Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.-Г.Вік: "Сустрэча Мэркель зь Мілінкевічам – сыгнал палітычнай падтрымкі"


Радыё Свабода “Сустрэча нямецкага бундэсканцлера зь лідэрам беларускай апазыцыі мае вялікае значэньне як на міжнародным ўзроўні, так для самога Мілінкевіча і для Беларусі”, заявіў у размове са Свабодай нямецкі дыплямат, колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік.

Учора ў Бэрліне спадар Вік меў некалькі cустрэчаў з Аляксандрам Мілінкевічам ды іншымі сябрамі беларускай дэлегацыі. Мы папрасілі яго падзяліцца ўражаньнямі пра гэтыя сустрэчы.

(Вік: ) "Я прысутнічаў амаль на ўсіх імпрэзах, у якіх браў удзел кандыдат у беларускія прэзыдэнты, бадай, не прысутнічаў толькі на адной сустрэчы з Мэркель, у бундэсканцылярыі. Усю гэтую праграму арганізавала вядомая палітычная фундацыя імя Конрада Адэнаўэра. Візыт, хоць і быў неафіцыйным, але меў публічны характар".

(Вядоўца: ) “Наколькі, з Вашага гледзішча, Мілінкевіч спадабаўся бэрлінцам?”

(Вік: ) “Мілінкевіч зрабіў вельмі добрае ўражаньне – ён зьбіраецца змагацца ня толькі за ўласную перамогу, а за самі выбары, каб яны былі свабоднымі і празрыстымі. Лічу, што ён дасягнуў даверу з тымі немцамі, зь якімі сустрэўся ў Бэрліне”.

(Вядоўца: ) “Пяць год таму, напярэдадні выбараў 2001, беларускія дэмсілы здолелі ўпершыню аб’яднацца вакол адзінага кандыдата Ганчарыка. Вы добра памятаеце тую сытуацыю. Цяпер ізноў гавораць пра кааліцыю – вакол Мілінкевіча. Што ёсьць у гэтым сэнсе адрознага і што агульнага паміж 2001 і 2006 годам?”

(Вік: ) "Відавочна, што цяпер закрытасьць дэмакратычных сілаў, іхная абмежаванасьць значна большая. У 2001 ўдалося стварыць кааліцыю паміж апазыцыяй і грамадзкімі арганізацыямі – прафсаюзамі, жаночымі ініцыятывамі, моладзевымі і студэнцкімі аб’яднаньнямі. Амаль усе гэтыя арганізацыі потым былі выдаленыя з грамадзкага жыцьця. За гэты час таксама адбыліся велізарныя “палітычныя чысткі” і ў дзяржаўным апараце. Усе элемэнты намэнклятуры, кшталту Ганчарыка ці Бухвостава, якія ішлі на супрацоўніцтва з дэмакратамі, цяпер выкінутыя са структураў. У 2006 кааліцыя вакол Мілінкевіча складаецца пераважна з дэмакратычных арганізацыяў".

(Вядоўца: ) “Ці ня лічыце Вы, што ў Мілінкевіча яшчэ меней шанцаў?”

(Вік: ) “Гэтага я зусім не хачу сказаць. Усё залежыць ад саміх, ад таго, якія ёсьць магчымасьці ў штабоў дастукацца да электарату. Тая манаполія на СМІ, якую мае Лукашэнка, толькі ўскладняе сытуацыю. Гэтую манаполію цяжка перамагчы і такім чынам дастукацца да грамадзянаў”.

(Вядоўца: ) “І апошняе пытаньне, якое мы задалі нашаму суразмоўцу Гансу-Георгу Віку: што азначае падтрымка Бэрлінам беларускай апазыцыі ў часе выбарчай кампаніі, пра што было заяўлена ў часе ўчорашніх сустрэчаў на самым высокім узроўні?”

(Вік: ) “Нямеччына ёсьць сябрам ЭЗ, які распрацаваў самыя розныя праграмы падтрымку дэмакратыі правоў чалавека (EDHR). Гэта фінансавая падтрымка ў правядзеньні дэмакратычных выбараў, дзейнасьці СМІ, няўрадавых арганізацыяў. Гэтую праграму ажыцьцяўляе ў тым ліку і Нямеччына, як сябра ЭЗ. Учорашняя сустрэча паміж Мэркель і Мілінкевічам ёсьць сыгналам пра палітычную падтрымку кандыдатуры Мілінкевіча. Гэта мае вялікае значэньне як на міжнародным узроўні, так непасрэдна для самога Мілінкевіча, так і для Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG