Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаная Незалежная грамадзкая камісія па народным галасаваньні


Радыё Свабода 5 лютага ў Менску прайшоў устаноўчы сход Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў, якая мае арганізаваць працэдуру народнага галасаваньня – ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага імпічмэнту А.Лукашэнку. Ідэя народнага галасаваньня палягае ў прапанове да выбаршчыкаў забіраць свае выбарчыя бюлетэні і перадаваць іх грамадзкай камісіі і яе аддзелам на месцах. Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах ад апазыцыі з сумневам паставіліся ў магчымасьць посьпеху гэтай ініцыятывы.

Як паведаміў сябра Рады новастворанай Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў Юры Беленькі, ва ўстаноўчым сходзе прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласьцей краіны, касьцяк гэтай арганізацыі склаў актыў КХП БНФ. Абраная рада і рэвізійная камісія, ухваленыя статутныя дакумэнты, якія будуць перададзеныя ў для рэгістрацыі ў Мін''юст, паведаміў спадар Беленькі.

Апрача яго ў склад Рады абраныя Сяргей Папкоў, Уладзімер Раманцоў, Валеры Буйвал і Алесь Чахольскі. Спадар Беленькі спадзяецца, што гэтая грамадзкая арганізацыя будзе аб’ядноўваць людзей розных палітычных поглядаў, якія не жадаюць дапусьціць фальсыфікацыяў на выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка:

(Беленькі: ) “Калі далей так імкліва пойдуць гэтыя працэсы, то сапраўды мы гэтую ідэю народнага галасаваньня рэалізуем, бо велізарны настрой у грамадзтве супрацьстаяць фальсыфікацыям. На сёньняшні дзень гэта адзіная ідэя, якая мае пад сабой рэальны грунт, да таго ж абсалютна палягае ў рамках дзейнага заканадаўства, абсалютна законная, і якая на выхадзе мае рэальныя шанцы быць рэалізаванай”.

Юры Беленькі спадзяецца на далейшае пашырэньне ідэі народнага галасаваньня ў грамадзтве.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч гэтак выказаў свае адносіны да фармаваньня грамадзкай камісіі па народным галасаваньні:

(Мілінкевіч: ) “Ідэя сама па сабе вельмі цікавая. Я б за яе дзьвюма рукамі быў бы, калі б я верыў, што магчыма хаця б палову насельніцтва ўгаварыць гэта зрабіць. Паколькі мы ня можам, і будзе вельмі малая колькасьць людзей, гэта пашкодзіць агульнай справе… Мы ж кажам, што трэба ісьці на ўчасткі, трэба ўкінуць бюлетэнь абавязкова, каб і камісіі ўбачылі, што на самой справе ёсьць, гэта таксама ў іх будзе дэпрэсію выклікаць. Шкада, што мы часам у аблоках лятаем, а не па зямлі ходзім”.

Іншы патэнцыйны кандыдат на выбарах 19 сакавіка, лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін таксама ў прынцыпе станоўча ацэньвае ідэю народнага галасаваньня, але ня верыць у ягоны посьпех:

(Казулін: ) “Галоўнае, каб людзі разумелі, што да чаго, і добра, калі да іх будзе даносіцца інфармацыя, што Лукашэнка нелегітымны, аб тым, што ён парушыў Канстытуцыю, пра што сёньня ніхто не ведае. Таму, канешне, я да гэтай ініцыятывы стаўлюся нармальна, толькі трэба глядзець, які будзе вынік. Я проста зьдзіўляюся, наколькі ў нас цягам апошніх 15 гадоў была віртуальная палітыка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG