Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Лябедзька: "Рыхтуецца махровая, маштабная фальсыфікацыя"


Радыё Свабода Прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый заяўляюць пра тое, што ўлады рыхтуюцца да масавых фальшаваньняў прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта сьведчаць вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій. Нагадаем, беларускія ўлады ўключылі толькі двух прадстаўнікоў апазыцыі ў склад участковых выбаркамаў.

Усяго сфармавана 6586 выбаркамаў, у іх склад увайшлі 74 107 сябраў. У Цэнтравыбаркаме паведамілі, што ў склад участковых выбарчых камісій ад апазыцыі ўключаны адзін прадстаўнік АГП, які вылучаўся ў Віцебскай вобласьці, і адзін прадстаўнік БСДП (Грамада) – у Менскай вобласьці. Прадстаўнік Грамады Сяргей Кучук зьяўляецца сябрам выбаркаму Прысынкаўскага ўчастка №9 у Ўзьдзенскім раёне.

АГП вылучыла ў Менску 541 прадстаўніка. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька таксама вылучаўся і шляхам збору подпісаў, і непасрэдна ад партыі. Але не ўключылі ні яго, ні Станіслава Багданкевіча, ні Людмілу Гразнову і іншых сябраў партыі.

(Лябедзька: ) “Рыхтуецца махровая, маштабная фальсыфікацыя. Калі б улады былі перакананы хаця б там на 50 працэнтаў у сваіх сілах, то яны хаця б зрабілі выгляд нейкага плюралізму. Гэта яшчэ адно сьведчаньне, яшчэ адзін доказ не на словах, не на эмоцыях, а на фактах, што выбараў няма, і рыхтуецца фальсыфікацыя. І Лукашэнка з дапамогай мэханізму фальсыфікацый хоча застацца ля ўлады”.

Ад Партыі камуністаў Беларускай ў склад участковых выбаркамаў ня трапіў ніводзін прадстаўнік. Паводле старшыні ПКБ Сяргея Калякіна, вынікі фармаваньня камісій сьведчаць пра тое, што ўлады ня хочуць рабіць сумленныя і празрыстыя выбары, яны рыхтуюцца да фальшаваньняў.

(Калякін: ) “Мы запрашаем сёньня грамадзян, якія будуць галасаваць за Мілінкевіча, каб яны прыходзілі ў дзень выбараў да выбарчага ўчастку і правяралі, як улічваюцца іх галасы. І калі гэтых людзей прыйдзе шмат на выбарчы ўчастак, то будзе бачна, што адбываецца фальшаваньне. Таму што, калі такіх людзей на вуліцы будзе стаяць 500, а будуць казаць і пісаць у выніковыя пратаколы, што іх усяго 20, гэта відавочнае фальшаваньне, якое дасьць падставы, каб людзі пратэставалі супраць гэтых выбараў і патрабавалі адмены гэтых выбараў і пераліку галасоў”.
XS
SM
MD
LG