Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе роля інтэрнэту на выбарах?


Кастусь Бандарук, Прага У сытуацыі калі большасьць сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем, узрастае роля інтэрнэту як адкрытай крыніцы інфармаваньня. Усе чатыры кандыдаты на пасаду прэзыдэнта маюць свае інтэрнэт-старонкі, але ці ўдасца ім дастаткова эфэктыўна скарыстаць гэты новы сродак інфармацыі?

Інтэрнэт-старонка Аляксандра Мілінкевіча была створана летась у лістападзе, і на сёньня на ягоны сайт у сярэднім прыходзіць каля тысячы наведвальнікаў штодзень. Яны маюць магчымасьць азнаёміцца з выбарчай праграмай кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, пачытаць навіны і паглядзець здымкамі з прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама могуць выказаць сваю думку праз форму зваротнай сувязі.

Паводле прадстаўніка штабу Мілінкевіча, калі ў 2001 годзе усяго 2% беларусаў мелі доступ да інтэрнэту, то цяпер беларуская аўдыторыя інтэрнэту ацэньваецца ў 15% насельніцтва, каля паўтара мільёну чалавек.

У сувязі з гэтым Алег Манаеў, незалежны сацыяёляг зь Менску мяркуе, што інтэрнэт адыграе большую ролю і на выбарах 19 сакавіка 2006 году. Ён тлумачыць гэта тым, што зь ліку 7 мільёнаў грамадзянаў, якія маюць выбарчае права, адзін мільён карыстаюцца інтэрнэтам як мінімум некалькі разоў ў тыдзень.

Кірыл Пазьняк, галоўны рэдактар сайту naviny.by аднак мяркуе, што інтэрнэт усё ж адыграе досыць абмежаваную ролю ў выбарчай кампаніі, і не з прычыны невялікай аўдыторыі ці абмежаваньняў доступу, але з прычыны пасіўнага настрою ў грамадзтве.

(Кірыл Пазьняк: ) "У апошні час палітычная актыўнасьць у Беларусі ўпала. Ёсьць на гэта некалькі прычынаў. Па першае, гэта і палітычныя ўмовы, рэпрэсіі, ціск. Людзі проста баяцца. Па-другое, трэба сумленна прызнаць, што многія людзі расчараваныя дзеяньнямі апазыцыі, ня бачаць магчымасьцяў зьмены сытуацыі ў краіне".

Аналітык Радыё Свабода Валер Карбалевіч мяркуе, што інтэрнэтам у асноўным карыстаюцца гараджане, людзі дэмакратычнай арыентацыі, якія падзяляюць каштоўнасьці апазыцыйных кандыдатаў і іх няма ў чым пераконваць. Гэтыя людзі ў асноўным ведаюць і погляды кандыдатаў, і ім няма патрэбы наведваць іхныя інтэрнэт-сайты.

Кірыл Пазьняк аднак перакананы, што карыстальнікі інтэрнэту не заўсёды і не ў першую чаргу шукаюць у ім палітычнай інфармацыі. Акрамя таго, у Беларусі людзі вельмі часта наведваюць толькі вядомыя расейскія інтэрнэт-сайты, на якіх яны наўрад ці знойдуць інфармацыю пра беларускія прэзыдэнцкія выбары.

Яшчэ адным важным фактарам зьяўляецца магчымасьць фільтраваньня інфармацыі. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году лукашэнкаўскія спэцыялісты перакрылі доступ да шэрагу сайтаў, у тым ліку да сайту Радыё Свабода і сайту тагачаснага кандыдата ад апазыцыі.

Паводле адмыслоўцаў, у цяперашніх беларускіх рэаліях, сучасныя тэхналёгіі кшатлту інтэрнэту альбо SMS, адыграюць абмежаваную ролю.

Большасьць прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі жывуць у вёсках і невялікіх гарадох. Яны ня маюць доступу да сучасных тэхналёгіяў і атрымліваюць інфармацыю амаль выключнага зь дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня. Прадстаўнік каманды Мілінкевіча Сяргей Вазьняк мяркуе, што ўсё роўна сярод гэтых людзей трэба весьці выбарчую кампанію традыцыйнымі мэтадамі, у асноўным шляхам сустрэч з выбаршчыкамі.

Зьнешнія спасылкі: • http://by.milinkevich.org/ – сайт А.Мілінкевіча • http://www.kozylin.com/ – сайт А.Казуліна У Сяргея Гайдукевіча, паводле нашых дадзеных, афіцыйнага пэрсанальнага сайту няма.
XS
SM
MD
LG