Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Алмазны бізнэс" гомельскіх аграншчыкаў у Смаленску


Радыё Свабода Кожны панядзелак больш за сотню гомельскіх аграншчыкаў алмазаў накіроўваюцца ў расейскі горад Смаленск. Тамтэйшая прыватная фірма “Даймон” прысылае два “Ікарусы”, каб забраць аграншчыкаў на працу.

Сёньня за чвэрць да сямі гадзінаў раніцы ўсе аграншчыкі алмазаў, што жывуць у Навабеліцкім раёне, сабраліся, як звычайна, на прыпынку “Завод “Крышталь”. Другі пункт збору — вуліца Інтэрнацыянальная, ля заводу вымяральных прыладаў.

Гаворыць аграншчык алмазаў, які назваўся Віктарам:

(Віктар: ) “Нас кожныя два тыдні прывозяць сюды, два “Ікарусы” возяць. Нас, беларусаў, больш як сто чалавек езьдзіць у Смаленск. Там нам даюць жытло. Калі хочаш, жыві ў інтэрнаце, калі хочаш — на кватэры. Фірма “Даймон” аплачвае жытло. І прапіску даюць”.

Гомельскія аграншчыкі вымушаны шукаць працу ў Расеі. Ад пачатку гэтага году алмазаапрацоўчая вытворчасьць аб’яднаньня “Крышталь” яшчэ не распачынала выраб дыямэнтаў з прыродных алмазаў. Сьведчыць начальніца аддзелу кадраў аб’яднаньня “Крышталь” Антаніна Чыжонак:

(Чыжонак: ) “Няма сыравіны. Алмазаапрацоўка ў нас на прастоі. Уся алмазаапрацоўка знаходзіцца на прастоі”.

Паводле спадарыні Чыжонак, каля трохсот высокапрафэсійных аграншчыкаў ня маюць цяпер працы. Складаюцца акты прастою з выплатай дзьвюх трацінаў тарыфнай стаўкі акладу — ня больш як 150 тысяч рублёў на асобу. Яшчэ 132 чалавекі адміністрацыя прадпрыемства вымушана была скараціць. Многія зь іх далучыліся да вахтавага мэтаду працы ў расейскім Смаленску. І невыпадкова. Гаворыць аграншчык Віктар:

(Віктар: ) “Наш завод “Крышталь” спыніўся, не працуе. Прыходзіцца езьдзіць туды ў заробкі. Свая сыравіна ў Расеі ёсьць. Ёсьць пастаянная праца ды добрыя заробкі. Тут я 300 тысяч зарабляю, а ў Смаленску атрымліваю каля 1 мільёна і нават крыху болей, калі расейскія грошы перавесьці на беларускія”.

Апошнія пяць гадоў праблема забесьпячэньня гомельскага заводу “Крышталь” расейскай алмазнай сыравінай неаднаразова вырашалася на самым высокім узроўні. Падпісвалася нават беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне. Аднак гэта мала што мяняла ў дачыненьнях расейскіх алмазаздабытчыкаў і беларускіх апрацоўшчыкаў прыродных алмазаў. Кошты на іх былі такімі, што выраб дыямэнтаў станавіўся эканамічна нявыгадным.

Сёлета сытуацыя паўтараецца. На “Крышталі” спадзяюцца, што нейкую частку сыравіны ўдасца купіць у Расеі да пачатку красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG