучылі шляхам збору подпісаў грамадзянаў. Аднак намаганьні дэмакратаў зноў аказаліся марнымі. Ад іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій не ўключылі ніводнага чалавека. Такая ж сытуацыя была пры стварэньні раённай выбарчай камісіі”.

Акцыянэрнае таварыства “Славянка” пачало выпуск спартовага дзіцячага адзеньня з элемэнтамі, што адбіваюць сьвятло. Першая партыя – 5 тысяч куртак – будзе рэалізаваная на ўнутраным рынку, - піша “Бобруйский курьер”.

Колькасьць насельніцтва толькі ў Віцебскай вобласьці за мінулы год скарацілася на 13 тысяч чалавек, паведамляе “Витебский курьер”. Паводле крытэраў ААН, насельніцтва краіны лічыцца старым, калі доля асобаў, старэйшых за 65 гадоў, складае 7%. У Беларусі 14%. На Захадзе старэньне насельніцтва адбываецца за кошт павелічэньня працягласьці жыцьця, у Беларусі – за кошт розьніцы паміж колькасьцю народжаных і памерлых.

Гішпанская зборная па тэнісе даражэйшая за беларускую на паўтара мільёну даляраў. Але Максім Мірны зарабіў за сваю кар’еру больш за кожнага з супернікаў па Кубку Дэвіса – 6 мільёнаў 328 тысяч даляраў, паведамляе “Камсамольская праўда”.
XS
SM
MD
LG