Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым тлумачыцца падтрымка Эўропай беларускай апазыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 3 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў, філёзаф Аляксандар Грыцанаў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Агата Вэжбоўска-Мязга з Варшавы.

(Валер Карбалевіч: ) “Чарговая паездка ў Эўропу лідэраў беларускай апазыцыі на чале з кандыдатам ад апазыцыйнай кааліцыі Мілінкевічам, сустрэчы на найвышэйшым узроўні з кіраўніцтвам Эўразьвязу, а таксама Нямеччыны сталі кульмінацыяй той увагі і падтрымкі, якую аказвае Эўропа беларускім дэмакратычным сілам. Паездкі Аляксандра Мілінкевіча па эўрапейскіх сталіцах уражваюць.

Можна прыгадаць сустрэчы на найвышэйшым узроўні ў Літве, Польшчы, Брусэлі, Нямеччыне, а таксама зь міністрам замежных справаў Францыі, Украіны, выступ на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Ніколі раней ніводнаму беларускаму палітыку нават з высокім дзяржаўным статусам за такі кароткі час не ўдавалася сустрэцца з такой колькасьцю вядучых эўрапейскіх кіраўнікоў, як Мілінкевічу.

Нічога падобнага не было падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі апазыцыя таксама змагла вылучыць адзінага кандыдата за месяц да галасаваньня.

Здаецца, што нават лідэр украінскай апазыцыі Віктар Юшчанка напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ня меў такой колькасьці прыёмаў на высокім узроўні, як цяпер кандыдат ад беларускай апазыцыйнай кааліцыі.

Гэта тым больш уражвае, што рэальныя суадносіны сілаў у Беларусі зусім не на карысьць апазыцыі. Нават паводле незалежных сацыялягічных дасьледаваньняў рэйтынг Лукашэнкі вышэйшы за 50%, і шанцы Мілінкевіча на перамогу пакуль ня вельмі пераканаўчыя.

Чым тады патлумачыць такую палітыку Эўропы дзеля палітычнай падтрымкі беларускай апазыцыі?”

(Андрэй Фёдараў: ) “На мінулых выбарах кандыдат ад апазыцыі быў вылучаны толькі за месяц да галасаваньня. Сустрэчаў на найвышэйшым узроўні за такі кароткі час падрыхтаваць немагчыма. Затым, Мілінкевіч значна больш прывабная постаць для Эўропы. Ён ведае некалькі замежных моваў, інтэлігент, а не былы функцыянэр намэнклятуры. Гэта адна з прычынаў, зь якой ён мае столькі ўвагі.

Што да параўнаньня Мілінкевіча зь Юшчанкам. Апошні меў значна большы доступ да мэдыяў, меў большую падтрымку грамадзтва, чым цяпер Мілінкевіч. І яму падтрымка Эўропы была ня так патрэбная, як Мілінкевічу, які яшчэ ня так добра вядомы ў Беларусі.

Таму эўрапейскія дзяржавы такім чынам спрабуюць выправіць, кампэнсаваць гэтымі сустрэчамі той недахоп інфармацыі, які існуе ў Беларусі. Эўропа імкнецца давесьці да беларускага грамадзтва, што Мілінкевіч — прыстойны чалавек, зь якім могуць мець кантакты ў эўрапейскіх краінах на самым высокім узроўні”.

(Карбалевіч: ) “Але можна разважаць паводле іншай лёгікі. Эўрапейскія палітыкі — людзі прагматычныя. Ёсьць сэнс падтрымліваць таго, хто мае шанцы на перамогу, умоўна кажучы, ставіць на пераможцу. Шанцы Мілінкевіча на перамогу ня вельмі пераканаўчыя. Але ж насуперак прагматычнай лёгіцы Эўропа падтрымлівае кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі”.

(Фёдараў: ) “Калі разважаць згодна з такой лёгікай, то найбольшыя шанцы ў Лукашэнкі. Ці азначае гэта, што яго павінна падтрымліваць Эўропа пасьля ўсяго, што адбылося за апошнія дзесяць гадоў? А каго ж падтрымліваць, акрамя Мілінкевіча?”

(Карбалевіч: ) “Эўропа магла б проста назіраць за няроўнай барацьбой, якая разгортваецца ў Беларусі, як ужо было шмат гадоў”.

(Агата Вэжбоўска-Мязга: ) “Ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, упершыню кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі вызначаны так задоўга да выбараў. Цяпер зразумела, каго падтрымліваць. Па-другое, пашырэньне Эўразьвязу на ўсход, уступленьне ў яго суседзяў Беларусі (Польшчы, Літвы), якія вельмі зацікаўленыя ў тым, што тут адбываецца.

І гэтыя новыя сябры Эўразьвязу здолелі зацікавіць Брусэль, іншыя краіны “старой Эўропы” праблемай Беларусі. Беларускае пытаньне стала больш важным для Эўропы”.

(Аляксандар Грыцанаў: ) “Мілінкевіч першы сапраўдны эўрапеец сярод сучасных беларускіх палітыкаў. Шушкевіч быў бліскучым савецкім прафэсарам. Лукашэнка — гэта нейкая сума ўсіх бліскучых рысаў “саўка”. Але палітык з найлепшымі, выбітнымі рысамі “саўка” — гэта ня той палітык, зь якім Эўропа хацела б мець справу.

Па-другое, Эўропа лічыць, што Мілінкевіч — гэта будучае Беларусі. Ён сам, альбо палітык ягонага тыпу, будзе прэзэнтаваць Беларусь у наступныя дзесяць-дваццаць гадоў. Мілінкевіч блізкі Эўропе чалавек.

Ён нацыяналіст у добрым сэнсе гэтага слова, ведае некалькі замежных моваў. Мілінкевіч з Горадні, а гэта бліжэй да Эўропы, чым Менск і тым больш Магілёў. Да таго ж ён выразна прадэманстраваў цьвёрдасьць характару, хоць бы таму, што здолеў перамагчы на Кангрэсе дэмакратычных сілаў”.

(Фёдараў: ) “Сапраўды, Мілінкевіч абраны адзіным кандыдатам на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, а не ў кулюарнай спрэчцы, як гэта адбылося з спадаром Ганчарыкам у 2001 годзе. Гэта для Эўропы таксама вельмі важна”.

(Карбалевіч: ) “Раней у справе падтрымкі беларускай дэмакратыі, здаецца, лідэрамі былі ЗША. Амэрыканскія афіцыйныя прадстаўнікі больш рэгулярна і рэзка рэагавалі на парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Кангрэс ЗША колькі гадоў таму прыняў “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”. Напачатку году і прэзыдэнт Злучаных Штатаў Буш, і дзяржсакратар Райс сустракаліся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Але апошнімі месяцамі ініцыятыву ў падтрымцы беларускай апазыцыі ўзяла на сябе Эўропа. З чым гэта зьвязана? Гэта скаардынаваная лінія ЗША і Эўразьвязу, ці проста цяпер для эўрапейскіх палітыкаў сытуацыя ў Беларусі актуалізавалася?”

(Фёдараў: ) “Нельга казаць, што ЗША сталі менш рэагаваць на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Заявы ці Дзярждэпартамэнту, ці Хэльсынскай камісіі Злучаных Штатаў, ці прадстаўнікоў ЗША ў АБСЭ гучаць рэгулярна. З чым можна пагадзіцца, дык гэта з тым, што эўрапейскія палітыкі сталі надаваць значна больш увагі адносінам зь беларускай апазыцыяй. Але гэта, хутчэй палітыка, скаардынаваная з ЗША.

Бо цяжка ўявіць, што яшчэ могуць зрабіць Злучаныя Штаты ў дадатак да таго, што яны зрабілі год таму пасьля прыняцьця “Акту аб дэмакратыі” і сустрэчаў зь беларускімі палітыкамі. Да таго ж да выбараў яшчэ шмат часу, каб зрабіць пэўныя крокі. Таму нельга казаць, што Эўропа перахоплівае ініцыятыву ў ЗША ў беларускім пытаньні”.

(Вэжбоўска-Мязга: ) “У ЗША цяпер ёсьць такія вельмі гарачыя праблемы, як Ірак, Іран, “Хамас” у Палестыне. Гэтым тлумачыцца, што яны ня так актыўныя ў беларускім пытаньні. Але нельга сказаць, што тут Злучаныя Штаты ня робяць нічога. Але, сапраўды, цяпер упершыню амэрыканцы не адзіныя, хто актыўнічае ў беларускім пытаньні. Эўропа больш інтэнсіўна стала цікавіцца Беларусьсю. Адсюль і такое ўражаньне, што Эўропа перахапіла ініцыятыву”.

(Грыцанаў: ) “Сытуацыя зьмянілася, і зьмянілася Эўропа. Па-першае, зьявіліся новыя лідэры ў Польшчы. Раней прэзыдэнтам быў Квасьнеўскі зь ягоным камсамольскім мінулым. Цяпер там да ўлады прыйшлі заходнеарыентаваныя прагматыкі, якія на дух не пераносяць камунізму. Таму новая Польшча, як частка новай Эўропы, больш салідарная з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Па-другое, новы лідэр і ў Нямеччыне. Ангела Мэркель з асабістага жыцьцёвага досьведу ведае, што такое камунізм. У гэтым яе адрозьненьне ад былога канцлера Шродэра.

Па-трэцяе, Расея пачала газавы шантаж сваіх спажыўцоў у Эўропе. І эўрапейскія краіны вымушаны шукаць сродкі процідзеяньня. Адзін чыньнік ужо ёсьць — Украіна. Цяпер мае сэнс пазмагацца за Беларусь”.

(Карбалевіч: ) “Але ўсе экспэрты адзначаюць, што рэальны ўплыў Эўропы, увогуле Захаду на Беларусь нязначны. Большасьць беларускіх грамадзянаў нават ня ведаюць пра гэтыя сустрэчы Мілінкевіча, бо дзяржаўныя мэдыі пра іх ня згадваюць. Эўразьвяз пакуль не зьяўляецца чыньнікам, які можа зьмяніць расклад сілаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Дык ці магчыма ўвогуле апазыцыі неяк трансфармаваць гэтую беспрэцэдэнтную падтрымку Эўропы ў рэальную палітычную сілу? У такім разе, ці мае сэнс апазыцыі надаваць такую ўвагу дачыненьням з эўрапейскімі арганізацыямі? Ці мае сэнс таму ж Мілінкевічу так шмат сустракацца з кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў, іншымі палітыкамі? Можа, ня трэба марнаваць час на паездкі ў Эўропу, а лепш ехаць туды, дзе рэальна вырашаюцца беларускія праблемы: альбо ў Маскву, альбо ў беларускія рэгіёны, дзе знаходзіцца электарат?”

(Фёдараў: ) “Па-першае, Мілінкевіч, здаецца, як ніхто іншы зь беларускіх апазыцыйных палітыкаў наведвае беларускія рэгіёны. Што тычыцца паездкі ў Маскву. Там ня будзе сустрэчаў на высокім узроўні. Пуцін заявіў, што Расея на постсавецкай прасторы не працуе з апазыцыяй. Ня мае сэнсу сустракацца з маргінальнымі палітыкамі накшталт Нямцова ці Белых, якія ня маюць ніякага ўплыву на расейскую палітыку. Гэта нічога не дадасьць Мілінкевічу ў вачах беларускага электарату. Безумоўна, ня можа ні Эўропа, ні Захад увогуле аказаць вырашальнага ўплыву на Беларусь, але бязь іх дапамогі зьмены ў Беларусі тым больш немагчымыя. Пэўная частка беларусаў усё ж такі даведаецца пра гэтыя сустрэчы Мілінкевіча ў эўрапейскіх сталіцах праз тэлеканал “Эўраньюс”, іншыя мэдыі. І гэта будзе ўплываць на імідж Мілінкевіча ў станоўчым пляне”.

(Вэжбоўска-Мязга: ) “Відавочна, вельмі важна езьдзіць па рэгіёнах і шукаць падтрымкі беларусаў. Таму што найперш самі беларусы будуць вырашаць сытуацыю ў краіне. Таксама трэба езьдзіць у Маскву, шукаць там падтрымкі. Але не сакрэт, што Масква ня моцна зацікаўлена, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай. Думаю, вельмі важна езьдзіць цяпер на Захад, каб выкарыстаць тое зацікаўленьне Беларусьсю, якое цяпер ёсьць там у зьвязку з выбарамі. І нават калі цяпер немагчыма непасрэдна выкарыстаць гэтую падтрымку Захаду дзеля перамогі, часткова таму, што немагчыма расказаць пра гэта беларускаму грамадзтву праз мэдыі, але трэба думаць пра будучае. Таму трэба выкарыстаць гэтую цікавасьць да Беларусі, каб пазнаёміць Брусэль, Эўропу з сытуацыяй у Беларусі.

Таксама не сакрэт, што, напрыклад, для Францыі, Гішпаніі, Партугаліі Беларусь мала знаёмая. І вось калі, напрыклад, цяпер спадар Мілінкевіч выступіў у францускім парлямэнце, потым будзе лягчэй гаварыць з французамі, прасіць падтрымкі, вядзеньня актыўнай палітыкі адносна Беларусі”.

(Грыцанаў: ) “Я ўпэўнены, што Мілінкевіч прыйшоў у беларускую палітыку надоўга. Ён будзе змагацца, таму павінен улічваць усе магчымасьці і шанцы. Паездкі ў Эўропу, сустрэчы на найвышэйшым узроўні патрэбныя. Бо пасьля 19 сакавіка будзе 20 сакавіка. Зьявіцца вяшчаньне радыёэлектронных мэдыяў на Беларусь з суседніх краінаў. Трэба працаваць на будучае”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, большая падтрымка апазыцыі ў эўрапейскіх сталіцах сьведчыць пра тое, што вага беларускага пытаньня ў эўрапейскай палітыцы павысілася. Эўропа, аказваючы прыём на высокім узроўні кандыдату аб’яднанай апазыцыі Мілінкевічу, дасылае моцны сыгнал беларускаму грамадзтву. Але як рэалізаваць гэтую эўрапейскую падтрымку, ператварыць яе ў рэальны ўплыў на беларускую палітыку, чыньнік сілы апазыцыі ў выбарчай кампаніі?”
XS
SM
MD
LG