Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Малады фронт": Нас не запалохаць рэпрэсіямі


Радыё Свабода Актывісты незарэгістраванага “Маладога фронту” зьбіраюцца правесьці шэраг акцыяў пратэсту супраць утрыманьня ў Менскім сьледчым ізалятары сябраў гэтай арганізацыі Артура Фінькевіча і Зьмітра Касьпяровіча. Фінькевіча за маляваньне апазыцыйных графіці абвінавачваюць у хуліганстве, а Касьпяровіча падазраюць у зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч гаворыць, што такім чынам улады напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў спрабуюць задушыць любы грамадзкі супраціў.

Маладафронтаўцаў Артура Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага затрымалі ноччу з 31 студзеня на 1 лютага падчас напісаньня графіці “Мы хочам новага!” і “Дастаў!”. Янушэўскі адпушчаны пад падпіску пра нявыезд, а Фінькевіч 3 лютага пераведзены ў сьледчы ізалятар. Па артыкуле “злоснае хуліганства” ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Зьміцер Касьпяровіч знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы ўжо каля двух тыдняў. Ён падазраецца ў зьняцьці з будынку Менгарвыканкаму дзяржаўнага сьцягу. Сьледчыя дзеяньні ў ягонай справе ўжо скончаныя. Маці Зьмітра Тацяна Касьпяровіч днямі атрымала ад сына ліст:

(Касьпяровіч: ) “Прашу перадаць вялікую падзяку ўсім тым, хто мяне падтрымлівае. Папрасі адваката, каб часьцей да мяне заходзіў. Празь яго можна было б больш дакладна абменьвацца інфармацый. Я ня ў курсе, калі перададуць маю справу ў суд”.

Крымінальныя справы таксама пачалі супраць Аляксея Янушэўскага і Паўла Красоўскага з Жодзіна, які падазраецца ў паклёпе на дзяржаўную асобу. А Павал Севярынец 4 лютага быў выкліканы да начальніка Ветрынскай спэцкамэндатуры, дзе яму вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне. У гэты дзень Севярынца меўся наведаць кіраўнік беларускага прадстаўніцтва амбасады Швэцыі ў Расеі Стэфан Эрыксан. Дыплямата да Паўла не пусьцілі і нагадалі, што замежныя грамадзяне, якія хочуць зь ім сустрэцца, павінны мець дазвол Міністэрства ўнутраных справаў.

Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч гаворыць, што рэпрэсіі ня спыняць іхнай дзейнасьці:

(Дашкевіч: ) “Гэтыя рэпрэсіі, безумоўна, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі. Лукашэнка разумее, што моладзь зьяўляецца для яго самай вялікай небясьпекай. Нягледзячы на гэтыя крымінальныя справы, “Малады фронт” заяўляе, што мы будзем працягваць рэалізоўваць тыя кампаніі, у якіх бярэм удзел. Нас не запалохаць ніякімі рэпрэсіямі”.

Зьміцер Дашкевіч сказаў, што неўзабаве маладафронтаўцы правядуць шэраг акцыяў у падтрымку зьняволеных сяброў. А ў дзень сьвятога Валянціна “Малады фронт” ладзіць акцыю пад назваю “Мы любім Беларусь, мы любім адзінага!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG