Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя назіральнікі: “Улады паўтараюць ранейшую практыку”


Радыё Свабода Незалежныя назіральнікі за перадвыбарчай кампаніяй у Беларусі ацэньваюць яе першыя этапы – збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты і вынікі фармаваньня тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў.

Унутранае назіраньне праводзіцца шэрагам спэцыялістаў у галіне выбарчых тэхналёгій, юрыстамі і праваабаронцамі. Акадэмік Аляксандар Вайтовіч адзначае, што падчас збору подпісаў “у шырокім пляне быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс” на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. А ў выбаркамы ня ўключаны амаль ніхто з прадстаўнікоў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча.

Спадар Вайтовіч таксама адзначае датэрміновы пачатак агітацыі за А.Лукашэнку. Ён прывёў у якасьці прыкладу агульны сход Акадэміі навук, які адбыўся ў пятніцу.

(Вайтовіч: ) “Насуперак парадку дня, адзінае, што віцэ-прэзыдэнт знайшоў сказаць перад такім сходам: "Я выбар зрабіў. Я буду галасаваць за Лукашэнку. Заклікаю ўсіх галасаваць за Лукашэнку!" У савецкі пэрыяд на агульным сходзе ніколі такога не бывала. Гаварылі пра свае справы, якія тычацца навукі і навацый. Але каб вось так нахабна ўжо распачаць агітацыйную кампанію, калі яна яшчэ забаронена законам, гэтага ніколі не было. Вось так і будзе ўсё адбывацца”.

Спадар Вайтовіч удзельнічаў у маніторынгу выбарчай кампаніі і рэфэрэндуму 2004 года. Як ён ставіцца да заявы назіральнікаў СНД, што “ў цэлым падрыхтоўка да выбараў ідзе ў спакойнай абстаноўцы”?

(Вайтовіч: ) “Зьнешне, магчыма, гэта так і выглядае. Але пакуль усё, што робіцца, робіцца так, як у 2004. Ніхто не ўключаецца з прадстаўнікоў іншых кандыдатаў у выбарчыя камісіі. Далей у выбарчых камісіях ужо ня лічаць галасы. Я наглядаў гэта ў 2004. Яны аб’яўляюць тое, што ім сказана зьверху”.

Назіраньне за выбарчай кампаніяй вядуць таксама актывісты Беларускага Хэльсынскага камітэту. Паводле сябра БХК Алега Гулака, правядзеньне выбараў ня стала лепшым параўнальна зь мінулымі кампаніямі.

(Гулак: ) “Пакуль не відаць, каб улады хацелі правесьці адкрытыя і празрыстыя выбары. Ноў-хаў – гэта прыцягненьне да адказнасьці сябраў ініцыятыўных груп за датэрміновую агітацыю за сваіх кандыдатаў. Раней такога не было. Сытуацыя зрабілася яшчэ больш жорсткая, і яшчэ большы адыход ад тых дэмакратычных стандартаў, якія прадугледжваюцца і Капэнгагенскім дакумэнтам АБСЭ, і нашымі выбарчымі нормамі”.

Паводле юрыста Валянціна Стэфановіча, першыя этапы кампаніі сьведчаць пра тое, што ўлады “паўтарылі ранейшую практыку”.

(Стэфановіч: ) “Выбарчыя камісіі сфармаваны аднабока. У іх прадстаўлены толькі тыя суб’екты, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. Таму казаць пра нейкую аб’ектыўнасьць падчас выбараў не выпадае. А што тычыцца збору подпісаў, то тут было масавае парушэньне выбарчага заканадаўства. Проста выбараў ужо даўно няма ў краіне. Усё што робіцца – гэта тэатар і цырк. А Рушайла – гэта адзін з элемэнтаў гэтага цырку”.

Адносна назіральнікаў СНД спадар Стэфановіч заўважыў:

(Стэфановіч: ) “Задача гэтай місіі – гэта легітымізацыя выбараў у краінах, у якіх вельмі вялікія праблемы з дэмакратыяй. Яна палітычна ангажаваная і абсалютна аднабаковая”.

Паводле Цэнтравыбаркаму, у Беларусі пакуль акрэдытаваныя міжнародныя назіральнікі місіі СНД і два прадстаўнікі Цэнтравыбаркаму Казахстана. Чакаецца, што з 6 лютага ў Беларусь прыедуць першыя назіральнікі ад місіі АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG