Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі Казулін і Мілінкевіч у Маскве?


Радыё Свабода Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч 6 лютага ўдзельнічалі ў круглым стале, які прайшоў у сталіцы Расейскай Фэдэрацыі з удзелам беларускіх і расейскіх палітыкаў. Абодва палітыкі запэўнілі: у выпадку сваёй перамогі яны ня будуць разрываць дачыненьняў з Расейскай Фэдэрацыяй. І Мілінкевіч, і Казулін казалі, што ніякага пераходу "пад крыло" Захаду, як гэта цьвердзіць афіцыйная беларуская прапаганда, ня будзе.

Аляксандар Мілінкевіч казаў пра тое, што нават геаграфічнае становішча Беларусі прымушае яе да падтрыманьня шчыльных кантактаў як з Эўропай, так і з Расеяй.

Аляксандар Казулін акцэнтаваў увагу на тым, што толькі ён, калі стане прэзыдэнтам, можа стаць надзейным і прадказальным партнэрам для расейскага кіраўніцтва.

Удзельнік сёньняшняга паседжаньня Сяргей Калякін задаволены, што дэмакратычная беларуская супольнасьць змагла данесьці свае погляды на сутнасьць беларуска-расейскіх дачыненьняў:

(Калякін: ) "Наш галоўны пасыл быў такі – са зьмяненьнем палітычнай сытуацыі ў Беларусі і прыходам да ўлады новага прэзыдэнта Расея ня толькі не згубіць свае інтарэсы, а наадварот, яны стануць больш празрыстымі, эфэктыўнымі і прадказальнымі".

(Карэспандэнт: ) "Так казалі і Мілінкевіч, і Казулін?"

(Калякін: ) "Так, абодва кандыдаты падкрэсьлівалі, што цяперашні беларускі рэжым не забясьпечвае інтарэсы Расеі ні цяпер, ні ў бліжэйшай пэрспэктыве, ні, тым больш, у дальняй пэрспэктыве".

Анатоль Лябедзька, які сёньня таксама выступаў на круглым стале, лічыць: нельга аддаваць расейскі вэктар толькі Аляксандру Лукашэнку:

(Лябедзька: ) "На расейскім палітычным рынку трэба працаваць незалежна ад таго, якое тут палітычнае надвор''е. Гэты прынцыпова. Натуральна, што ў Брусэлі працаваць больш камфортна, але ў Маскве працаваць неабходна і важна. Сёньня тут сытуацыя такая, а заўтра можа быць іншай. Трэба стукаць ва ўсе дзьверы".

Зь ім пагаджаецца Сяргей Маркаў, старшыня Нацыянальнай грамадзянскай рады ў міжнародных справах:

(Маркаў: ) “Я лічу, што, канечне, палітыкі павінны кантактаваць адзін з адным. Яны павінны акрэсьліць сваю пазыцыю зь першых вуснаў, яны павінны весьці дыялёг, імкнуцца зразумець, у чым розьніца, а ў чым падабенства іх пазыцыяў. Гэта – іх праца".

Арганізатары паседжаньня запрасілі з боку Аляксандра Казуліна толькі яго самога. А вось з боку Аляксандра Мілінкевіча – усіх тых, хто суправаджаў яго ў нядаўніх паездках у Брусэль і Бэрлін. Зьвязацца па тэлефоне са спадаром Казуліным, на жаль, было немагчыма – ягоны апарат сёньня чамусьці не працаваў.

Галоўны арганізатар круглага стала маскоўскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Андрэй Макагон задаволены вынікамі паседжаньня, паколькі, на ягоную думку, галоўная задача дасягнутая. Сутнасьць яе спадар Макагон фармулюе так:

(Макагон: ) "Данесьці мэсыдж да расейскага кіраўніцтва, да расейскай эліты пра тое, што ў Беларусі ёсьць альтэрнатыва Лукашэнку. І гэта альтэрнатыва ня ёсьць антырасейскай".

Гл. таксама • Казулін і Мілінкевіч пабывалі ў Маскве
XS
SM
MD
LG