Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч адказвае Казуліну на прапанову аб аб’яднаньні сілаў


Радыё Свабода 4 лютага палітычная рада апазыцыйнай кааліцыі і Цэнтральны камітэт БСДП “Грамада” абмеркавалі магчымасьці ўзаемнага супрацоўніцтва і аб’яднаньня сілаў у выбарчай кампаніі. А.Мілінкевіч прапаноўвае А.Казуліну вызначыцца аб адзіным кандыдаце ад дэмакратычных сіл да 15 лютага.

Палітычная рада аб’яднанай апазыцыі вывучыла прапановы Аляксандра Казуліна аб узаемнай падтрымцы ў выпадку нерэгістрацыі кагосьці з дэмакратычных кандыдатаў, а таксама вынікі першага раўнду перамоваў прадстаўнікоў двух штабоў. Паводле рашэньня Палітрады падрыхтаваны зварот А.Мілінкевіча да А.Казуліна з прапановай вызначыцца аб адзіным кандыдаце ад дэмакратычных сіл да 15 лютага на аснове ўзгоджаных крытэраў: колькасьці сабраных подпісаў, рэйтынгаў, наяўнасьці структур у рэгіёнах. Акрамя таго, Палітрада заклікае ўлічыць таксама вынік Кангрэсу дэмакратычных сілаў, у якім прыняло ўдзел і каля 60 сябраў партыі Казуліна.

Штаб Мілінкевіча гатовы пачуць прапановы па іншых крытэрах і з боку каманды Казуліна.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу памылковым, што мы ўжо пайшлі рознымі калёнамі, і яшчэ зьбіраемся на першы тур, а я ведаю, што другога не будзе. Нашая прапанова канкрэтная і жорсткая: калі да 15-га ня будзе адказу па крытэрах (мы свае прапанавалі, слухаем іх крытэры) і ня будзе рашэньня, то пасьля гэтыя перамовы ўжо не маюць сэнсу”.

Аляксандар Казулін на гэта зазначыў, што гэтым самым штаб Мілінкевіча фактычна прапануе яму далучыцца да іх кааліцыі. Спадар Казулін мяркуе, што спачатку трэба дачакацца рэгістрацыі кандыдатаў:

(Казулін: ) “Па сілах – у нас сіл болей, па подпісах – у нас подпісаў больш, дык хай да нас далучаюцца – якія праблемы? Мы ім прапануем далучыцца да нас. Яны нам скажуць: нас Эўропа падтрымлівае, ну добра, можа, нас хто іншы падтрымлівае”.

На паседжаньні ЦК БСДП “Грамада” Анатоль Ляўковіч заявіў, што штаб Мілінкевіча сабатуе ранейшыя дамоўленасьці наконт арганізацыі супольнага назіраньня:

(Ляўковіч: ) “Я зьвязаўся з Бухвоставым, мне сказалі, што менавіта ён у іх адказвае за назіраньне. Ён гэта пацьвердзіў, але ён сказаў: якое агульнае назіраньне, вось калі будзе адзіны кандыдат, тады мы гатовыя гэта рабіць”.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць гэта непаразуменьнем:

(Мілінкевіч: ) “Ёсьць рэгіянальныя структуры, ёсьць штабы ў гарадах, і яны хай там самі паміж сабой скантактуюцца, таму што толькі карысьць будзе, калі разам зробяць назіраньне. Мы не адмаўляемся, а наадварот лічым, што гэта неабходна рабіць”.

Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін змогуць абмеркаваць паміж сабою пытаньне адзінства апазыцыйных сіл ужо ў панядзелак – абодва яны зьбіраюцца 6 лютага прыняць удзел у канфэрэнцыі “Беларуска-расейскія адносіны да і пасьля выбараў”, якая пройдзе ў Маскве.
XS
SM
MD
LG