Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта да нацыянальнай сымболікі?


Радыё Свабода Першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі прайшла пад бел-чырвона-белым сьцягам. Аднак ужо ў 1995 годзе ён ініцыяваў рэфэрэндум зьмены сымболікі. Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін гавораць пра важнасьць нацыянальнай сымболікі – бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня".

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, цяперашнія дзяржаўныя сымбалі – гэта “сымбалі адзінства нацыі, і ў іх спаўна адлюстраваны перавагі дзейнага грамадзкага і палітычнага ладу”. Бел-чырвона-белы сьцяг быў разарваны. Цяпер старадаўняя нацыянальная сымболіка беларусаў у Беларусі фактычна забароненая. Яна стала сымболікай часткі апазыцыі.

Сяргей Гайдукевіч адмовіўся гаварыць на тэму нацыянальных сымбаляў, спасылаючыся на рашэньне найвышэйшага савету партыі.

(Гайдукевіч: ) “Вы ўсё пра мяне ведаеце, а калі што ня ведаеце, я адкажу пасьля таго, як мяне зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты”.

У кабінэце спадара Гайдукевіча чырвона-зялёны сьцяг. Гэтыя самыя афіцыйныя колеры прыняла і ягоная Лібэральна-дэмакратычная партыя.

А вось прэтэндэнт у кандыдаты Аляксандар Казулін заяўляе, што ў ягонай перадвыбарчай кампаніі выкарыстоўваецца нацыянальная сымболіка.

(Казулін: ) “Я, у адрозьненьне ад Мілінкевіча, не бяру сымбаляў – блакітнага ці джынсавага. Для мяне сымбалі нацыянальныя – сьвятыя і важныя. Бел-чырвона-белы сьцяг – адзін са старадаўніх у Эўропе. І што ён нясе па сваёй глыбіннай сутнасьці? Гэта кроў на плашчаніцы Хрыста. Калі мы бярэм герб "Пагоня", то зноў жа трэба глядзець у глыбіню стагодзьдзяў. Вершнік – гэта ўвасабленьне бога Ярылы, бога Сонца. Натуральна, мы за тое, каб мы сьвятлом расьсейвалі тую цемень, якая сёньня навісла над Беларусьсю”.

(Карэспандэнт: ) “А як вярнуць гэтыя сымбалі ў якасьці дзяржаўных?”

(Казулін: ) “Ня трэба рабіць нейкага гвалту, а трэба вельмі спакойна займацца дасьледчай працай. І глядзець на тыя карані, якія з глыбіні стагодзьдзяў прыйшлі сюды. Мы павінны ганарыцца гэтымі сымбалямі, а ня нейкім чынам іх апаганьваць альбо ганіць. Ёсьць тое, што ляжыць у сэрцы і душы, і яно вечнае. Мы павінны разумець, што проста ўзяць і ўсё памяняць імгненна, наўрад ці варта. Але празь нейкі прамежак часу, можа, празь месяц –два – тры, калі гэта стане натуральнай неабходнасьцю ў насельніцтва, то паўстане пытаньне, якое будзе разгледжана нармальна, сумленна і спакойна. І ўжо больш яны ніколі ня будуць адмененыя”.

Спадар Казулін мяркуе, што ў пытаньні дзяржаўных сымбаляў давядзецца праводзіць рэфэрэндум. Такой жа пазыцыі трымаецца і Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “У нас вельмі прыгожая сымболіка. Яе запэцкала прапаганда, але гэта праблема прапаганды, а ня нашая. Новая ўлада не павінна адразу ў першы ж дзень мяняць сымбалі. Яна проста павінна даць магчымасьць людзям, якія ведаюць гісторыю, патлумачыць, павінна даць ім доступ на тэлебачаньне. Яны такое раскажуць народу, што ўсе, нават бабулькі і дзядулькі, скажуць: Божа ж ты мой, чаму ж мы да сёньняшняга дня не карысталіся такой прыгажосьцю? Ня трэба ламаць народ праз калена. Проста трэба займацца асьветай. І я лічу, што гэта даволі хутка адбудзецца”.

(Карэспандэнт: ) “А як быць зь цяперашняй дзяржаўнай сымболікай?”

(Мілінкевіч: ) “Тая сымболіка, што сёньня ёсьць, з гістарычнага пункту гледжаньня мала цікавая. Таму што там многа парушэньняў геральдыкі. І сымболіка не выдумляецца. Яна захоўваецца. Таму гэта ўвойдзе у падручнікі, у кнігі як часовая сымболіка, якая выкарыстоўвалася ўладай зь вядомых прычынаў. Але карані ёсьць карані”.

Аляксандар Мілінкевіч згадаў, як ён выратаваў бел-чырвона-белы сьцяг, калі працаваў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму.

(Мілінкевіч: ) “Я ўзяў у загадчыка гаспадаркі той сьцяг, які зьнялі, бел-чырвона-белы, і аднёс яго ў музэй. Ён захоўваецца ў нашым гарадзенскім гістарычна-археалягічным музэі. Я лічу, што гэта гістарычны сьцяг, вось у Горадні ён, напэўна, ізноў залунае”.
XS
SM
MD
LG