Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч выступае за вяртаньне “Пагоні” і нацыянальнага сьцяга


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў адказвае Павал Мажэйка — прэсавы сакратар адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, а таксама старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

(Слухач: ) “Калі пачнецца незалежнае тэлевяшчаньне на Беларусь і якое яно будзе?”

Новыя эўрапейскія радыё– і тэлеперадачы для Беларусі пачнуцца не раней, як у канцы лютага, паведамілі “Свабодзе” ў нямецкім мэдыйным холдынгу “Media Consulta”. Нагадаем, што ў кансорцыюме зь літоўскімі “Балтыйскімі хвалямі”, расейскім тэлебачаньнем RTVi, польскім эўрапейскім радыё для Беларусі, беларускімі журналісцкімі сіламі гэтая нямецкая кампанія выйграла конкурс Эўракамісіі на найлепшы радыё/тэле/інтэрнэт-праект для гэтай краіны. Праект разьлічаны на два гады і будзе каштаваць Брусэлю два мільёны эўра. Пры канцы лютага ці на пачатку сакавіка адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя ў Брусэлі ў Эўракамісіі, дзе будзе зроблена паведамленьне адносна старту праекту. Адразу ж пасьля гэтага і пачнецца радыё– і тэлевяшчаньне для Беларусі. Гэта будуць штодзённыя радыёперадачы і штотыдневыя тэлевізійныя. Праект пачнецца з жывых праграмаў пра выбарчую сытуацыю ў Беларусі. Трансьляваць перадачы будуць спадарожнікі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Нейкай іншай інфармацыі адносна праекту мы пакуль даць ня можам.

* * *

(Людміла Белахвостава: ) “Хачу задаць пытаньне камандзе Мілінкевіча наконт нашых нацыянальных сымбаляў. Чаму ўсё ж такі каманда Мілінкевіча выбрала такія колеры, расейскія колеры, сіне-бела-чырвоны? Я хачу нагадаць, што 2006 год — гэта юбілейны год Максіма Багдановіча, 115-я ўгодкі з дня нараджэньня. Нашыя нацыянальныя сымбалі — гэта герб Пагоня і бел-чырвна-белы сьцяг”.

Адказвае Павал Мажэйка, прэсавы сакратар адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча:

(Мажэйка: ) “Мы перакананы, шіто ня варта раўняць колеры, абраныя нашай кампаніяй, з колерамі расейскага сьцягу. Проста шматлікія фокус-групы паказалі, што спалучэньне менавіта гэтых колераў найбольш прыхільна ўспрымаецца выбарцамі. І таму мы абсалютна не ўкладалі нейкі расейскі сэнс, які, магчыма, пабачылі слухачы “Свабоды” ды іншыя людзі. А што тычыцца нацыянальных бел-чырвона-белых колераў, то Мілінкевіч неаднаразова заяўляў, што ў гэтую краіну павінныя вярнуцца нашыя спрадвечныя нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Беларусь — эўрапейская краіна з багатымі гістарычнымі традыцыямі, таму тут ніякага пытаньня ўвогуле не ўзьнікае”.

* * *

(Спадар: ) “Калі ласка, закраніце ў сваіх перадачах, чым скончылася паездка Міжнароднай арганізацыі працы ў Беларусь. Яны тут былі з кантрольнай місіяй, а пра вынікі яе мы нічога ня ведаем. І ці толькі там разглядалася праблема зь незалежнымі прафсаюзамі, ці былі пытаньні ўвогуле пра адносіны ўраду, дзяржавы да праблемаў з правамі чалавека ў галіне працы?”

На пытаньне адказвае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Кантрольная місія Міжнароднай арганізацыі працы ў Менску мела шэраг сустрэчаў, пачынаючы ад адміністрацыі прэзыдэнта і заканчваючы міністэрствамі, датычнымі да праблемаў парушэньня правоў прафсаюзаў, а таксама самімі прафсаюзамі. Мы ня ведам, на жаль, шмат інфармацыі — з кім менавіта яны сустракаліся, якія гутаркі мелі. Магу дакладна сказаць, працэдура працы кантрольнай місіі такая, што пакуль яны яшчэ не сфармулявалі свайго заключэньня адносна таго, што яны тут пабачылі й пачулі. Я так мяркую, што паўнавартасная гаворка пра вынікі вось гэтай місіі будзе весьціся на сакавіцкім паседжаньні камітэту па свабодзе аб’яднаньняў. І гэтае пытаньне — я гэта ведаю дакладна — стаіць на парадку дня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG