Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як незалежная прэса выжывае ў амаль падпольных умовах?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна і намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Наша Ніва” Андрэй Скурко.

(Валер Карбалевіч: ) “З пачатку 2006 году большасьць незалежных газэтаў рашэньнем уладаў выкінуты з сыстэмы дзяржаўнага распаўсюду. З улікам таго, што дзяржава ў Беларусі зьяўляецца фактычна манапалістам у друкаваньні, продажы праз шапікі і распаўсюдзе праз пошту, то такім чынам улады, фармальна не забараняючы гэтых выданьняў, стварылі вялікую перашкоду для камунікацыі прэсы з чытачамі. І рэдакцыі вымушаныя шукаць іншых шляхоў да сваіх прыхільнікаў. Прайшоў месяц існаваньня недзяржаўных мэдыяў ва ўмовах ці не падпольля. Ці ўдалося незалежным газэтам знайсьці выйсьце з таго цяжкага стану, у якім яны апынуліся? Як новая сытуацыя паўплывала на наклад, аб’ём, пэрыядычнасьць выхаду, колькасьць падпісчыкаў газэтаў?”

(Сьвятлана Калінкіна: ) “Я б не сказала, што мы знайшлі выйсьце. Мы проста ў першы месяц выжывалі ў новых умовах. Гэта ня выйсьце, а варыянт выжываньня. Але “Народная Воля” выходзіла, нягледзячы ні на што. Радыё Свабода шмат расказвала пра нашы праблемы, пра тое, як нумары затрымліваліся на мяжы ды іншае. Але мы выканалі свае абавязкі перад падпісчыкамі. Усе 17 нумароў, якія мы абяцалі, мы выдалі і даставілі.

Пакуль новая сытуацыя не адбілася адмоўна на накладзе газэты. Па-ранейшаму мы выдаемся накладам 30 тысяч асобнікаў. Частка яго раздаецца валянтэрамі на вуліцах і кідаецца ў паштовыя скрыні. Падпісчыкаў у нас у студзені было 10 тысяч. Калі параўнаць гэта з тым, што было раней, калі звычайныя людзі маглі падпісацца на нашу газэты на пошце, то падпісчыкаў было 16 тысяч. Такім чынам 6 тысяч падпісчыкаў мы згубілі.

Цяпер падводзяцца вынікі падпісной кампаніі на люты. Канчатковага выніку яшчэ няма, але мы ўжо бачым, што ня вельмі шмат скарацілася колькасьць падпісчыкаў у параўнаньні са студзенем. Але ўзьнікаюць новыя цяжкасьці ў дастаўцы газэты чытачам у маленькіх гарадах і вёсках. Пачаліся затрыманьні накладу ў такіх месцах”.

(Андрэй Скурко: ) “Хачу сказаць, што па выніках першага месяца рана меркаваць пра тое, удалося ці не ўдалося наладзіць уласную сыстэму распаўсюду. Відаць, канчатковы адказ можна будзе даць у траўні-чэрвені гэтага году. Газэта “Наша Ніва” выходзіць. Мы былі вельмі прыемна ўражаныя актыўнасьцю нашага грамадзтва. Бо колькасьць падпісчыкаў у нас выявілася большая, чым мы чакалі ў зьвязку з усімі гэтымі цяжкасьцямі. Трэба сказаць, што наклад крыху зьменшыўся, таму што колькасьць пунктаў продажу, у зьвязку з адмовай “Белсаюздруку” прадаваць газэту ў шапіках, скарацілася. У людзей стала менш магчымасьцей набыць газэту”.

(Карбалевіч: ) “Як вы думаеце, ці магчыма такое разьвіцьцё сытуацыі, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі ўсё закончыцца для ўладаў пасьпяхова, можа, з другога паўгодзьдзя, яны ўсё адкруцяць назад, вернуць незалежныя газэты ў шапікі, дзяржаўную падпіску?”

(Калінкіна: ) “Мне здаецца, такі прагноз вельмі аптымістычны. Бо тое, што рабілася ў канцы мінулага году, што робіцца цяпер, сьведчыць, што гэта ня разавая кампанія, і яна не зьвязаная толькі з прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэта вялікая кампанія. Бо трэці тэрмін Лукашэнкі будзе для яго самым праблемным. Хоць ён упэўнены ў тым, што адбудзецца 19 сакавіка, што спадарыня Ярмошына павіншуе яго зь перамогай на выбарах, але ён ня ўпэўнены, калі скончыцца трэці тэрмін ягонага праўленьня. Таму чакаць паслабленьня мэдыям пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наўрад ці даводзіцца. Для такога аптымістычнага прагнозу няма ніякіх падставаў”.

