Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная грамада" трансфармавалася ў аргкамітэт


Радыё Свабода У Баранавічах, дзе адбывае тэрмін абмежаваньня волі адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч, адбылося паседжаньне Выканаўчага бюро "Народнай грамады", партыі, якая летась існавала як незарэгістраваная. Ухваленае рашэньне аб рэарганізацыі партыйнай структуры.

Лідэр "Народнай грамады" Мікола Статкевіч кажа, што ён асабіста прыняў удзел у паседжаньні партыйнага органу, на якім прысутнічалі кіраўнікі рэгіянальных структур партыі, і кажа, што пры гэтым ён не парушыў дысцыпліну баранавіцкай “хіміі”, дзе адбывае пакараньне, бо прысьвяціў партыйным справам свой вольны час.

Праўда, спадар Статкевіч адмовіўся назваць месца, дзе праходзіла партыйная нарада, на якой былі ухваленыя важныя рашэньні.

Увесь мінулы год "Народная грамада" дзейнічала як незарэгістраваная партыя. У сувязі з прыняцьцем паправак да Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне да двух гадоў турмы за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі, Выканаўчае бюро ЦК “Народнай грамады” вырашыла пераўтварыць партыйную структуру ў аргкамітэты "Народнай грамады" на цэнтральным і мясцовых узроўнях.

Фактычна, партыя, якая ўзьнікла пасьля расколу ў шэрагах сацыял-дэмакратыі, перайшла ў доўгатрывалы рэжым стварэньня. Афіцыйная рэгістрацыя партыі зараз няшмат дае, кажа Мікола Статкевіч, тым больш, што партыйныя суполкі на месцах пасьля пераводу іх юрыдычных адрасоў у нежылы фонд мала дзе захаваліся, зьменшыліся і магчымасьці вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ад партыі. Такім чынам аргкамітэт "Народнай грамады" на чале зь Міколам Статкевічам зьбіраецца працаваць над стварэньнем партыі, пакуль у Беларусі не ўсталюецца дэмакратыя:

(Статкевіч: ) “Першая сэсія зьезду пройдзе, потым, мабыць, другая… Я думаю, што мы здолеем вярнуць легальны статус сабе праз два – максымум праз тры гады, – гэта, я думаю, той максымальны тэрмін, на працягу якога Беларусь будзе заставацца недэмакратычнай. А спадзяюся, можа яшчэ ў сакавіку гэтага году”.

Спадар Статкевіч кажа, што ў яго каля трох тысяч прыхільнікаў, што "Народная грамада" застаецца сябрам Аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі і Сацінтэрну. Каля 800 актывістаў "Народнай грамады" ўключыліся ў ініцыятыўную групу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і сабралі некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў, а неўзабаве зьбіраюцца далучыцца да агітацыйнай кампаніі, –заявіў спадар Статкевіч.

Апрача іншага ён выступіў з крытыкай прапановы іншых прадстаўнікоў апазыцыі зьбірацца пасьля выбараў ля выбарчых участкаў, паколькі ён мяркуе, што гэта распыліць сілы і дэмабілізуе актыўных прыхільнікаў перамен.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG