Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыляцеў кіраўнік місіі Бюро АБСЭ


Радыё Свабода Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ адкрыла ў Менску сваю місію для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі. Яе ўзначаліў прадстаўнік Нямеччыны, амбасадар Герт-Гінрых Арэнс, які сёньня ўжо прыляцеў у Менск. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына камэнтуе прызначэньне спадара Арэнса.

(Ярмошына: ) “Я абсалютна ўпэўнена, што АБСЭ падбірае найбольш аўтарытэтных палітычных дзеячаў, якія маюць і досьвед правядзеньня выбараў, і маюць свой пункт гледжаньня, і дастаткова ўплывовыя. Таму я паважаю любы выбар АБСЭ і абсалютна ўпэўнена, што такая аўтарытэтная арганізацыя выбірае толькі аўтарытэтных кіраўнікоў місіі”.

Місія АБСЭ будзе складацца з дванаццаці эскпэртаў і аналітыкаў у справе выбараў і заканадаўства, якія будуць працаваць у Менску. Яшчэ 40 доўгатэрміновых назіральнікаў павінны прыехаць 14 лютага. Яны будуць разьмеркаваны па ўсіх абласьцях краіны.

Паводле Бюро дэмакратычных інстытутаў, місія ацэніць увесь выбарчы працэс адпаведна міжнародным стандартам і абавязацельствам АБСЭ, а таксама згодна зь беларускім заканадаўствам. Будзе надавацца ўвага самой выбарчай кампаніі, заканадаўству, сытуацыі ў мэдыях, працы выбаркамаў і органаў улады.

Бюро дэмакратычных інстытутаў плянуе таксама накіраваць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў напярэдадні 19 сакавіка. Яны будуць назіраць за працай выбарчых участкаў, галасаваньнем, падлікам бюлетэняў.

Нагадаем, пры канцы студзеня Менск наведала ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ. У выніковай справаздачы яна заўважыла, што “падрыхтоўка да выбараў праходзіць на фоне ўзмацненьня ціску на грамадзянскую супольнасьць, незалежныя мэдыі і апазыцыйныя палітычныя партыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG