Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прызначаны Аляксандр Сурыкаў амбасадарам Расеі ў Беларусі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Зьвесткі пра прызначэньне былога губэрнатара Алтайскага краю Аляксандра Сурыкава амбасадарам Расеі ў Беларусі распаўсюдзіла 7 лютага расейская інфармацыйная агенцыя "Рэгнум". Паводле агенцыі, адпаведны ўказ падпісаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Аднак да канца дня афіцыйнага пацьверджаньня гэтым зьвесткам не зьявілася. У тым ліку не пацьвердзілі інфармацыю аб прызначэньні Аляксандра Сурыкава амбасадарам у прэсавай службе прэзыдэнта Расеі.

У міністэрстве замежных справаў Беларусі не камэнтуюць зьвесткі, паводле якіх расейскім паслом ў Беларусі нібыта прызначаны былы алтайскі губэрнатар. “Мы сыходзім з таго, што амбасадарам ён будзе лічыцца пасьля ўручэньня прэзыдэнту арыгіналаў даверчых лістоў”, – заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

Пры гэтым Андрэй Папоў зазначыў, што беларускі бок даў агрэман на прызначэньне Аляксандра Сурыкава амбасадарам у Беларусь.

Нагадаем, яшчэ летась ў ліпені зь Беларусі зьехаў былы расейскі амбасадар Аляксандр Блахін, а прызначаны на яго месца Дзьмітрый Аяцкаў у Менску гэтак і не зьявіўся. Агрэман яму адклікалі пасьля таго, як у інтэрвію расейскім журналістам былы саратаўскі губэрнатар Аяцкаў выказаў сваё меркаваньне адносна ролі Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьнях з Уладзімерам Пуціным.
XS
SM
MD
LG