Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія актыўна цікавіцца выбарамі ў Беларусі


Радыё Свабода Эстонскія парлямэнтары хочуць прыехаць у Беларусь, каб назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі. Пра гэта яны заявілі на адкрытым паседжаньні парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах, якое адбылося 7 лютага зь ініцыятывы дэпутацкага аб''яднаньня “Ў абарону разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі”. Паседжаньне трансьлявалася ў інтэрнэце і выклікала вялікую цікавасьць у мясцовых і замежных журналістаў.

Паводле намесьніка старшыні камісіі ў міжнародных справах парлямэнту Эстоніі Марка Міхкальсона, абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі прыцягнула ўвагу дэпутатаў усіх фракцыяў, розных камісіяў. Прыкладам, свае адносіны да беларускага рэжыму сёньня выказалі былы кіраўнік ураду Юхан Партс, экс-міністар замежных справаў Крыстыйна Оюланд, дзейны старшыня падкамітэту па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэс Херкель, які дзеля гэтага прыляцеў сёньня ў Талін з Брусэлю, а таксама іншыя выступоўцы.

На паседжаньні была акцэнтаваная ўвага на тым, што Беларусь фактычна застаецца апошняй дыктатурай у Эўропе, што ў краіне прымаюцца незвычайныя для сучаснасьці драконаўскія законы, што незалежныя мэдыі працуюць у рэжыме надзвычайнага становішча.

Спадар Міхкальсон гаворыць, што многія ягоныя калегі даволі добра ведаюць пра стан Беларусі, рэгулярна сочаць за сытуацыяй у краіне. Асаблівую зацікаўленасьць беларускім пытаньнем эстонскі дэпутат тлумачыць так:

(Міхкальсон: ) "Як у прыярытэтах Эўразьвязу, так і ў прыярытэтах Эстоніі тое, што Беларусь павінна ісьці па шляху дэмакратызацыі і свабоды. Я лічу, што людзі ў Беларусі падрыхтаваныя да таго, каб быць свабоднымі, такімі ж свабоднымі, як, прыкладам, тыя людзі, што жывуць тут, у Эстоніі".

На паседжаньні выступіў Ян Чурыловіч – прадстаўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча. Як сьведчыць парлямэнтар Міхкальсон, яго найбольш распытвалі пра тое, што будуць рабіць беларускія дэмакраты пасьля выбараў:

(Міхкальсон: ) "Думка такая ў нас, што, на жаль, усё ідзе да таго, што гэтыя выбары ня будуць чэснымі і дэмакратычнымі. І таму самае галоўнае пытаньне, каб палітычныя сілы дэмакратычнага ладу былі актыўнымі і пасьля гэтых выбараў".

Падчас паседжаньня Марка Міхкальсон прапанаваў да пачатку выбараў у Беларусі прыняць адмысловую заяву парлямэнту Эстоніі ў падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі. На пытаньне, як аднесьліся да гэтай ініцыятывы ягоныя калегі, эстонскі дэпутат адказаў:

(Міхкальсон: ) "Гэтую прапанову будуць абмяркоўваць далей. І другое пытаньне ўзьнікла: многія эстонскія дэпутаты хочуць быць назіральнікамі на выбарах у сакавіку".
XS
SM
MD
LG