Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты супраць карыкатур перарастаюць у гандлёвую вайну


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У мусульманскіх краінах працягваюцца пратэсты ў зьвязку з публікацыяй у Эўропе карыкатур на прарока Мухамеда. Людзі выходзяць на стыхійныя дэманстрацыі, а ўлады арабскіх краінаў заклікаюць да байкоту дацкіх тавараў.

Сытуацыя становіцца вельмі драматычнай для многіх дацкіх фірмаў у вытворчасьці харчаваньня.

(Нільсэн: ) “Мы стваралі свой бізнэс на працягу сарака гадоў. І вось за пяць дзён ён цалкам спыніўся”.

Гэтак сказала нашаму радыё Астрыд Гэйд Нільсэн, прадстаўніца “Арла Фудс” (Arla Foods) – дацкай кампаніі ў вытворчасьці малочных прадуктаў, якая зьяўляецца адной з самых вялікіх у Эўропе.

“Арла Фудс” штогод прадае ў мусульманскім сьвеце прадуктаў на 500 мільёнаў даляраў, пераважна масла і сыр. Зусім нядаўна кампанія зрабіла там новыя ўкладаньні ў сваім бізнэсе, і вось цяпер яе вырабы не купляюць на Блізкім Усходзе.

Анна Вілемос, дырэктар камунікацый "Danish Crown", буйнога вытворцы мясных прадуктаў, які экспартуе кураціну на Блізкі Ўсход сказала нашаму радыё:

(Вілемос: ) "Галоўная праблема ў тым, як людзі розных культур па-рознаму рэагуюць на розныя рэчы. Гэта азначае, што наша кампанія павінна цяпер затрымаць дыханьне і чакаць на дыпляматычнае рашэньне канфлікту. Сытуацыя вельмі сур''ёзная."

У панядзелак Тэгеран абвясьціў, што спыняе ўсе гандлёвыя сувязі з Даніяй, чый экспарт ў Іран складае каля 280 мільёнаў даляраў у год.

Кіраўнікі шэрагу дацкіх кампаніяў акрэсьліваюць сытуацыю як гандлёвую вайну.

Так, прадстаўніца фірмы “Лего” (LEGO) Шарлота Сымансэн сказала Радыё Свабода, што прадукцыя яе кампаніі ўжо зьнятая з паліц крамаў у Катары, Кувэйце і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

(Сымансэн: ) “Натуральна, дацкія фірмы вельмі занепакоеныя байкотам. Але больш хвалюе зараз гвалт і чалавечыя ахвяры”.

Сёньня газэта “Файнэншл Таймс” паведаміла, што парлямэнт Бахрэйну заклікаў усе арабскія краіны байкатаваць Данію, а гандлёвая палата Катару заявіла, што ня будзе мець справаў з Даніяй і Нарвэгіяй.

Тым часам аналітыкі зьвяртаюць увагу, што ўрады некаторых арабскіх краінаў могуць заахвочваюць акцыі пратэсту, каб адцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці ад даўніх канфліктаў.

Вось жа і ЗША афіцыйна абвінавацілі сырыйскія ўлады ў тым, што тыя дапусьцілі напад на дацкую амбасаду ў Дамаску, каб адцягнуць міжнародную ўвагу ад Сырыі, якая ня хоча супрацоўнічаць з ААН у высьвятленьні яе ролі ў забойстве былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры.

Аналітыкі лічаць, што і Тэгеран можа скарыстацца скандалам вакол публікацыі карыкатур на прарока Мухамеда, каб зьменшыць увагу да сваёй спрэчнай ядзернай праграмы.

***

Прэм’ер-міністар Даніі Андэрс Расмусэн заявіў сёньня, што пратэсты мусульманаў з прычыны карыкатураў на прарока Мухамеда пагражаюць глабальным крызісам і заклікаў спыніць іх. На прэсавай канфэрэнцыі ў Капэнгагене Андэрс Расмусэн заклікаў ісламскія краіны дапамагчы ў разьвязцы крызісу і пачатку дыялёгу. На ягоную думку, пачуцьці шараговых мусульманаў скарыстоўваюць у сваіх мэтах ісламскія радыкалы.

Прэм''ер-міністар Даніі нагадаў, што ён ужо выбачыўся за публікацыю карыкатур, няглядзечы на тое, што ў іх краіне існуе свабода прэсы, і дацкі ўрад ня мае кантролю над незалежнымі СМІ.

Тым часам у мусульманскіх краінах па ўсім сьвеце працягваюцца бурныя пратэсты супраць публікацыі карыкатур, у якіх абражаецца прарок Мухамед. Іранскія студэнты закідалі сёньня камянямі будынак дацкай амбасады ў Тэгеране. Учора дэманстранты спрабавалі падпаліць аўстрыйскую амбасаду. Аўстрыя, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, заклікала урады 19 краінаў на Блізкім Усходзе гарантаваць бясьпеку эўрапейскіх прадстаўніцтваў.
XS
SM
MD
LG