Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перажылі камуністычны Савецкі Саюз — перажывем і гэтую ўладу”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Лісты, якія я выбраў з пошты апошніх тыдняў для сёньняшняй размовы, аб’яднаныя імкненьнем іх аўтараў разабрацца ў тым, чаму беларусы жывуць менавіта так, а не інакш; зь якой прычыны не пераймаюць прыклад сваіх блізкіх суседзяў; чаму шмат гавораць пра неабходнасьць зьменаў і адначасова дазваляюць падманваць сябе і не гатовы прыкласьці дзеля зьменаў уласных намаганьняў. Пры гэтым амаль ва ўсіх лістах так ці інакш закранаецца тэма хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Пачну агляд пошты зь ліста ад Міхаіла Данька з Давыд-Гарадка Столінскага раёну. Слухач піша:

“Тое, што выбарчая кампанія суправаджаецца шматлікімі парушэньнямі, нікога асабліва не зьдзіўляе. На іншае ніхто і не спадзяваўся. А ўсё ж улада адчувае сябе няўтульна. Посьпехі апазыцыі яе непакояць і трывожаць. Думаю, усё яшчэ можа скончыцца зусім ня так, як сплянавала намэнклятура. Давайце ўспомнім колішнія так званыя “посьпехі” Вячаслава Кебіча? Што ўрэшце ад іх засталося? Нават калі вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя, гэта не дадасьць Лукашэнку ўпэўненасьці”.

Параўнаньне сёлетняй выбарчай кампаніі зь першымі прэзыдэнцкімі выбарамі, што адбыліся ў Беларусі ў 1994 годзе, не зусім карэктнае, спадар Данько. Дванаццаць год таму канкурэнты Вячаслава Кебіча карысталіся шырокім доступам да сродкаў масавай інфармацыі; улада ня мела татальнага кантролю над працэсам фармаваньня і дзейнасьці выбарчых камісіяў; выбары праходзілі ва ўмовах шырокага грамадзкага і міжнароднага кантролю… Усе наступныя кампаніі ў Беларусі адбываліся зусім у іншых умовах — непараўнальна менш спрыяльных для апанэнтаў дзейнай улады.

Новы ліст даслаў нам Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Слухач узяўся за пяро пад уражаньнем ад таго, як дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць падзеі ў Беларусі.

“Слухаў сёньня “Радыёфакт” — гэта ранішняя праграма дзяржаўнага радыё. Паведамілі, што цяпер у Беларусі людзей зь сярэднім дастаткам ажно 60 працэнтаў. Цікава, што гэта за сярэдні дастатак па-беларуску? І хто яго мае? Можа, вясковыя жыхары, якіх у Беларусі 20 працэнтаў? Не, усім вядома, які ў іх дабрабыт. Можа, пэнсіянэры, якіх у нас 25 працэнтаў? Таксама не. А рабочыя на “ляжачых” прадпрыемствах, у якіх заробкі ніжэйшыя, чым сярэднія пэнсіі? А настаўнікі, мэдсёстры, выхавацелі ў дзіцячых садках?..

Вось днямі Пуцін павіншаваў Лукашэнку з тым, што інфляцыя ў Беларусі летась склала ўсяго 8 працэнтаў. Сказаць бы таму Пуціну, што яшчэ ў мінулым годзе асноўны харч беларусаў, бульба, каштавала 250 рублёў за кіляграм, а праз год — ужо 600. Дзе ж тут тыя 8 працэнтаў? І гэта адбываецца з многімі харчамі. Назіраеш за ўсім гэтым і кажаш сабе: “Божа, калі ж скончыцца ўся гэта хлусьня?”

Многія пакаленьні савецкіх людзей добра памятаюць час, спадар Валошка, калі статыстыка ў дзяржаве была на службе прапаганды ды ідэалёгіі. Дзяржкамстат СССР бадзёра паведамляў пра няўхільны рост вытворчасьці мяса, малака, абутку і адзеньня, а савецкія грамадзяне назіралі, як з штогоду расьлі чэргі па каўбасу і павялічваўся сьпіс тавараў, якія немагчыма было набыць у вольным продажы. Як тады людзі ставіліся да, так бы мовіць, “прапаганды посьпехаў і зьдзяйсьненьняў”? Многія цішком пасьмейваліся, многія — прапускалі міма вушэй… Ня верыў амаль ніхто.

Нешта падобнае, відавочна, адбываецца і цяпер у Беларусі. Статыстыка мае багаты досьвед і шмат мэтодык, з дапамогай якіх можна атрымаць паказчыкі, якія б сьведчылі пра высокі дабрабыт і эканамічныя дасягненьні. Праблема для ўлады ў тым, што людзі сувымяраюць узровень свайго дастатку ня зь лічбамі са зводак Міністэрства статыстыкі, а з колькасьцю грашовых купюраў ва ўласным кашальку.

Наш слухач Алесь Станкевіч з Горадні ў сваім лісьце разважае пра стаўленьне ўлады да хрысьціянскай царквы і да тых асобаў, якія ў недалёкім мінулым гэтую царкву зьнішчалі. Алесь Станкевіч піша:

“Падчас нядаўніх Калядаў Аляксандар Лукашэнка пабываў і ў каталіцкім касьцёле, і ў праваслаўнай царкве. Ён таксама выказваўся аб станоўчым уплыве на грамадзтва хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Але ж адначасова Лукашэнка ня раз ушаноўваў памяць такіх антыхрыстаў, як Ленін, Сталін, Дзяржынскі ды іншыя. Колькі дзяржаўных грошай змарнавана на аднаўленьне так званай “Лініі Сталіна”, якая насамрэч у вайне не адыграла ніякай ролі? А музэй ды помнікі Дзяржынскаму? Бальшавіцкі рэжым і ягоныя правадыры расстралялі ці замучылі тысячы і тысячы сьвятароў, узарвалі і зьнішчылі тысячы храмаў (і ня толькі хрысьціянскіх), усяляк перасьледавалі вернікаў… А Аляксандар Лукашэнка іх хваліць і ўшаноўвае. Аб гэтым трэба гаварыць людзям”.

Відавочна, спадар Станкевіч, цяперашняе афіцыйнае стаўленьне да савецкай гісторыі ў многім абумоўлена тым, што сама мадэль улады ў сёньняшняй Беларусі шмат у чым скапіявана з камуністычнай сыстэмы — зь ейнай аўтарытарнай уладай, псэўдавыбарамі, татальным кантролем над мэдыямі і грамадзтвам. Але мадэль гэтая цяпер мадэрнізаваная, прыстасаваная да новых умоваў. Адзін з новых элемэнтаў — адмова ад ваяўнічага атэізму, прымірэньне з царквой. Натуральна, тут яўная супярэчнасьць: як можна дэманстраваць сваю набожнасьць і адначасова ўшаноўваць асобаў, якія зьнішчалі хрысьціянскую царкву і гвалтам насаджалі атэізм… Але кіраўніцтва царквы, выглядае, гэтая супярэчнасьць ня надта бянтэжыць.

У леташнім аглядзе пошты 7 сьнежня прагучаў ліст спадара Сьцяпанава зь Берасьця, у якім слухач, сярод іншага, дакараў “Свабоду” за недастатковае, на яго думку, інфармаваньне пра эканамічныя дасягненьні Аляксандра Лукашэнкі.

“Ні пры адным з дэмакратаў ня зроблена столькі для народу і дзяржавы, колькі пры Лукашэнку, якога вы называеце “дыктатарам”, — пісаў спадар Сьцяпанаў. — Калі пры Шушкевічу мы атрымлівалі ўсё па купонах, казна была парожняя, а заводы развальваліся, то пры Лукашэнку ў беларускай казьне — дзясяткі тон золата, срэбра, плятыны; у насельніцтва — тры мільёны легкавых аўтамабіляў, тысячы катэджаў, прыватных магазінаў”.

На гэтыя аргумэнты спадара Сьцяпанава адказвае ў сваім лісьце наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Напэўна, у Сьцяпанава, які жыве ў Берасьці, ёсьць добрая пасада з высокім акладам, і ў яго хапае грошай. А вось асабіста я, жывучы ў вёсцы, ведаю людзей, якія вымушаныя выжываць на 20 тысяч рублёў на чалавека. Стараюцца знайсьці спосаб, каб не памерці з голаду. Прычыны, вядома, розныя. Некаторыя ня могуць працаваць на цяжкай рабоце з прычыны стану здароўя. Але і ў тых, хто працуе, у многіх калгасах заробкі такія, што не хапае нават на камунальныя патрэбы (электрычнасьць, паліва ды іншае). Ня кажучы ўжо пра харчаваньне. У многіх у рацыён уваходзяць толькі бульба, хлеб і алей. А цукар ды мука — гэта толькі калі ўдасца зэканоміць.

Няма чым заплаціць — могуць адрэзаць электрычнасьць. Вось у гэтае б пекла накіраваць таварыша Сьцяпанава, каб пажыў хоць тыдзень — безь сьвятла, цяпла, а бывае, і бяз газу. Лес побач, але, каб нарыхтаваць дровы, таксама мусіш плаціць. Купіць гатовыя — 180 тысяч за прычэп. А адкуль узяць столькі грошай? А калі ня ўродзіць бульба? Тады скаціна ідзе пад нож. У нас кажуць: надыходзяць цяжкія часы. Але спадзяемся перажыць. Перажылі ж неяк Савецкі Саюз і яго камунізм. Перажывем і гэтую ўладу”.

Парадокс у тым, што існаваньне сёньняшняй аўтарытарнай сыстэмы ўлады з татальным дзяржаўным рэгуляваньнем і кантролем абгрунтоўваецца яе стваральнікамі якраз інтарэсамі такіх вось сацыяльна неабароненых, абяздоленых людзей. Нібыта толькі пры такой сыстэме можна ажыцьцяўляць моцную і эфэктыўную сацыяльную палітыку. Але рэчаіснасьць вельмі часта сьведчыць зусім пра адваротнае.

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Бярнард Пакульніцкі з пасёлка Гарадзея Нясьвіскага раёну, Сымон Бельскі і Павал Юшкевіч зь Віцебску, Фаіна Глебка з Наваградку і Алесь Шустоўскі з Барысава.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG