Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Нашыя продкі мелі сымболіку, і мы павінны жыць пры гэтай сымболіцы! Трэба, каб мы паважалі нашых продкаў"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 6 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Вось паслухаў у “Праскім акцэнце” дыскусію наконт аб’яднаньня Мілінкевіча з Казуліным. Схіляюся да аргумэнтаў спадара Нісьцюка. І вельмі ўдалая ў яго формула: “1 + 1 = 0,5”. І ня трэба больш дэманстраваць выбарнікам галаваломку ў выглядзе надуманага проціпастаўленьня. З аднаго боку, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў, а другі тады хто? Без усялякіх тытулаў, ад апазыцыі ён ці як? Вось як гэта патлумачыць недасьведчанаму выбарніку? Ці не прасьцей было б зьняць ужо з-за непатрэбнасьці, а, мабыць, і нават шкоднасьці і тытулы з Аляксандра Мілінкевіча? Я зь ім згодны ў тым, што другога туру ня будзе. Але ў гэтай сытуацыі дадаў бы, што трэба справу весьці да паўторных выбараў”.

“Цяпер наконт самога Мілінкевіча. Схіляюся да думкі, што ягоная ўпартасьць замінае яму зразумець чужыя думкі. Што я маю на ўвазе. Гаворка аб так званым народным галасаваньні. Вось спадар Мілінкевіч разважае так, што трэба прыйсьці на выбары, каб людзі кінулі ў скрыні бюлетэні, каб нават члены так званых камісіяў былі ўражаныя вынікамі. Дык няўжо спадар Мілінкевіч ня можа зразумець, што ня менш будуць уражаныя члены гэтай камісіі, калі ў скрынях не апынецца гэтых бюлетэняў, а будуць нейкія паперкі?”

“Напэўна, ужо месяц прайшоў, як па “Свабодзе” сваімі ўспамінамі дзяліўся настаўнік, заснавальнік музэю Алесь Белакоз. На заканчэньне ён выказаў такую параду, што змагацца з існуючым рэжымам можна і трэба было б такімі спосабамі: напрыклад, уступаць у БРСМ, можа, нават у войска, падбірацца да ўладных структур, расьці ў іх радах. І тады празь нейкі час, калі б такія служакі дайшлі да самых вярхоў, там бы яны ўжо паказалі свой нораў і павярнулі справу адраджэньня Беларусі. Дык вось з таго часу, калі былі выказаныя такія думкі, я ня чуў па “Свабодзе”, каб хто-небудзь пра іх згадваў. Мабыць, ужо і самі рэдактары на гэта забыліся ці не зьвярнулі ўвагі”.

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Я ня раз вам тэлефанаваў і задаваў канкрэтныя пытаньні. У прыватнасьці такое. Некаторыя з кандыдатаў у прэзыдэнты, напрыклад, спадар Мілінкевіч, са сваёй сьвітай катаюцца па Эўропе. Хто фінансуе гэтыя шматразовыя паездкі спадара Мілінкевіча і яго сьвіты?

Калі я не атрымаю ад вас адказу, я ня буду ўмешвацца цяпер у перадвыбарную кампанію, але пазьней, каля я буду ў Менску пасьля выбараў, я пастараюся ў друку патлумачыць, чаму хаваюць гэтую інфармацыю. Пытаньне застаецца актуальным”.

“Я слухаю вашыя цудоўныя некаторыя перадачы, не з усім я згодны. Слухаю, у прыватнасьці, цудоўную перадачу Дубаўца “Вострая брама”. І мяне зьдзіўляе, навошта ў цудоўныя перадачы ён украпвае няпраўду. Ён кажа, што, калі на праспэкце пачнеш размаўляць па-беларуску, атрымаеш па сьпіне. Я гаварыў з сваімі сябрамі па-беларуску, і яны гучна гаварылі, і ніхто нас ня біў ні разу”.

(Галіна: ) “Цяпер зьбіраюцца зрабіць грубую памылку, зьняўшы кандыдатуру Аляксандра Казуліна. Ужо тое, што зьнялі кандыдатуру Зянона Пазьняка, я думаю, было вялікай памылкай. І вялікая колькасьць электарату, асабліва гандляры, да якіх і я сябе адношу, лічаць, што вы робіце памылку. Прыгожая кампанія цяпер значна больш істотная, чым усялякія спадзяваньні на перамогу”.

“Складваецца такое ўражаньне, што наагул нашая апазыцыя не гульцы ў шахматы. Таму што, ня робячы шаху, яны адразу спрабуюць паставіць мат. Пры чым ужо ня першыя выбары! Такое ўражаньне складваецца ў электарату, што Мілінкевіча зноў прасоўваюць. Я хацела за Пазьняка галасаваць, потым за Казуліна. А цяпер ня ведаю. Я буду галасаваць супраць Мілінкевіча, калі выставіце Казуліна”.

(Вераніка: ) “Нядзеля. 22:30. Мне хочацца адказаць той кабеце, голас якой толькі што прагучаў. Вы, паважаная беларуская кабета, ня ведаеце ні сучаснай сытуацыі, ні беларускай гісторыі, ні таго, хто такі Шушкевіч. Шушкевіч – чалавек, які зьмяняе сьвет, які працуе задарма і ня толькі для адной Беларусі. А вы, паважаная кабета, зноў пойдзеце на выбары і будзеце галасаваць так, каб шапка была з вавёркі”.

(Спадар: ) “Я слухаю хваляць Лукашэнку, што ён самы лепшы і папулярны палітык у Беларусі. Ён праседзеў 11 гадоў прэзыдэнтам і абяцаў вярнуць уклады – не вярнуў! Сельскую гаспадарку разваліў да ручкі і цяпер падкладае якой-небудзь арганізацыі пад крыло, як беларуская зязюля падкладвае яйцо другой птушцы, каб тая птушаня выгадавала. Грошы нашыя нікудышныя! Што за іх можна купіць? Горш, чым у іншых дзяржавах! І сам Лукашэнка ня можа паехаць у Эўропу, ён сябе і свой народ загнаў у ізаляцыю.

Так, Мілінкевічу можна даверыцца. Гэты чалавек будзе добры гаспадар. А звычайна дрэнны тавар заўжды хваляць, каб яго набылі, а добры ня трэба хваліць: яго людзі бачаць на рынку і купляюць”.

(Аляксандра Багавец, в. Шымкі: ) “Праслухаў апытаньне на вуліцах Менску. Відаць, што многія мала ведаюць пра радыёстанцыю “Свабода”. Некалькі разоў было чутна, як пан Бартосік паўтараў: “Беларуская “Свабода”!” Патлумачылі б людзям, што гэта за радыёстанцыя “Свабода”, якая фінансуецца ўрадам Злучаных Штатаў Амэрыкі. І выконвае яна задачы, якія распрацаваныя вядомымі ўстановамі, адной зь іх зьяўляецца ЦРУ. А кіруе іхнымі справамі вядомы ўва ўсім сьвеце канакрад, які цяпер займаецца ўладкаваньнем гэтай дэмакратыі ў Іраку”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт ліста, які агучыў спадар Жданко – ліста Сьцяпанава зь Берасьця. Паважаны грамадзянін! Вы жывяце не пры савецкай уладзе, дзе рабочы быў абмежаваны акладам, а селянін адной каровай і парасём. Калі вы здаровы і дужы мужчына, чаму ж так гаруеце, так жывяце? Так жыць можа чалавек, які ня ўмее забіць цьвіка, любіць паляжаць на канапе альбо п’е кожны дзень. А той, які не гультай, а працаўнік, так жыць, як вы, ня можа! А такія бедачыны ёсьць ува ўсім сьвеце і ў Нью-Ёрку, і ў свабоднай Эўропе, таму й ня дзіва. Чалавек павінен сам сабе быць гаспадаром і змагацца за сваё жыцьцё заможнае. А так, як вы жывяце, – сорам вам, калі вы здаровы мужчына!

Паважаны! Калі вы думаеце, што пры новай уладзе, калі яна будзе, пры новым прэзыдэнту вам будзе зь неба манна сыпацца, і вы спадзеяцеся нічога самастойна не рабіць, то дарэмна вы так думаеце. У любой краіне пры любой уладзе, калі чалавек сам пра сябе не паклапоціцца, ня будзе працаваць як трэба, то ён будзе пражываць так, як вы пражываеце”.

(Людміла Белахвостава: ) “Хачу задаць пытаньне камандзе Мілінкевіча наконт нашых нацыянальных сымбаляў. Чаму ўсё-такі каманда Мілінкевіча выбрала такія колеры – сіні, белы і чырвоны?

Я хачу нагадаць, што 2006 год – гэта юбілейны год Максіма Багдановіча, 115-ыя ўгодкі з дня нараджэньня. Нашыя нацыянальныя сымбалі – гэта герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! Я лічу, што ў цяперашні час павінен быць адзін кандыдат у прэзыдэнты ад народу! Такім кандыдатам зьяўляецца глыбока паважаны Алесь Мілінкевіч. Супраць Аляксандра Казуліна нічога ня маю. Я лічу, што трэба ўсе сілы і сродкі накіраваць на адзінага кандыдата. Вялікая бяда, што Лукашэнка і яго падхалімы ўсё робяць на фальсыфікацыю выбараў. Зянон Пазьняк абсалютна мае рацыю, як заўсёды! Абавязкова пастарацца ажыцьцявіць яго ідэю! Вельмі цяжкая задача перад дэмакратамі, але трэба ахапіць толькі ўсе гарады, і будзе дастаткова, каб абвясьціць прэзыдэнтам Алеся Мілінкевіча”.

(Спадар:) “За Беларусь з новым прэзыдэнтам!”

(Спадар: ) “Я і ўсе мае сваякі і знаёмыя вельмі заклапочаныя гэтымі выбарамі. Вось гляньце, амэрыканцы прасунулі гэтага Саакашвілі і плацяць яму заробак. Што ён робіць супраць свайго народу і супраць Расеі! Вось спэцыяльна падставілі нейкую машыну, трохі зачапілі там яе… І адразу наляцелі ўсе, тэлебачаньне… Падроблена ўсё было!

І вы падтрымліваеце вось гэтых усіх Мілінкевічаў, якія потым вымушаныя будуць у нас тут правакатарамі быць на службе ў Амэрыкі і рваць усе сувязі з нашымі братамі з Расеі і Ўкраіны, якія мы з такой цяжкасьцю аднавілі. Гэта ня пройдзе! Так нельга!”

(Іван Карпавіч: ) “Вось ідзе палеміка пра сымболіку. І палітыкі, і грамадзяне выступаюць наконт таго, якая сымболіка павінна ў Беларусі быць. Ні ў адной краіне сьвету не мяняюць сымболікі. Нашыя продкі мелі сымболіку, і мы павінны жыць пры гэтай сымболіцы! Трэба, каб мы паважалі нашых продкаў!

І другое. Гісторыкі павінны займацца сымболікай у кожнай краіне, а не палітыкі! Ленін яшчэ казаў: “Кухарка будзе кіраваць дзяржавай”. Кухарка прыйшла да ўлады, і яна мяняе сымболіку. Сьмешна проста! На ўзроўні Захаду нам проста сорамна! Ці ёсьць у нас гісторыкі ў Беларусі, ці няма? Яны павінны выступіць, і яны павінны вырашаць пытаньне аб сымболіцы, а не палітыкі!”

(Спадар: ) “Пачуў, што ідзе размова пра беларускую нацыянальную сымболіку. Бел-чырвона-белы сьцяг – наш нацыянальны гістарычны сьцяг – і герб “Пагоня” – гэта нашая гісторыя, гэта нашая памяць, гэта нашыя карані. А чырвоны гэты сьцяг, які нам навязалі бальшавікі, дык пад гэтым сьцягам каралі сьмерцю беларускіх хлопцаў у Курапатах, вывозілі ў Сібір, на мароз выкідалі дзяцей і дарослых. І цяпер у краінах былога Саюзу і ў Расеі гэтая сымболіка даўно ляжыць на сьметніку, а вярнулі гістарычныя сьцягі і гербы”.
XS
SM
MD
LG