Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Gazeta Wyborcza": “Беларусь ігнаруе камісію ААН па правах чалавека”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Беларусь ігнаруе камісію ААН па правах чалавека” – такі загаловак мае публікацыя ў сёньняшнім нумары польскага штодзёньніка „Gazeta Wyborcza”. Газэта расказвае пра справу Ўладзіміра Вялічкіна, якога пакаралі за распаўсюд Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

„Gazeta Wyborcza” расказвае пра тое, як Уладзіміра Вялічкіна 10 студзеня 2001 году – у гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека – затрымалі берасьцейскія міліцыянты за тое, што ён раздаваў мінакам тэкст гэтага міжнароднага дакумэнту. Потым суд пакараў спадара Вялічкіна штрафам.

“Ад гэтага моманту пачаўся шлях Уладзіміра Вялічкіна праз чарговыя судовыя інстанцыі: нават Вярхоўны суд прызнаў, што распаўсюд міжнароднага дакумэнту – гэта ўдзел у нелегальным сходзе, а значыць – парушэньне закону. Тады спадар Вялічкін зьвярнуўся ў камісію ААН па правах чалавека”, піша “Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае, што Камісія праз пяць гадоў прызнала, што Беларусь парушыла міжнародную Дэклярацыю аб грамадзянскіх і палітычных правах, таму беларуская дзяржава павінна кампэнсаваць страты Ўладзіміру Вялічкіну.

“Аднак Вярхоўны суд Беларусі не прыняў да ведама рашэньне Камісіі. Беларускія юрысты падкрэсьліваюць, што ААНаўская камісія ня можа нікога змусіць падпарадкоўвацца сваім пастановам, але ў Эўропе гэтыя пастановы абавязкова выконваюць. Выключэньне – краіны Азіі і Афрыкі”, піша „Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае, што на сёньняшні дзень камісія ААН па правах чалавека разглядала 8 скаргаў ад грамадзянаў Беларусі на парушэньне іхных правоў дзяржавай і ва ўсіх выпадках прызнала, што ўлады сапраўды парушылі правы чалавека.
XS
SM
MD
LG