Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды": беларускае кавальства


Сьвятлана Курс, Менск Кавальскае майстэрства ў Беларусі робіцца ўсё больш запатрабаваным –замоўнікамі зброі, хатніх упрыгожаньняў, каванай мэблі, брамаў і агароджаў выступаюць дзяржаўныя ўстановы, клюбы, прыватныя гаспадары. У Магілёве пачалі вучыць на кавалёў. Экспэрты сьцьвярджаюць, што беларускае мастацкае і ўжытковае кавальства мае міжнародныя пэрспэктывы.

(Дзіця: ) “Кую-кую ножку, Паеду ў дарожку. Дарожка крывенька, Кабылка сьляпенька. Зачапіліся за пень, Прастаялі цэлы дзень. Нашыя кавалі Лепшыя па ўсёй зямлі”.

Гэта дзіцячая папеўка пра каваля. Такіх папевак дзясяткі. Кавальства было самым паважаным і запатрабаваным рамяством у беларускай вёсцы. Дзяўчаты марылі выйсьці замуж за кавалёў. Гэтыя майстры лічыліся індывідуалістамі й заможнікамі. Таму ў ліку першых іх раскулачвалі і ссылалі ў часе калектывізацыі... Пазьней яны ўжо не змаглі ўвайсьці ў ранейшую сілу. Цяпер у бальшыні вёсак сваіх кавалёў няма.

(Вясковец: ) “Такіх кавалёў, як раней былі, цяпер няма. Раней ён мог любую дэталь зрабіць. У нас у Баянічах такі каваль быў, Антось. Балты рабілі, гайкі. Коні кавалі, замкі, ключы”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто працуе ў вёсцы?”

(Вясковец: ) “У некаторых вёсках ёсьць свае кавалі, а ў некаторых па сумяшчальніцтве працуюць. Дык у нас Міша робіць. Засаўкі куе, кручкі, клямкі”.

(Карэспандэнтка: ) “А коні каваць можа?”

(Вясковец: ) “Не. Ня можа. Яны так некаваныя і ходзяць. Гэта кепска ў галалёд. Ён пасьлізнуцца можа, разадрацца, упасьці. Сьлізка коням”.

Сапраўды, мала дзе ў вёсках засталіся кавалі: мала працы, тэхніка цяпер заводзкая. Каваль Пётар Смалікаў зь вёскі Дудзічы Пухавіцкага раёну – выключэньне: ён працуе ў сядзібе-музэі “Дудуткі”, абслугоўвае стайню з тузінам коней, куе падковы турыстам на шчасьце, а ў вольны час – шаблі для “беларускіх казакоў”, калекцыйную зброю й агароджы для заможных гаспадароў. Пятру – 25.

(Пётар: ) “Навучыўся я ў каваля, у дзеда. Цяпер зьявілася вучэльня ў Магілёве, дзе вучаць кавалёў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы слухаеце, як Пётр разьдзімае горн”.

(Пётар: ) “Вуглі ствараюць тэмпэратуру 2 тысячы градусаў. І жалеза разаграваецца да 1300 – 1400 градусаў – да белага напалу, як кажуць. Калі мэтал награваецца да белага напалу, ён робіцца мяккі, падатлівы, як плястылін. Любую прыгажосьць можна зрабіць. Я раблю вельмі шмат: зброю, шаблі, шашкі, падсьвечнікі, камінныя наборы, краты, агароджы, мэблю, крэслы, лаўкі, – усё. У нас у Беларусі гэта каціруецца. Усе хочуць дзіўнае нешта на дачы, катэджы. Эўра ўжо ўсім надакучыла. Я найбольш люблю каваць зброю. Але па-сапраўднаму мяне вабіць мастацкае кавальства”.

(Карэспандэнтка: ) “Паставіць агароджу вакол польскага дому каштуе 3 – 5 тысяч даляраў. У Беларусі цэны такога ж парадку?”

(Пётар: ) “Так. Ручная праца заўжды цэніцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ёсьць добрая прымаўка: каваль куе, каваліха пяе. Каваліха ў вас ужо ёсьць?”

(Пётар: ) “Не. Няма дзяўчыны прыстойнай”.

Кавальскае майстэрства з чыста ўжытковага робіцца мастацкім. Гэта думка гарадзенскага каваля з амаль 20-гадовым стажам Юрася Мацка. Спадар Мацко – кіраўнік майстэрні “Крыга”, аўтар крыжа на магіле Віктара Каліноўскага. У Менску ягоныя працы можна пабачыць у начным клюбе “Бронкс”. Урбаністычныя каваныя фігуры у вітрыне бутыка “Сахо” – таксама ягоная праца.

(Мацко: ) “Мастацкае кавальства ў Беларусі разьвіваецца. Гадоў 15 таму былі адзінкі – адзін аднаго чулі. А цяпер зьяўляюцца фірмы, людзі, майстэрні, якімі Беларусь можа ганарыцца. Заходняя школа традыцыі мае моцныя – Гішпанія й Нямеччына. Мы да іх набліжаемся па ўжытковым мастацтве. А вось мастацкае каваньне – я няшмат на Захадзе ведаю людзей, якія б на ўзроўні працавалі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як зьмяніўся попыт на ўжытковае мастацтва ў апошнія гады?”

(Мацко: ) “Попыт вельмі вялікі. Гэта і мода, і практычныя рэчы. Я б не сказаў, што ў нас файна ўсё, што ўсё адпавядае эстэтычным крытэрам і ўпісваецца ў інтэр''ер. Каваная скульптура выклікае цікавасьць, але не любы пакупнік можа сабе дазволіць альбо зразумець. Але трэба прывучаць пакупніка да гэтага”.

Гуляючы па Горадні, паўсюдна можна бачыць працы Юрася Мацка. Мэталічны дэкор старых вулак – агароджы, бальконы, брамкі, брылі, флюгеры – адноўлены майстрам пасьля дзесяцігодзьдзяў савецкай утылітарнасьці, надае Горадні выгляд старога эўрапейскага места. Якім яна й зьяўляецца. Мацко спалучае ўменьне дбаць пра чыстую красу і зарабляць грошы для сям''і.

(Мацко: ) “Як адзін мой сябра сказаў: кавалі заўжды пры ўсіх уладах маюць, бо заўжды яны патрэбныя. Так што нармальна жыву: і жонка пяе, і дзеткі шчабечуць”.

Каваль куе – жонка пяе. Аднак прымаўка хіба трохі састарэла: у Заслаўі працуе жанчына-каваль Марыся Касьцюковіч.

Вывучыцца на каваля можна, пайшоўшы да майстра ў вучні або паступіўшы на аддзяленьне мастацкай апрацоўкі мэталу ў Акадэмію мастацтваў. Праўда, набор ажыцьцяўляецца раз на пяць гадоў. У маленькай Эстоніі і той кавалёў набіраюць штогод. У БССР кавальства знаходзілася ў заняпадзе – традыцыі старых майстроў былі амаль страчаныя. Але й цяпер сытуацыя ня лепшая, рэзюмуе іншы майстар, славуты каваль і дызайнэр Алесь Міхалевіч.

(Міхалевіч: ) “У нас росквіт не кавальскага мастацтва, а камэрцыйнага, несапраўднага майстэрства. Хочацца грошай, і нешта робіцца з прамысловага, пракатнага мэталу. Ня тымі старымі спосабамі, а сучаснымі: нейкая зварка ці выпілоўваньне з заводзкай сталі. Тых, хто займаецца мастацтвам, сапраўды тры – чатыры чалавекі на Беларусь. Расказваюць вам байкі пра квітненьне мастацтва. Цяпер мастак галадуе, любы мастак”.

Некалькі гадоў таму майстры спрабавалі стварыць Саюз беларускіх кавалёў Гэта была любімая ідэя каваля Аляксандра Дубіны з Глыбокага. Аднак спадар Аляксандар рана пайшоў з жыцьця. І пры яго жыцьці глыбоцкія ўлады не змаглі знайсьці памяшканьня пад Цэнтар кавальскага мастацтва. Была спроба стварыць такі цэнтар у Менску – з майстэрнямі, з горнамі, з багатым варштатам, з майстар-клясамі й турыстычнай праграмай. Ідэя захрасла, бо няма мэцэнатаў і няма дзяржаўнай праграмы падтрымкі кавальства. Кавальскае майстэрства – дарагое. У Францыі яго падтрымліваў барон П''ер дэ Кубэртэн – той самы, які адрадзіў Алімпіяду. У Беларусі такога мэцэната няма.
XS
SM
MD
LG