Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Чаму Расея ў асобе міністра Іванова заяўляе адносна Беларусі тое, чаго не казала адносна падзеяў у Грузіі, ва Ўкраіне і ў Кіргізстане?"


Юры Дракахруст, Прага “Мы адмоўна ставімся да магчымасьці ўзьнікненьня беспарадкаў пасьля выбараў у Беларусі і лічым неабходным зрабіць усё, каб іх не было” – такую заяву зрабіў учора, 5 лютага, падчас міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы першы віцэ-прэм''ер расейскага ўраду, міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў.

Чаму Расея ў асобе міністра Іванова заяўляе адносна Беларусі тое, чаго не казала адносна падзеяў у Грузіі, ва Ўкраіне і ў Кіргізстане?

Наколькі падобныя заявы стасуюцца са словамі Аляксандра Лукашэнкі – “тое, што мяне Крэмль падтрымлівае – гэта поўны абсурд”?

Што Расея можа і зьбіраецца зрабіць у выпадку масавых выступаў у Беларусі?

На гэтыя пытаньні ў “Экспэртызе Свабоды” адказваюць рэдактар аналітычнага бюлетэня кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі.

(Дракахруст: ) "Мы лічым неабходным зрабіць усё, каб беспарадкаў пасьля выбараў у Беларусі не было” – і напярэдадні і падчас “каляровых рэвалюцыяў” у краінах былога СССР раней такія словы з вуснаў расейскіх урадоўцаў не гучалі.

Паказальна таксама, што Расея ў асобе Сяргея Іванова выказала гатоўнасьць змагацца зь беспарадкамі ў Беларусі, калі нават афіцыйная Беларусь яе пра гэта не прасіла, па меншай меры публічна.

Чаму такія заявы прагучалі і што яны азначаюць?".

(Радзіхоўскі: ) "Я думаю, што адна з прычынаў такой заявы менавіта ў тым, што Лукашэнка ня надта просіць. А менавіта спроба ў такой, з майго гледзішча, нетактоўнай, недарэчнай і дурнаватай форме нагадаць Лукашэнку, што ў яго ёсьць пэўныя абавязкі, што ў яго ёсьць "старэйшы брат", што гэты "старэйшы брат" – ягоны заступнік, хоча Лукашэнка таго ці ня хоча, просіць ён аб тым ці ня просіць. Словам, даць яму адчуць, даць усёй Беларусі адчуць, хто ў доме гаспадар.

Калі гэта так – то гэта гранічная бязглузьдзіца, якая будзе толькі раздражняць беларусаў, раздражняць Лукашэнку, тым больш што рэальна за гэтай заявай нічога не стаіць, зразумела. Што Іваноў – танкавыя дывізіі ў Беларусь увядзе? Трызьненьне проста".

(Дракахруст: ) "Спадар Класкоўскі, а на Ваш погляд у чым прычына зьяўленьня такой заявы, прычым заявы, якая прагучала з вуснаў ня толькі віцэ-прэм''ера расейскага ўраду, але і міністра абароны Расеі.

Наколькі я памятаю, такіх заяваў не было ані ў сувязі з украінскімі, ані ў сувязі з грузінскімі, ані ў сувязі з кіргіскімі падзеямі. А вось наконт Беларусі гаворыцца менавіта так".

(Класкоўскі: ) "Тут асаблівая сытуацыя. У Кіргізстане ўсё ўвогуле было спантанна і нечакана. Калі казаць пра Ўкраіну, дык там, мне здаецца, пазыцыі бакоў былі апрыёры вядомыя і ніхто не апэляваў да Крамля, да Пуціна, які сам у якасьці агітатара за Віктара Януковіча неаднойчы прыяжджаў у Кіеў. Там ніхто не апэляваў да Крамля з заклікам – дапамажыце дэмакратызацыі Ўкраіны. А калі казаць пра Беларусь, то тут пастаянна гучаць такія рытарычныя звароты да Масквы.

Я думаю, што гэта такі наўпроставы адказ – не чакайце і не спадзявайцеся, ніякіх ілюзіяў хай ня будзе, мы апрыёры падтрымліваем вось гэты, патрэбны нам рэжым гэтага нашага саюзьніка.

Гэта робіцца, акрамя ўсяго іншага і дзеля дэмаралізацыі беларускай апазыцыі, а таксама тых, хто яе падтрымлівае. Можна было б казаць, што гэта своеасаблівая форма маральнай падтрымкі дзейнай улады на Беларусі, але я ня стаў бы гэта сьцьвярджаць нагэтулькі адназначна, бо гэта можа быць і "мядзьведзінай паслугай" беларускаму лідэру.

