Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Падаткі – аснова багацьця краіны"


Радыё Свабода Яшчэ напачатку сёлетняга году падатковыя органы Беларусі дэкляравалі сваю працу па прынцыпе так званага “аднаго акна”. Грамадзянам абяцалі, што можна безь бюракратызму і валакіты здаваць фінансавыя дэклярацыі. Аднак рэаліі сьведчаць пра адваротнае.

Вуліца Аранская, 9. У трохпавярховым будынку па гэтым адрасе месьціцца падатковая інспэкцыя Ленінскага раёну сталіцы. Запытваю людзей, ці шмат часу патрацілі яны сёньня на дэкляраваньне прыбыткаў?

(Першы спадар: ) “Я пакуль ня моцна рашаю тут свае праблемы”.

(Другі спадар: ) “У канцы месяцу, калі людзі спахопяцца, вось тады тут будзе чарга! Выстраяцца ў тры шарэнгі!”

(Трэці спадар: ) “На мой погляд, тут чэргі ствараюцца штучна. Каб патрапіць на прыём да інспэктара, трэба спачатку купіць блянк і адстаяць у адной чарзе. Затым вярнуцца ізноў. Няма дзе прысесьці. Калідоры вузкія. Людзей шмат. Вось я, напрыклад, прыйшоў сёньня раніцай, а выходжу ў тры гадзіны дня”.

Пра тое, што ў падатковых інспэкцыях вельмі складаная сытуацыя, сьведчыць і спадарыня Вольга з Заводзкага раёну сталіцы.

(Вольга: ) “Ніякага “аднаго акна”! Я атрымала 52 тысячы беларускіх рублёў з Масквы. Каб не прачытала ў “Камсамолцы” за 26-га студзеня, што трэба плаціць падаткі, то й ня ведала б. Трэба заплаціць за тое, што мне прыслалі на пахаваньне маленькую дапамогу. Паехала заплаціць падатак. Кансультант адсылае ў 108-ы кабінэт. У 108-м кабінэце адпраўляюць купіць заяву на дэклярацыю. За адзін дзень немагчыма аформіць”.

Пра пачутыя скаргі паведамляю дарадцу міністра па падатках і зборах Аляксандру Жыгулічу.

(Жыгуліч: ) “Ну, прынцып “аднаго акна”пачаў дзейнічаць толькі напачатку гэтага году. Так, мажліва, узьнікаюць праблемы. Але нельга гаварыць, што мы пра гэта ня ведаем”.

У далейшай гутарцы чыноўнік мусіў прызнаць хібы. Маўляў, працу ўскладнілі дадатковыя зборы падаткаў з грашовых пераводаў з-за мяжы. Чэргі павялічваюць і людзі, якія прадаюць свае чэкі “Жыльлё”, але мусяць плаціць за тое падаткі. Камэнтуе сытуацыю былы міністар працы Аляксандр Сасноў.

(Сасноў: ) “ Тут прычынаў шмат. Па-першае, улады недапрацавалі. Я б, напрыклад, павялічыў норму, паводле якой ня трэба хадзіць у падатковую. А яшчэ, ведаеце, сёньня бачыў у падатковай такі плякат: “Падаткі – аснова багацьця краіны”. Разумееце?”

Сёньня ў Беларусі амаль 30 агульнадзяржаўных і мясцовых падаткаў. Падатковая нагрузка на эканоміку дасягае амаль 50 працэнтаў. Паводле экспэртаў, узровень падатковага ўціску ў Беларусі сярод найвялікшых ў Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG