Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабольшала падставаў для адмовы ва ўезьдзе ў Беларусь замежнікам


Ігар Карней, Менск. 5 лютага набыў моц закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Закон прадугледжвае больш жорсткія патрабаваньні да замежных грамадзянаў, якія зьбіраюцца наведаць Беларусь. Апроч таго, істотна пашыраны пералік падставаў для адмовы іншаземцам ва ўезьдзе ў Беларусь.

Паводле Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, уезд у Беларусь забаронены для 40,5 тысяч замежнікаў. У гэтым сьпісе найперш асобы, якія зьдзейсьнілі на тэрыторыі краіны правапарушэньні і былі дэпартаваныя.

Аднак, паводле закону “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, пералік падставаў да адмовы ва ўезьдзе ў Беларусь пашыраны. Перадусім, беларускія межы будуць зачыненыя для тых, каго праваахоўныя органы падазраюць у датычнасьці да тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў. Аднак прадстаўнік МЗС Андрэй Папоў ня схільны лічыць, што праца беларускіх консульскіх установаў за межамі краіны будзе істотна адкарэктаваная, паколькі працэдура візавага афармленьне і дагэтуль была досыць грунтоўная.

(Папоў: ) “Пэўна, ня трэба адразу рабіць інтэрпрэтацыі наконт таго, што будзе больш жорсткая праверка заяўнікаў. Бо пытаньне яшчэ патрабуе больш дасканалага вывучэньня. Прынамсі, мы зыходзім з таго, што МЗС зьяўляецца складнікам Савету Міністраў, які ініцыяваў гэты закон, і мы арыентуемся на тыя рамкі, якія нам акрэсьлівае вышэйшая інстанцыя”.

У адпаведнасьці з нормамі закону, працэдура рэгістрацыі замежнікаў беларускімі міграцыйнымі органамі будзе кантралявацца больш пільна. Цяпер іншаземец за тры дні па прыезьдзе мусіць падаць заяву аб рэгістрацыі ў Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі, прыкласьці мэдычную страхоўку, а таксама пацьвердзіць наяўнасьць грошай на кожны дзень знаходжаньня ў Беларусі — у эквіваленце каля 15 даляраў (адна базавая велічыня). Жыць замежнік мусіць толькі па месцы рэгістрацыі, а адпаведныя органы пакідаюць за сабой права праверыць выкананьне гэтага патрабаваньня.

Аўганец Абдул Хамадзі мае ў Беларусі від на жыхарства. Аднак гэта не ратуе яго ад пастаянных праверак пашпарту міліцэйскімі патрулямі. Кожны месяц ён мусіць адзначацца ў праваахоўных органах, а цяпер паходы туды, як мяркуе спадар Хамадзі, стануць яшчэ больш частымі.

(Хамадзі: ) “Стан замежнікаў і так не салодкі. Мы пад пастаянным кантролем міліцыі. Цяпер, верагодна, будзе яшчэ больш пільны нагляд. Я разумею, што гэта патрэбна дзеля бясьпекі дзяржавы, але мэтазгоднасьці яшчэ больш жорсткіх захадаў ня бачу. Стабільнасьць, пра якую тут так шмат гавораць, лічу, не змушае да такой падазронасьці да замежнікаў. Сытуацыя толькі горшая ад гэтага стане”.

Ад 5 лютага гэтаксама набылі сілу новыя правілы транзыту замежнікаў. Цяпер грамадзяне іншых краінаў мусяць праехаць праз тэрыторыю Беларусі максымум за двое сутак, а пры сабе мець у эквіваленце 70 даляраў на кожны дзень. Перасякаючы краіну на аўтатранспарце, замежнікі могуць карыстацца толькі трасамі міжнароднага значэньня.

Неўзабаве Савет Міністраў зацьвердзіць яшчэ шэраг дакумэнтаў, якія тычацца знаходжаньня іншаземцаў у Беларусі. Сярод іх палажэньне аб парадку высылкі замежных грамадзянаў, палажэньне аб міграцыйнай карце і палажэньне аб замежніках, якія прыяжджаюць у краіну на сталае жыхарства.
XS
SM
MD
LG