Я згодны са спадаром Радзіхоўскім, які падкрэсьліў, што Масква гэтай рэплікай Іванова дала зразумець, што яны глядзяць на Лукашэнку, як на свайго васала, і на Беларусь – як на сатэлітную дзяржаву. І тут яшчэ вялікае пытаньне – ці згодны з гэтым беларускі афіцыйны лідэр".

(Дракахруст: ) "Спадар Класкоўскі, у нядаўнім інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі кіраўнікам трох беларускіх тэлеканалаў ён заявіў: "Тое, што Крэмль падтрымлівае мяне – гэта поўны абсурд". Здаецца, пасьля ўчорашняй заявы Сяргея Іванова гэта не выглядае такім ужо абсурдным".

(Класкоўскі: ) "Па-першае, я тут бы згадаў адказ Пуціна (гэта ўсё ж большы маскоўскі начальнік) на пытаньне пра Беларусь, якое яму задала на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі карэспандэнтка агенцтва "Франс Прэс". Ягоныя словы гучалі, я б сказаў, двухсэнсоўна, маўляў, мы не падтрымліваем Лукашэнку, мы хочам сябраваць зь беларускім народам. Гэта паказвае, што стасункі паміж Крамлём і афіцыйным Менскам не такія ўжо простыя. Іншая рэч, што зараз надыходзяць "крытычныя дні" – выбары, і Масква. безумоўна, зацікаўленая, каб гэтая ўлада засталася.

Іншая рэч, што потым могуць быць прад''яўленыя пэўныя рахункі і заява Сяргея Іванова – цалкам ў рэчышчы такой пэрспэктывы. Потым Масква можа прыгадаць Лукашэнку, што яна яго ўсяляк падтрымлівала. Наколькі гэтая падтрымка была рэальнай і патрэбнай – гэта іншае пытаньне. Але зараз, маўляў, давайце разьлічвацца па гэтых рахункаў".

(Дракахруст: ) "Спадар Радзіхоўскі, а што ўсё ж Расея можа рэальна зрабіць, каб рэалізаваць абяцаньне Сяргея Іванова “зрабіць усё, каб прадухіліць беспарадкі ў Беларусі”?"

(Радзіхоўскі: ) "Па-першае, я ня ведаю, пра якія беспарадкі ідзе гаворка. Я ведаю, што ў Беларусі будуць выбары і на іх пры самым дэмакратычным падліку галасоў пераможа Лукашэнка – у мяне ў гэтым няма абсалютна ніякіх сумневаў. Ён можа перамагчы зь лікам 9:1, а можа з лікам 6:5 – гэта іншае пытаньне.

Другое, калі там будуць нейкія беспарадкі, то мне здаецца, што спадар Лукашэнка зь яго КДБ і войскам больш чым здольны здушыць любыя беспарадкі.

Трэцяе, наколькі я разумею, Расея ніколі ня будзе ўводзіць сваіх войскаў па любой просьбе Лукашэнкі, хоць бы ён на каленях маліў.

Уводзіць войскі ў эўрапейскую дзяржаву, каб падтрымаць чалавека з такой дзікай у Эўропе рэпутацыяй – гэта парваць адносіны з усёй Эўропай. І гэта напярэдадні саміту "васьмёркі".

Калі Пуцін мае цьвярозы розум, ён на гэта ніколі ня пойдзе. А Пуцін ужо пэўна мае цьвярозы розум.

Таму ні пра якую фізычную паліцэйскую дапамогу ня можа быць і гаворкі. Я не кажу пра вайсковую – гэта наагул трызьненьне, але нават пра паліцэйскую і мовы быць ня можа.

Да яна і непатрэбная спадару Лукашэнку пры такіх КДБ і войску. Размова можа ісьці пра іншае – дыпляматычная падтрымка, псыхалягічная падтрымка, палітычная падтрымка. Калі Лукашэнка будзе дзейнічаць жорсткімі мэтадамі, то апраўданьне яго перад Эўропай – гэта калі ласка. Падтрымка языком – колькі заўгодна. Падтрымка кулакамі – ніколі".

(Дракахруст: ) "Спадар Радзіхоўскі лічыць, што і ў страшным сьне немагчыма ўявіць сабе, каб Масква ўжыла нейкія сілавыя інструмэнты, каб прадухіліць тыя беспарадкі, пра якія казаў Іваноў. А як лічыце Вы?"

(Класкоўскі: ) "Я думаю, што гэта – чыстая рыторыка, гэткая баявая стойка. Было вар''яцтвам уводзіць сюды танкі, дэсантнікаў.

Па-першае, у беларускай улады ёсьць свой моцны сілавы кулак. Па-другое, калі казаць пра гіпатэтычныя масавыя вулічныя выступы, яны нэўтралізуюцца іншымі сіламі і сродкамі. Таму ні зь якога пункту гледжаньня няма, па-першае, патрэбы ў такой падтрымцы. Па-другое, гэта сапраўды было вялізнай плямай на міжнароднай рэпутацыі Расеі, якая і бяз гэтага далёка не бліскучая.

Гэта Пуціну, як кажуць, сто гадоў не патрэбна.

Іншая рэч, што ў гэтай фразе можа быць намёк на тое, што калі – уявім сабе такую сытуацыю – жорстка здушваюцца вулічныя выступы пасьля 19 сакавіка, у гэтым выпадку Масква можа, кажучы па-вайсковаму, прыкрыць беларускага саюзьніка, прыкладна гэтак, як гэта было ў выпадку з Ісламам Карымавым пасьля вядомых падзеяў у Андыжане".

(Дракахруст: ) "Спадар Радзіхоўскі, заява, пра якую мы гаворым, прагучала з вуснаў усё ж Сяргея Іванова, а не Ўладзімера Пуціна. Ці няма тут такой гульні ў “добрага і злога сьледчага”– “злы” Іваноў бразгае зброяй, “добры” Пуцін зброю пакідае ў спакоі і робіць добрае ўражаньне на Эўропу?"

(Радзіхоўскі: ) "Безумоўна, гэтая заява зробленая зь ведама Пуціна. Іваноў не вар''ят, каб такія рэчы казаць ад сябе. Я мяркую, Пуцін пры нагодзе 10 разоў паўторыць, што Лукашэнка наш саюзьнік, у крыўды мы яго не дамо, мы катэгарычна асуджаем любыя беспарадкі. Але абсалютна ўпэўнены, што Пуцін гэтак жа паўторыць, што ні пра якія сілавыя акцыі на тэрыторыі Беларусі мовы быць ня можа. Нават дапамога спэцназам, сіламі ФСБ, ГРУ – ніколі ў жыцьці Расея на гэта ня пойдзе і, мяркую, што Пуцін гэта пацьвердзіць. Пасылаць у чужую дзяржаву, хаця б і саюзную, хаця б фармальна і нейкае адзінае – гэта немагчыма. На тэрыторыі Эўропы арудаваць расейскім спэцназам напярэдадні саміту "васьмёркі". Ну што Пуцін – хворы?"

(Дракахруст: ) "Спадар Радзіхоўскі, гэтая заява міністра Іванова, рэзкія адказы на яе, якія прагучалі ад амэрыканскіх прадстаўнікоў на канфэрэнцыі ў Мюнхене – ці ня сьведчыць гэта пра тое, што выбары ў Беларусі ператвараюцца ў спаборніцтва паміж Расеяй і Захадам?"

(Радзіхоўскі: ) "У пэўным сэнсе так. Але гэта ўсё вельмі ўмоўна. Лукашэнка – не прарасейскі прэзыдэнт і не прарасейскі кандыдат. Пляваў ён 40 разоў на Расею. У яго свой асабісты інтарэс.

Я ня ведаю, у якой ступені гэты інтарэс супадае з агульнадзяржаўнымі інтарэсамі Беларусі – гэта пытаньне складанае і спрэчнае, але тое што Лукашэнка цікавіцца сабой, сваёй уладай, сваёй краінай і зусім не Расеяй – гэта 100%.

Таму тут хутчэй супрацьстаяньне праз галаву Лукашэнкі, праз галаву Беларусі: Ах, Вы супраць Лукашэнкі – тады мы за. І наадварот, вы за Лукашэнку – тады мы супраць. Уласна інтарэсы беларускай дзяржавы, беларускага народу, асабіста Лукашэнкі нікога не цікавяць. Гэта Расея з Эўропай гуляюць у пінг-понг праз галаву Лукашэнкі.

А Лукашэнка, як разумны і ўладалюбівы палітык, выкарыстоўвае гэтыя расейскія комплексы. Але менш за ўсё ён цікавіцца тым, што выгадна і што нявыгадна Расеі.

Я ня лезу ў беларускія справы і не бяруся судзіць, аптымальна Лукашэнка разумее інтарэсы сваёй краіны і свайго народу ці не – гэта не мае пытаньні, а беларускага народу, які выкажацца так ці інакш на гэтых выбарах.

У сваю чаргу і Расея клапоціцца не аб інтарэсах Беларусі і не аб інтарэсах Лукашэнкі, а аб тым, каб паказаць Эўропе – а мы супраць, а мы незалежныя, а мы здольныя супрацьстаяць Эўропе".

Гл. таксама • Сяргей Іваноў: Масква будзе адмоўна рэагаваць у выпадку грамадзкіх непарадкаў у Беларусі • Як беларускія палітыкі камэнтуюць заявы віцэ-прэм’ера Расеі С.Іванова?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG