Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша Ніва: “Сярод сяброў РБ самы небясьпечны – Іран”


Падрыхтаваў Аляксандар Уліцёнак Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук.

За тыдзень ад мінулага агляду прэсы зьявіліся ажно тры здвоеныя нумары “Народнай волі”: яна пачала ўваходзіць у фармат штодзённага выданьня, хоць рабіць гэта па-ранейшаму вельмі складана.

Асноўная тэма газэты – выбарчы маратон. Аўтарамі многіх публікацый сталі вядомыя палітыкі. Так, старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька канстатуе: “Краіна раскалолася. Адна частка гаворыць: “Хопіць!”, другая – “Давай яшчэ!” І што наперадзе?” Адказ такі: 19 сакавіка тысячы прыйдуць на плошчу Свабоды, каб заявіць: “Беларусь – вольная!”

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас перакананы: прэзыдэнцкая кампанія разьвіваецца па сцэнары ўладаў, а таму дэмакратычныя кандыдаты мусяць прыняць эфэктыўныя контрмеры, у прыватнасьці – выказаць недавер цяперашняму складу Цэнтральнай выбарчай камісіі і асабіста Лідзіі Ярмошынай.

Чытачы “Народнай волі” пазнаёмяцца таксама з думкамі пра выбарчую кампанію намесьніка старшыні БНФ Юры Хадыкі, палітоляга Сяргея Нікалюка, шараговых выбарнікаў. Газэта зьмяшчае інтэрвію са спадарамі Казуліным і Мілінкевічам.

*** Як вядома, ніводзін незалежны ад вэртыкалі кандыдат ня быў дапушчаны ў выбарчыя камісіі. На пытаньне “Нашай Нівы” – “Што з гэтага вынікае?”, першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі Вячаслаў Кебіч адказаў: “Думаю, што Лукашэнку будзе аддадзена больш за 70 працэнтаў...” Апазыцыйныя палітыкі Аляксандар Дабравольскі і Алесь Бяляцкі называюць іншую лічбу – 82 працэнты...

“Наша Ніва” падае шмат цікавай статыстыкі пра вынікі збору подпісаў. У своеасаблівым спаборніцтве штабоў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна перамога на баку першага. Лідэр сацыял-дэмакратаў з Грамады здолеў абыйсьці Мілінкевіча толькі ў Магілёўскай вобласьці.

*** Да “штабной” тэмы зьвяртаецца і “БДГ. Деловая газета”. Так, у офісе штабу Лукашэнкі, разьмешчаным у Доме афіцэраў, працуюць 27 чалавек – аналітыкі, група маніторынгу інфармацыі, па сувязях з грамадзкасьцю, юрыдычная служба. Прыблізна аднолькавы па колькасьці штаб Аляксандра Мілінкевіча месьціцца ў трох кабінэтах офісу Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Штаб Аляксандра Казуліна налічвае 12 чалавек, яны здымаюць прыватную кватэру ў цэнтры сталіцы.

У газэце “Товарищ” ход выбарчай кампаніі аналізуюць кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін, актывісты з Салігорску Ларыса Насановіч і Анатоль Сьцепаненка са Жлобіну.

*** Пра асноўныя тэмы чарговага нумару газэты “Згода” расказвае выпускаючы рэдактар Аляксандар Сьдзьвіжкоў:

(Сьдзьвіжкоў: ) “Цэнтральны артыкул нашага штотыднёвага выданьня мае назву “Вельмі сярэдні заробак”. Ён пра тое, як беларусы жывуць на свой сярэдні заробак – на свае 220 даляраў сярэдніх. І хто мае гэты сярэдні заробак. Вельмі цікавы артыкул “Непрацоўная этыка” – аб працоўным мэнталітэце беларусаў. Тых, хто працуюць на дзяржаву і на дзяржаўных прадпрыемствах”.

*** Тэмай нумару “БДГ. Деловой газеты” стала інфармацыя пра магчымае будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Кіраўнік Цэнтру па энэргаэфэктыўнасьці Аляксандар Міхалевіч прыводзіць шэраг цікавых лічбаў. Паводле дасьледаваньня Акадэміі навук краіны, ідэальная магутнасьць АЭС – два мільёны кіляват: гэта прыкладна чвэрць сёньняшняй вытворчасьці электраэнэргіі. Больш, лічыць навуковец, Беларусі не спатрэбіцца. Аднак цана будаўніцтва такой станцыі – два з паловай мільярды даляраў, калі заключаць кантракт з расейцамі, а заходнія варыянты ацэньваюцца ўжо ў чатыры мільярды. У “атамнай падборцы” БДГ чытачы даведаюцца таксама пра лёс 10-гадовага мараторыя на будаўніцтва ў краіне АЭС, пра ўдзел беларусаў у скандальных энэргапраграмах Ірану.

*** Дарэчы, аўтар “Нашай Нівы” Вацлаў Шаблінскі адзначае: “Сярод экзатычных сяброў РБ самы небясьпечны – Ісламская рэспубліка Іран”. І “калі Беларусь зловяць на кантактах зь Іранам, яна доўга ня здолее адмыцца. Усходні хаўрусьнік можа зрабіць ёй “падаруначак”, каб адвесьці ўвагу ад уласных махінацый зь небясьпечнымі таварамі”.

У артыкуле “Пасьля перамогі – вайна” Аляксандар Класкоўскі даводзіць чытачам “Нашай Нівы”, што першы прэзыдэнт ў праграмным інтэрвію нацыянальным тэлеканалам рыхтаваў электарат не да 19 сакавіка, а да непазьбежнай потым – хто б ні перамог – канфрантацыі з Масквою. Газэта працягвае аналізаваць тэлетэзы Лукашэнкі і ў адмысловым рэдакцыйным артыкуле.

*** Публікацыі Марыны Коктыш заўсёды прыцягваюць увагу чытачоў “Народнай волі”. Вось загалоўкі ейных артыкулаў у двух апошніх нумарах: “Ці знайшліся “мільёны Лявонава” (экс-дырэктара Менскага трактарнага заводу), “Толькі адной сваёй прысутнасьцю Сяргей Сідорскі прыносіць Лукашэнку ўдачу ў грошах...”

Сяргей Сацук, які таксама спэцыялізуецца на дасьледчай, прававой тэматыцы, пад рубрыкай “Беспрэцэдэнтны працэс” гэтым разам расказвае чытачам “Народнай волі” пра першы ў краіне судовы пазоў супраць сыстэмы прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў-мэдыкаў.

Нечаканую тэму ўздымае і Марыя Эйсмант:

(Эйсмант: ) “Судовыя працэсы, калі вырашаецца пытаньне, з кім павінна застацца дзіця пасьля скасаваньня бацькамі шлюбу, практычна заўсёды вырашаюцца на карысьць маці. А тут маці – маладая прыгожая жанчына, якая працуе, якая, дарэчы, добра выхоўвала дзіця, пазбаўляецца сына. Яго аддаюць на выхаваньне бацьку. Ну а чаму так здарылася, вы даведаецеся, калі пачытаеце нумар “Народнай волі” з гэтым матэрыялам”.

*** Шмат увагі надаюць усе рэдакцыі і гістарычнай, культурнай тэматыцы. Лідэр тут “Наша Ніва”. Васіль Аўраменка расказвае пра тое, што магілёўскія ўлады забаранілі сустрэчы Сьвятланы Алексіевіч і Ўладзімер Арлова ў мясцовых ліцэі й гімназіі на той падставе, што яны не ўступілі ў “Союз писателей Беларуси”, якім кіруе спадар Чаргінец. Зацікавяць чытачоў разважаньні тэатральнага рэжысэра Валера Мазынскага – сёньняшняга іміджмэйкера Аляксандра Мілінкевіча. Валянцін Тарас піша пра дзяржаўныя электронныя мэдыі, Анатоль Сідарэвіч засяродзіўся на адной містыфікацыі, зьвязанай з Антонам Луцкевічам, артыкул Аляксандра Фядуты пра паэта Юрку Голуба называецца “Арфэй правінцыі”. Ну а Сяргей Будкін узяў інтэрвію ў бостанскай панк-групы, якой адмовілі ў беларускай візе за песьню “F**k Lukashenko”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG