Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Мажэйка: Мілінкевіч не баіцца людзей, бо сам выйшаў з народу


Радыё Свабода На пытаньне слухача “Свабоды” сёньня адказвае Павал Мажэйка — прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

(Спадар: ) “У мяне такое пытаньне. Вось Мілінкевіч катаецца па Эўропе, і ствараецца ўражаньне, што ён балятуецца на прэзыдэнта Эўразьвязу, а не Беларусі. Чаму ён не катаецца па Беларусі? Зьезьдзіў на тры-чатыры нейкіх базары недзе… Ён што — людзей баіцца?”

Адказвае Павал Мажэйка, прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча — кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

(Мажэйка: ) “Па-першае, пачынаючы зь лістапада Мілінкевіч разам са сваёй камандай наведаў каля дваццаці раёнаў Беларусі, заяжджаючы як у малыя мястэчкі, так і ў абласныя гарады. У пунктах праграмы заўсёды быў рынак, бо, на наш погляд, гандляры — адна з асноўных сілаў, якія прагнуць пераменаў у сёньняшняй дзяржаве. Стараліся сустракацца з самымі разнастайнымі коламі: і студэнтамі, і пэнсіянэрамі, і сялянамі. Таму не зусім будзе справядліва казаць, што Мілінкевіч мала езьдзіць па Беларусі і мала сустракаецца зь людзьмі. Мілінкевіч абсалютна не баіцца людзей, бо сам выйшаў з народу, можна нават так сказаць. Сёньня ў нас таксама плянуецца праграма паездак Мілінкевіча ў рэгіёны далей, ужо пасьля ягонай рэгістрацыі як кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Можа быць, заўчасна казаць пра нейкія дакладныя пункты гэтых візытаў і пункты праграмы, але запэўніваю слухачоў “Свабоды”, што гэта будзе нешта незвычайнае, цікавае і эмацыйнае”.
XS
SM
MD
LG