Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Сокал-Кутылоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

7 лютага 1892 году ў сям’і беларускага шляхціча Андрэя Сокала-Кутылоўскага зьявіўся на сьвет сын Антон. Пазьней ягоныя сябры жартавалі, што ў вокны тады яўна зазіраў Марс.

Праўда, напачатку Антон выбраў сабе прафэсію мірную – атрымаў дыплём геаграфічнага факультэту Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Але грымнула першая сусьветная вайна...

Казанская вайсковая вучэльня. Баі ў Галіцыі й Літве. Салдацкі георгіеўскі крыж. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году капітан Сокал-Кутылоўскі ваяваў супраць чырвоных у арміях Дзянікіна і Юдзеніча. Але ў душы гэтага суворага вайскоўца жыла мара не пра адзіную і непадзельную Расею, а пра незалежную Беларусь.

Улетку 1920-га ён вярнуўся на Бацькаўшчыну і неўзабаве апынуўся на змагарнай Случчыне – там, дзе найбольш патрэбныя былі ягоныя здольнасьці. Сокал-Кутылоўскі ўзначаліў збройныя сілы паўстанцаў – 1-ю Слуцкую брыгаду БНР.

У лістападзе-сьнежні брыгада вяла цяжкія штодзённыя баі супраць Чырвонай Арміі на фронце працягласьцю 60 км. Асабліва пасьпяхова случакі дзейнічалі на лініі Капыль – Цімкавічы – Вызна, дзе вёскі й мястэчкі па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі.

Пасьля Слуцкага збройнага чыну Антон быў высьвечаны на праваслаўнага сьвятара і служыў на Наваградчыне й Слонімшчыне. Падчас другой сусьветнай ён уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю, браў удзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе. Ужо ў эвакуацыі ў Нямеччыне Сокал-Кутылоўскі стаў на чале батальёну Беларускай краёвай абароны і празь дзесяць дзён перавёў яго на бок амэрыканцаў.

Агенты савецкай контравыведкі “СМЕРШ” затрымалі Антона ў лягеры для рэпатрыянтаў. Ён быў асуджаны на 25 гадоў і выйшаў на волю па амністыі толькі ў 1957-м. Жыцьцёвая дарога Сокала-Кутылоўскага завяршылася 7 сакавіка 1983 году ў польскім Шчэціне. Да канца сваіх дзён камандзір слуцкіх паўстанцаў адмаўляўся верыць, што ў тым самым “СМЕРШы” служыў ягоны сын.
XS
SM
MD
LG