Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква будзе адмоўна рэагаваць у выпадку грамадзкіх непарадкаў у Беларусі


Радыё Свабода Расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў назваў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку самым папулярным палітыкам у Беларусі. Заява, якую распаўсюдзілі ўсясьветныя інфармацыйныя агенцтвы, зробленая сёньня, у нядзелю, у Мюнхене ў часе 42-й канфэрэнцыі па пытаньнях міжнароднай бясьпекі. Сяргей Іваноў заявіў таксама, што ня мае ніякага сумневу ў тым, што Лукашэнка пераможа ў маючых адбыцца ў сакавіку прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле расейскага міністра, Масква будзе адмоўна рэагаваць у выпадку нейкіх грамадзкіх непарадкаў у Беларусі, падобных да тых, што адбыліся ў іншых краінах СНД. “Але мы мусім зрабіць усё, каб гэтага не было”, удакладніў Іваноў у часе свайго выступу на міжнароднай канфэрэнцыі.

Пазыцыя Сяргея Іванова выклікала крытыку з боку намесьніка дзяржсакратара ЗША Робэрта Зэліка і некалькіх амэрыканскіх сэнатараў. Яны нэгатыўна выказаліся адносна ціску Масквы на суседнія постсавецкія краіны і таго рэгрэсу, які назіраецца ў Расеі ў пытаньні дэмакратызацыі грамадзтва.

Кіраўнік нямецкага замежнапалітычнага ведамства Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў Расею “важным стратэгічным партнэрам Эўропы ў пытаньнях бясьпекі”. Напярэдадні, у часе сустрэчы ў Бэрліне зь лідэрам беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам, спадар Штайнмаер надаў значэньне існаваньню “добрых стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй”, аднак пры гэтым падкрэсьліў “гатовасьць Нямеччыны і Эўразьвязу падтрымаць Беларусь на шляху дэмакратызацыі”.
XS
SM
MD
LG