Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзыдэнта – пра здароўе нацыі


Радыё Свабода Прэтэндэнт у кандыдаты Аляксандар Лукашэнка аб’явіў прынцып “здаровай нацыі” адным з прыярытэтных у так званай “новай пяцігодцы”. Лукашэнка асабіста будзе паказваць прыклад, як рэалізоўваць гэты прынцып непасрэдна на спартовых пляцоўках. Таксама спадар Лукашэнка заявіў, што будзе змагацца з п’янствам, “як з самым страшным злом”, а таксама з наркаманіяй. Але яшчэ адной праблемай для грамадзтва зьяўляецца рост абортаў у Беларусі.

Сяргей Гайдукевіч заявіў у адным з інтэрвію, што Беларусь мае патрэбу ў дзяржаўнай праграме дэмаграфічнай бясьпекі. Ён прапануе стымуляваць нараджальнасьць, падтрымліваць маладыя сем’і. Паводле спадара Гайдукевіча, дзяржава павінна клапаціцца аб этнічным характары краіны, дзеля чаго трэба стварыць умовы для перасяленьня ў Беларусь дзеяздольнага славянскага насельніцтва зь іншых дзяржаў былога Савецкага Саюзу.

Аляксандар Казулін лічыць, што здароўе нацыі – гэта аснова ўсяго. (Казулін: ) “Нацыя сёньня вымірае – кожны год 50 тысяч, гэта маленькі раённы цэнтар сьціраецца зь зямлі. І калі мы будзем ісьці такімі тэмпамі, то народу й нацыі ня будзе. Але толькі трэба ўсьведамляць, што лядовымі палацамі і вялікімі комплексамі мы здароўя нацыі не падымем. Больш за тое, мы можам яго загубіць такім шляхам”.

Спадар Казулін кажа: спорт ня стаў масавым, бо адсутнічаюць магчымасьці для заняткам ім у гарадзкіх мікрараёнах.

(Казулін: ) “Мы сёньня абсалютна ўсё перавярнулі дагары нагамі. Мы займаемся не здароўем, а ўзвышэньнем спорту вялікіх дасягненьняў, каб даказаць, што беларусы паважаныя ў сьвеце. А нам трэба, каб беларусы былі паважаныя ў сьвеце, калі мы будзем жыць да 80 гадоў, калі ў нас сярэдні ўзрост жыцьця будзе такім жа, як у японцаў”.

Яшчэ адна праблема, на якую зьвяртае ўвагу спадар Казулін, – п’янства – застаецца дагэтуль нявырашанай у дзяржаве.

(Казулін: ) “Спачатку Лукашэнка спаіў народ, а цяпер спрабуе вярнуць нешта назад. Яго знакамітая “чарка і скварка”. Гэта ж ягоны лёзунг быў. Потым давайце паглядзім на сьпіртное, якое ў нас самае таннае ў сьвеце. То бо ён сьвядома спойваў народ, каб народ нападпітку ня думаў аб праблемах, якія існуюць. І, вядома, цяпер трэба выводзіць народ з гэтага дурману. Але выводзіць не рэпрэсіўнымі мэтадамі”.

Паводле сябра штабу спадара Казуліна Ўладзімера Нісьцюка, праваслаўная царква заўсёды змагалася з абортамі. Але гэтая праблема таксама застаецца ў Беларусі нявырашанай.

(Нісьцюк: ) “Трэба абвясьціць дзяржаўную праграму дэмаграфічную, якая ўлічвала б гэты фактар як адзін з самых важных. І стварала ўмовы, каб людзі былі зацікаўленыя нараджаць дзяцей, а не зацікаўленыя рабіць аборты”.

Аляксандар Мілінкевіч зважае на статыстыку: у Беларусі велізарныя праблемы ў здароўі, і асабліва ў маладога пакаленьня.

(Мілінкевіч: ) “Праблемы ёсьць і ў іншых людзей, бо яны ня могуць атрымаць прыстойных лекаў, бо дактарам забаронена іх выпісваць. Таму што ёсьць зьніжкі на гэтыя лекі, а дзяржава ня можа іх забясьпечыць. Перш за ўсё мэдыцына павінна разьвівацца рознымі шляхамі. Трэба абавязкова захаваць дзяржаўную мэдыцыну як гарантыю сацыяльнай падтрымкі людзей. Але адначасова трэба разьвіваць прыватную мэдыцыну і страхавую. І сёньня, калі казаць, што мэдыцына бясплатная, – гэта няпраўда, і гэта ўсе ведаюць”.

Параўнальна зь іншымі эўрапейскімі краінамі, паводле спадара Мілінкевіча, дэмаграфічная праблема ў Беларусі мае свае асаблівасьці.

(Мілінкевіч: ) “У нашых умовах, каб дзяцей нараджалася больш, чым памірала старэйшых людзей, трэба перш за ўсё дапамагчы маладым сем’ям. Проста дзеці не нараджаюцца зь вядомых прычынаў. Вельмі цяжка бацькам іх вывесьці ў сьвет. А старэйшае пакаленьне памірае ад таго, што цяжкія ўмовы жыцьця, п’янства страшэннае. Мужчыны паміраюць, не дажываючы да пэнсійнага ўзросту. Гэтым трэба займацца, але гэтае пытаньне больш эканамічнае, чым чыста мэдычнае”.

Спадар Мілінкевіч кажа, што ведае, як вырашыць праблему алькагалізму і п’янства ў краіне.

(Мілінкевіч: ) “У суседняй Польшчы адразу рэзка скараціўся алькагалізм, як толькі стала свабодная эканоміка. Калі ў чалавека ёсьць магчымасьць прыстойна зарабіць і чалавек бачыць пэрспэктывы, ён значна меней п’е. П‘юць ад безвыходнасьці, калі ў нас самыя цяжкія ўмовы жыцьця на вёсцы – там і п’юць больш. Нават жанчыны пачынаюць сьпівацца. Гэта сумна. Але дзяржава павінна займацца эканомікай, даць ёй волю, а не камандамі распараджацца, каму што рабіць”.

Сябра штабу спадара Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “У Беларусі галоўнае цяпер – гэта вера ў тое, што заўтра можа быць лепш, і калі такая вера будзе, то ня будзе так стаяць праблема абортаў. Таму на гэта трэба зьвярнуць увагу найперш. Таму што забаронамі нічога не дасягнеш. Трэба, каб людзі адчувалі, што ўсё будзе мяняцца да лепшага. І тады гэтыя праблемы перастануць існаваць так востра, як цяпер. Тое, што цяпер пануе пачуцьцё безнадзейнасьці, безвыходнасьці, прыводзіць і да п’янства, і да абортаў, і да таго, што людзі ня хочуць нават заводзіць сем’і. І вось гэта істотным чынам уплывае на дэмаграфію”.
XS
SM
MD
LG