Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагромы эўрапейскіх амбасадаў у Сырыі і Лібане


Радыё Свабода У мусульманскіх краінах працягваюцца акцыі пратэсту ў зьвязку з публікацыяй ў шэрагу эўрапейскіх мэдыяў карыкатураў на прарока Мухамэда. У суботу ў Дамаску адбыліся пагромы дацкай і нарвэскай амбасадаў, у нядзелю ў Лібане дэманстранты падпалілі консульства Даніі.

Як вынікае з выпускаў навінаў міжнародных агенцтваў, рэакцыя многіх мусульманаў на публікацыю карыкатураў становіцца ўсё больш агрэсіўнай. Але натуральна, што ў мусульманскіх краінах ёсьць дастаткова і прыхільнікаў мірнага вырашэньня канфлікту.

Напрыклад, у суботу, калі дэманстранты штурмавалі дацкую і нарвэскую амбасады, адзін з уплывовых сырыйскіх рэлігійных лідэраў Зіяд аль-Аюбі такімі словамі зьвяртаўся да натоўпу з заклікам спыніць гвалт.

(Аюбі: ) “Дзеці гэтага паважанага народу, вы ўжо дасткова выказалі свае абурэньне. Вяртайцеся ў вашыя дамы. Пакіньце гэтую плошчу, і няхай гэтая краіна застанецца такой, як яна была раней – мірнай і бясьпечнай”.

Раней прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай заклікаў усіх мусульманаў да цярпімасьці і дараваньня. А генэральны сакратар Арганізацыі Ісламскай канфэрэнцыі Экмэледын Іхсанаглу заявіў, што дзеяньні дэманстрантаў нясуць шкоду ісламу.

Але, тым ня менш, гвалт працягваецца. Учора ў Бэйруце падчас разгрому дацкага консульства здарыліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ супраць дэманстрантаў. У выніку міністар унутраных справаў Лібану пайшоў у адстаўку.

Як мяркуюць некаторыя аналітыкі, у шэрагу краінаў сытуацыю спрабуюць выкарыстаць у сваіх мэтах радыкальна настроеныя рухі.

Урады Даніі і Нарвэгіі асудзілі Сырыю за тое, што яна дапусьціла падпал іх амбасадаў. Капэнгаген і Осла назвалі непрымальным той факт, што гэты пратэст адбываўся з дазволу ўладаў, і папрасілі сваіх грамадзянаў пакінуць Сырыю. Данія заклікала лідэраў ісламскіх краінаў спыніць гвалт. Гэты зварот падтрымалі дацкія грамадзяне, якія ўчора выйшлі на мірную дэманстрацыю ў Капэнгагене з заклікам да дыялёгу.

Тым часам прадстаўнікі мусульманскай супольнасьці Даніі ўжо прызнаюць, што сытуацыя выйшла за межы проста пратэстаў супраць публікацыі карыкатураў на прарока Мухамэда.

Нагадаю, што карыкатуры летась у верасьні надрукавала адна з дацкіх газэтаў. Пазьней на знак падтрымкі калегаў і салідарнасьці з прынцыпамі свабоды слова гэтыя карыкатуры перадрукавалі газэты многіх эўрапейскіх краінаў. На некаторых зь іх прарока Мухамэда прадстаўлялі ў выглядзе тэрарыста. У ісламскай традыцыі выявы прарока забароненыя.
XS
SM
MD
LG