Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Беларусь купляе зьнішчальнікі Су-30 у Індыі?


Радыё Свабода Тры замежныя выданьні – францускі ваенны часопіс “Air et Cosmos”, індыйская газэта “Calcutta Telegraph” і расейская англамоўная “The Moscow Times” зьмясьцілі інфармацыю, што Беларусь зьбіраецца набыць у Індыі 18 расейскіх рэактыўных зьнішчальнікаў Су-30.

Гэтую ваенную тэхніку, зробленую на флягмане расейскага авіябудаўніцтва “Іркут”, Індыя набыла ў Расеі напрыканцы 1990-х, аднак, паколькі машыны нельга пераабсталяваць пад індыйскія стандарты, Расея плянуе экспартаваць у Індыю новыя самалёты, а старыя – прадаць Беларусі.

Зьдзелка, паводле экспэртаў расейскага Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналёгій, абыдзецца Менску прыкладна ў 300 мільёнаў даляраў. Як лічаць экспэрты, падобны крок выкліканы ўступленьнем Польшчы ў НАТО і набыцьцём 48 амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16.

Радыё Свабода паспрабавала спраўдзіць гэтую інфармацыю непасрэдна ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Кіраўнік прэсавай службы Вячаслаў Раменьчык заявіў наступнае:

(Раменьчык: ) “На жаль, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Не плянуецца ў нас бліжэйшым часам закупак Су-30 ў Індыі. Тыя самалёты, якія мы цяпер маем (Су-27, Міг-29) і якія мы мадэрнізуем на айчынных прадпрыемствах, цалкам забясьпечваюць ахову нашых паветраных межаў. З улікам мадэрнізацыі гэта ёсьць мацнейшыя зьнішчальнікі, якія, паводле многіх характарыстык, пераўзыходзяць амэрыканскія самалёты. Тыя машыны, якія мы маем, Беларусь цалкам задавальняюць”.

Мы затэлефанавалі таксама ў Маскву, у расейскі Цэнтар аналізу стратэгій і тэхналёгій, які займаецца пытаньнямі незалежнай ваеннай экспэртызы на постсавецкай прасторы.

Паводле дырэктара Цэнтру, Руслана Пухава, падобная зьдзелка цалкам магчымая:

(Пухаў: ) “Ёсьць уцечка інфармацыі, якая, паводле шэрагу ўскосных прыкметаў, адпавядае рэчаіснасьці. Па-першае, ніхто ў Расеі гэтага не абвяргае, а, па-другое, самалёты, якія не падыходзяць Індыі, трэба кудысьці ўладкаваць”.

Магчымую зьдзелку маскоўскія ваенныя экспэрты, сапраўды, ацэньваюць ў 300 мільёнаў даляраў. Аднак пры гэтым спадар Пухаў зазначае:

(Пухаў: ) "У мяне ёсьць меркаваньне, што наўрад ці Лукашэнка будзе плаціць за гэта наяўнымі грашыма. Хутчэй за ўсё будзе выдадзены нейкі расейскі крэдыт, а сама Расея “жывых” грошай ня ўбачыць. Кампанія “Іркут” атрымае грошы з паніжаным каэфiцыентам зь дзяржбюджэту. Ня думаю, што ўсё будзе аплачана “жывым кэшам”".

Ваенны экспэрт Руслан Пухаў і ягоныя калегі перакананыя, што беларускі прэзыдэнт “пры мізэрнай колькасьці рэсурсаў” праводзіць у некалькі разоў больш эфэктыўную ваенную палітыку за Расею” – краіну, якая “фактычна купаецца ў грошах, аднак ня мае добрай мадэрнізаванай тэхнікі”.

Паводле кіраўніка маскоўскага Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналёгій спадара Пухава, “цяпер беларускае войска на адзінку вайскоўца ёсьць самым лепшым на ўсёй постсавецкай прасторы”.
XS
SM
MD
LG