Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На ўвесь Наваполацак за Лукашэнку – тры несапраўдныя подпісы


Радыё Свабода Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі сёньня завяршылі праверку на сапраўднасьць подпісаў грамадзянаў у падтрымку прэтэндэнтаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Заканадаўства адводзіць гэтым камісіям 10 дзён на праверку подпісаў, які завяршаецца сёньня, 6 лютага.

Паводле Цэнтарвыбаркаму, тэрытарыяльныя камісіі мусілі цягам 10 дзён праверыць ня меней як 20% подпісаў, што паступілі ад кожнай ініцыятыўнай групы.

У Наваполацку, як паведаміў сябра тутэйшай камісіі Мікалай Сапега, гэтую працу завяршылі своечасова. Тут, паводле спадара Сапегі, правяраліся на сапраўднасьць подпісы грамадзянаў, што выказаліся ў падтрымку Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Лукашэнкі:

(Сапега: ) “За Казуліна было ўсяго подпісаў 3523. Правяралася 705. Несапраўдных подпісаў 21. Выніковая колькасьць – 3502. За Мілінкевіча было ўсяго 2106 подпісаў. Правяралася 422 подпісы. Зь іх несапраўдных 14. Выніковая колькасьць – 2092”.

Што тычыцца подпісаў за Лукашэнку, то ў Наваполацку за яго, паводле спадара Сапегі, тут падпісалася звыш 20 тысяч чалавек, правяралася больш як 4 тысячы подпісаў і зь іх несапраўдных было толькі 3.

Скончылі працу па праверцы подпісаў і на Гарадзеншчыне. У прыватнасьці, Ашмянская раённая камісія. Гаворыць сябра гэтай камісіі Валер Дэмскі:

(Дэмскі: ) “Так, як і прадугледжвае кодэкс, завяршылася. Нейкія пагрэшнасьці ёсьць. Яны ёсьць ва ўсіх прэтэндэнтаў, подпісы за якіх зьбіраліся ў нашым раёне”.

(Карэспандэнт: ) “І якія вынікі праверкі? Ці шмат несапраўдных подпісаў?”

(Дэмскі: ) “Пра вынікі я не магу казаць”.

Адмовіліся паведаміць падрабязнасьці праверкі і ў Вілейцы, хоць, паводле сакратара раённай выбарчай камісіі Алены Сяляўкі, праца ў справе выяўленьня несапраўдных подпісаў тут таксама скончылася:

(Сяляўка: ) “Парушэньні ёсьць – у падпісных лістах за Мілінкевіча. Ёсьць подпісы несапраўдныя. Ёсьць подпісы алоўкам – такія парушэньні. Ёсьць парушэньні, калі паселішча не ўказанае альбо адрас – гэткага пляну”.

Прадстаўнікі ініцыятыўных групаў выключаюць, што тэрытарыяльныя камісіі прызнаюць несапраўднымі шмат подпісаў.

Меркаваньне кіраўніка перадвыбарчага штабу Мілінкевіча па Берасьцейскай вобласьці Юрася Губарэвіча:

(Гуапрэвіч: ) “Ёсьць неафіцыйныя вынікі. Па некаторых раёнах кіраўнікі нашых штабоў мелі працоўныя кантакты з камісіямі і камісіі пацьвярджалі, што вялікіх прэтэнзій яны да сабраных подпісаў ня маюць. Я раблю выснову, што, хутчэй за ўсё, быў дадзены загад не рабіць лішнія прыдзіркі.

Па-першае, мы і самі правяралі. Я на 100% упэўнены, што мы здалі якасныя подпісы і, зыходзячы з гэтага, лічу, прынамсі ў Берасьцейскай вобласьці, што не павінна быць праблемаў. Вядома, тут рашэньне будзе палітычным”.

Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму, ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі здала на праверку 1 мільён 905 тысяч 631 подпіс, прыхільнікі Александра Мілінкевіча – 198 559, каманда Аляксандра Казуліна – 156 618 і ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча 150319 подпіс.
XS
SM
MD
LG