(Скурко: ) “Тут складана меркаваць. Але можна сказаць, што сёньняшняя сытуацыя моцна дыскрэдытуе беларускія ўлады і ў замежжы, і ў вачах беларускіх грамадзянаў. Таму лягічным шляхам было б вярнуцца ў рамкі законнасьці”.

(Калінкіна: ) “Думаю, улады будуць спрабаваць вярнуцца ў рамкі законнасьці, але іншым шляхам. Яны будуць ствараць квазімэдыі, квазіпартыі, квазіарганізацыі, якія фармальна зьяўляюцца недзяржаўнымі, а рэальна яшчэ больш залежныя ад дзяржавы”.

(Скурко: ) “Але новая сытуацыя, у якой апынуліся нашы мэдыі, паказала, што незалежныя газэты запатрабаваныя грамадзтвам. Людзі шукаюць інфармацыю, якую ім прапануе незалежная прэса, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, спадзеваў на такое спрыяльнае для недзяржаўных газэтаў разьвіцьцё палітычнага працэсу няшмат. Мусіць, давядзецца працягваць выжываньне ў цяперашніх, а, магчыма, яшчэ горшых умовах. Тое, што ўдалося захаваць газэты, працуючы ў такім экстрэмальным рэжыме, гэта добра. Але што далей? Якія пэрспэктывы? Ці існуе ўвогуле нейкая стратэгія ня толькі выжываньня, але і разьвіцьця? Можа, выйсьце трэба шукаць на шляху нейкай каапэрацыі ўсіх выданьняў, супольных высілкаў, бо цяпер кожны выжывае ў адзіночку?”

(Калінкіна: ) “Мы абмяркоўваем вельмі розныя варыянты разьвіцьця падзеяў і адпаведных нашых дзеяньняў, ад андэграўдных праектаў, калі газэты незарэгістраваныя і вымушаныя выходзіць у падпольлі, і рэгістрацыі газэтаў у Расеі, Літве. Цяпер вывучаецца магчымасьць распаўсюду газэтаў па Беларусі.

Я разумею, што ўжо сёньня ўсе павінны аб’ядноўваць свае высілкі, хаця б для распаўсюду выданьняў. Бо праблема адна, пра якую мы гаварылі яшчэ пяць гадоў, таму і год таму. Але ў выніку, калі зь ёй сутыкнуліся, то кожная з рэдакцыяў вымушана сама яе вырашаць тым альбо іншым шляхам.

Цяпер партыі, грамадзкія аб’яднаньні занятыя прэзыдэнцкай кампаніяй. А вось пасьля выбараў, спадзяюся, яны далучацца да актыўнага распаўсюду газэтаў. Магчыма, яны змогуць нам даць сваіх людзей для гэтай справы. Бо цяпер большасьць валянтэраў, якія распаўсюджваюць газэты — гэта людзі пабочныя, а не актывісты партыяў і грамадзкіх рухаў.

Праблема распаўсюду — самая галоўная. Калі пытаньне данясеньня нашага прадукту да людзей будзе вырашана, тады можна будзе казаць пра сам гэты прадукт. Гэта можа быць выданьне, якое афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі. Альбо гэтая газэта зарэгістраваная ў іншай краіне. Альбо гэта падпольнае выданьне. Тады мы будзем абмяркоўваць, як яго рабіць, якім яно павінна быць па фармаце, якія рэдакцыі гатовыя далучыцца да такіх праектаў. Гэта ўжо больш творчыя моманты”.

(Скурко: ) “Я згодзен, што стратэгія будзе залежаць ад далейшага разьвіцьця падзеяў. Штосьці ўнівэрсальнае прапанаваць цяпер, на жаль, немагчыма. Трэба сачыць за тым, што будзе адбывацца і адпаведным чынам рэагаваць, імкнуцца на крок апераджаць падзеі. Адзінае, што можна дакладна сказаць, выданьне незалежнай прэсы ў Беларусі даўно перастала быць бізнэсам. Сёньня гэта ня сродак зарабляць грошы”.

(Калінкіна: ) “Я лічу, што мэдыя-праекты ў беларускіх умовах павінны разглядацца як гуманітарныя. Вось калі Захад дапамагае нам лекамі, дасылае нейкія рэчы, то гэта гуманітарная дапамога. Але незалежная, неангажаваная інфармацыя — гэта таксама гуманітарная дапамога. Менавіта так трэба падыходзіць да гэтых праектаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, месячны досьвед існаваньня незалежных газэтаў ва ўмовах падпольля засьведчыў іх вялікую здольнасьць да выжываньня. Але цяпер перад усім незалежным беларускім грамадзтвам паўстае задача стварэньня сыстэмы захаваньня апошніх бастыёнаў недзяржаўнага друку, а таксама ягонага разьвіцьця ў новых, вельмі неспрыяльных варунках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG