Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін – Мілінкевічу: “Я ня проста Казулін. За мной стаіць кааліцыя”


Валер Каліноўскі, Менск Патэнцыйны кандыдат на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Казулін накіраваў адказ прэтэндэнту ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу на суботні зварот апошняга. Мілінкевіч прапаноўваў да 15 лютага выпрацаваць крытэры для вызначэньня аднаго кандыдата, які будзе прадстаўляць на выбарах апазыцыйныя сілы. Аляксандар Казулін у лісьце нечакана згадаў пра будучую сустрэчу Мілінкевіча з Кандалізай Райс, што абверглі ў штабе прэтэндэнта ад аб''яднанай апазыцыі А.Мілінкевіча.

Аляксандар Казулін назваў прапанову спадара Мілінкевіча да 15 лютага выпрацаваць крытэры для вызначэньня аднаго кандыдата, які будзе прадстаўляць на выбарах апазыцыю, “ультыматумам з пазыцыі сілы”, чым, са словаў Казуліна, Мілінкевіч прыпадабняецца да “вядомай фігуры, якая ўжо ўсім надакучыла”. Казулін прапануе Мілінкевічу сустрэцца і канкрэтна дамовіцца аб магчымым аб’яднаньні камандаў у выпадку нерэгістрацыі аднаго з кандыдатаў, а таксама аб арганізацыі сумеснага назіраньня і агітацыі.

“Я ня проста Казулін. За мной стаіць вельмі значная кааліцыя, пабудаваная не на ўнутраных супярэчнасьцях, а на адзінстве і згуртаванасьці дзеля дасягненьня пастаўленай мэты”, — піша Аляксандар Казулін Аляксандру Мілінкевічу. Акрамя таго, ён зазначыў, што разумее, што “пасьля сустрэчаў на вельмі высокім ўзроўні ў Эўропе і напярэдадні сустрэчы з Кандалізай Райс становіцца цяжка знаходзіць кампрамісы”.

Пры гэтым спадар Казулін зазначыў, што важна ня быць чыімсьці праектам — амэрыканскім, заходнім ці расейскім. Такі тон у лісьце спадара Казуліна быў нэгатыўна ўспрыняты ў штабе Мілінкевіча, зазначыў намесьнік кіраўніка штабу Віктар Карняенка:

(Карняенка: ) “Ліст напісаны ў дастакова абразьлівай форме, зноў нейкія намёкі на тое, хто ёсьць чыім праектам і так далей. Я лічу, што каманда Казуліна проста не гатовая да аб’яднаньня, і гэтым можна тлумачыць такі адказ”.

Што да згадкі Казуліна пра сустрэчу Мілінкевіча з Кандалізай Райс, то спадар Карняенка заявіў, што такой інфармацыі ні ў яго, ні ў каго іншага ў штабе няма:

(Карняенка: ) “Ну, гэта, напэўна, вядома аднаму Казуліну. Дзе ён атрымлівае інфармацыю, я не магу сказаць”.

Кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін, які разам з адзіным кандыдатам сёньня быў у Маскве, абверг згадку Казуліна пра сустрэчу з Кандалізай Райс:

(Калякін: ) “Глупства гэта, нічога такога і блізка не плянуецца”.

Намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк паведаміў, што ліст Мілінкевічу складаўся калегіяльна, але хто прапанаваў унесьці згадку пра сустрэчу з Кандалізай Райс, ён ня змог сказаць:

(Нісьцюк: ) “Нават ня ведаю, адкуль гэта зьявілася, таму што мы гэтаму вялікага сэнсу не надавалі, тут ня ў гэтым жа пытаньне. У нас іншая мэта”.

Аляксандар Казулін прапануе Аляксандру Мілінкевічу дамоўленасьць аб тым, што калі кагосьці зь іх улады не зарэгіструюць кандыдатам, то ягоная каманда будзе парцаваць на кампанію іншага. Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што такім чынам апазыцыя аддасьць ініцыятыву ў рукі ўладаў, і тыя абяруць сабе больш зручнага апанэнта. У апазыцыйнай кааліцыі лічаць, што пасьля рэгістрацыі кандыдатаў перамовы аб адзінстве паміж Мілінкевічам і Казуліным ня маюць сэнсу.

Гл. таксама • Казулін і Мілінкевіч пабывалі ў Маскве
XS
SM
MD
LG