Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія небясьпекі могуць напаткаць эмігранта?


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Уладзіслаў Яндзюк (Чэхія), Алесь (Швэцыя), у запісе з архіву – Славамір Адамовіч (Нарвэгія), Віталь Ліньнік (Галяндыя).

(Cурмач: ) “Тэма гэтай перадачы ўзьнікла пасьля таго, як ад адной праваабарончай арганізацыі да нас трапіў ліст беларускага хлопца, дзе ён распавядае пра тое, што яны з сябрам папрасілі палітычны прытулак у Чэхіі, але ў хуткім часе трапілі тут у турму. На думку хлопцаў, іхнай віны ў гэтай справе няма, вінаваты толькі чэскія паліцыянты. Больш падрабязна пра іхны выпадак мы распавядзём далей.

Менавіта гэты ліст і выклікаў патрэбу пагаварыць у нашай перадачы не толькі пра посьпехі беларусаў у замежжы, але і пра тое, што на чужыне чалавека можа чакаць небясьпека і рознага кшталту непрыемнасьці.

Мы ня будзем тут закранаць праблемы тых, хто мэтанакіравана зьдзейсьніў злачынства ў нейкай краіне і ў выніку быў пакараны мясцовымі ўладамі. Заўважым толькі, што такіх выпадкаў нямала. Напрыклад, толькі ў чэскіх турмах напрыканцы мінулага году налічвалася больш за дзевяць дзесяткаў вязьняў-беларусаў, якія зьдзейсьнілі злачынствы на тэрыторыі гэтай краіны.

Згадаем судовы працэс у Нямеччыне над Уладзіславам Ліпскім, інжынэрам зь Менску, які ў складзе крымінальнай групы арганізаваў там выраб фальшывых грошаў. Ці, напрыклад, беларуску Кацярыну Кабярэц, якая працавала ў Амэрыцы ў рэстаране і з дапамогаю адпаведных прыладаў счытвала рахункі і капіявала нумары крэдытных картак сваіх кліентаў, зь якіх пасьля здымала грошы.

Тэмаю нашай размовы будуць тыя сытуацыі, у якія эмігрант можа патрапіць нават супраць уласнай волі – выпадкова, па неасьцярожнасьці, з-за няведаньня законаў і г.д.

Вось якое меркаваньне аб прычынах розных праблемаў, зь якімі можа сустрэцца эмігрант, выказвае сп. Уладзіслаў Яндзюк з Прагі, які ўжо больш за 9 гадоў жыве на чужыне".

(Яндзюк: ) “Мне падаецца, што досыць часта нашы людзі-беларусы, якія апынаюцца на Захадзе, маюць вельмі цьмянае і скажонае ўяўленьне пра тое, што сабою ўяўляе гэты Захад. Многія думаюць, што Захад – гэта рай дэмакратыі, дзе ўсе адзін аднаго паважаюць, дзе ўсё адбываецца на нейкім фантастычным узроўні і няма ніякіх праблемаў. Гэта, канешне, ня так. Гэта звычайнае грамадзтва са сваёй гісторыяй, сваім шляхам разьвіцьця, сваімі ўнутранымі і зьнешнімі праблемамі.

Часта людзі, якія трапляюць у нейкую дрэнную сытуацыю, перажываюць шок: "Як жа гэта так! Нам жа казалі... Я сам думаў, верыў, а на самай справе тут такія праблемы". Напрыклад, нейкая ксэнафобія, ці проста несправядлівасьць. Людзі крыўдуюць на цэлы сьвет, самі на сябе і з-за таго узьнікаюць розныя праблемы. На самай справе да гэтага проста трэба ставіцца так, як да больш менш стандартнай сытуацыі і усьведамляць, што гэта іншае грамадзтва, яно жыве па сваіх законах, традыцыях, пэўных крытэрыях маралі, стандартаў чалавечых стасункаў, стандартаў жыцьця ў дзяржаве. І гэты стандарт, гэты спосаб жыцьця трэба прыняць.

Разумееце, трапляе чалавек у зусім іншую атмасфэру. Прычым ён трапляе туды не як роўны, а як госьць, якога не паклікалі, не жаданы, хто яго туды запрашаў. І гэты чалавек мусіць нейкім чынам сам сябе троху рэгуляваць, каб з гэтым грамадзтвам, з гэтым новым асяродзьдзем знайсьці пэўнае паразуменьне, зразумець, як з ім можна жыць. Але, трэба, каб тое грамадзтва зразумела і яго, гэты як бы чужы элемэнт. Гэта проста звычайна адаптацыйны працэс, яго кожны чалавек мусіць пражыць і прайсьці”.

(Cурмач: ) “Зараз якраз і нагадаем прыклад тых беларускіх хлопцаў, аўтараў ліста, якія трапілі ў чэскую турму. Вось як апісваецца імі сытуацыя, што сталася прычынаю іх арышту:

“Ехалі дахаты, уначы, на машыне. Скончылася паліва і мы яе пакінулі, а самі пайшлі далей пешкі. Калі зразумелі, што ідзем не ў той бок, павярнулі назад. Калі падышлі да машыны, убачылі, што там стаяць паліцыянты. Яны папрасілі дакумэнты...”

Кінутая на шашы машына выклікала падазрэньне чэскіх паліцыянтаў, адпаведна і яе ўладальнікі, два маладыя хлопцы-чужынцы ўначы на дарозе. А калі яшчэ маладыя людзі пачалі спрачацца зь імі, гэта непазьбежна выклікала канфлікт, у якім перамога засталася за паліцыянтамі.

Наколькі адпавядалі закону дзеяньні прадстаўнікоў улады і наколькі правамерна былі асуджаныя хлопцы на 15 і 12 месяцаў турмы, нам цяжка сказаць. У дачыненьні да нашай тэмы можам толькі зьвярнуць увагу на тое, што хлопцы ў чужой краіне мусілі паводзіць сябе больш спакойна і разумна, прыгледзецца да таго, як паводзяць сябе кіроўцы аўтамабіляў у гэтай краіне, якія не кідаюць свае машыны на дарозе, а заўчасна клапоцяцца пра запраўку, а калі трэба – ставяць папераджальныя знакі і выклікаюць тэхнічную дапамогу.

Цяпер хлопцы будуць мець праблемы яшчэ і з атрыманьнем прытулку ў Чэхіі.

Наш суразмоўца сп. Уладзіслаў Яндзюк, якім мае вопыт жыцьця не толькі ў чэскім грамадзтве, але і ў лягеры уцекачоў, падкрэсьлівае, што за кожную сытуацыю чалавек, мусіць несьці, найперш, класную адказнасьць".

(Яндзюк: ) "Канешне, калі нехта лезе ў нейкія праблемныя сытуацыі, то трэба чакаць, што будуць і нейкія наступствы. Напрыклад, я сутыкнуўся з выпадкам, калі адзін з чакальнікаў на прытулак пайшоў у мястэчка, напіўся ў бары і назад у лягер ехаў на ровары. Ехаў, вядома, ня вельмі асьцярожна, упаў, ён казаў што быццам яшчэ і машына яго падбіла, і разьбіў сабе галаву. Прыехаў у крыві і пайшоў да лягернага лекара, а той убачыў сытуацыю сваімі вачыма і пачаў яго не толькі лекаваць, але і вучыць розуму. Той, канешне, нападпітку, пачаў рэагаваць нэрвова, узьнік канфлікт, потым мусіла ўмяшацца нават ахова лягеру".

(Cурмач: ) “Нешта падобнае здарылася з беларускім палітычным уцекачом у Галяндыі сп. Віталем Ліньнікам, пра што мы паведамлялі ў адной з нашых перадачаў".

(Ліньнік: )“Я жыў ў лягеры, са мною там здарыліся два драматычныя выпадкі з цяжкімі наступствамі. Аднойчы я ехаў роварам, упаў і моцна стукнуўся скроньню. Мяне забралі ў шпіталь, я праляжаў там 3 месяцы, два з іх быў у коме...”

(Cурмач: ) “Другі выпадак быў таксама зьвязаны з неасьцярожнай яздой на ровары. У выніку, 50-гадовы мужчына стаўся інвалідам. Стаць інвалідам на чужыне азначае шматразова ўскладніць сабе жыцьцё. Да таго ж, далёка не заўсёды спраўджваюцца уяўленьні, што да інваліда будуць ставіцца з большай увагаю. У гэтым пераканаўся і сп. Ліньнік.

Паслухаем таксама Уладзіслава Яндзюка".

(Яндзюк: ) “Вось я бачыў такую гісторыю. У лягеры з намі быў адзін мужчына-армянін з сям''ёю. Перад гэтым ён колькі гадоў легальна працаваў у Чэхіі на чыгунцы. А потым здарылася, што пры нейкіх працах яму адрэзала нагу. Чыгунка да гэтага паставілася такім чынам, што яго, як замежніка, проста выкінулі, скасавалі яму дазвол на працу. Фактычна выкінулі чалавека на вуліцу, вяртацца яму не было куды, тым больш інвалід. І ён паспрабаваў легалізавацца празь лягер, папрасіў прытулку ў Чэхіі. Натуральна, што ніякіх падставаў для палітычнага прытулку ў яго не было. Ён апынуўся ў вельмі складанай сытуацыі. Пяць гадоў ён сядзеў ў лягеры, прайшоў усе інстанцыі. Суд, нарэшце, прызнаў яму права на атрыманьне гуманітарнага прытулку, ён яго атрымаў і зараз жыве тут. Атрымоўвае пэнсію, і нейкім чынам жыцьцё наладзілася. Вывад з гэтага можа быць і такі, што за свае правы даводзіцца змагацца ва ўсіх краінах, ва ўсіх сыстэмах, нават дэмакратычных таксама”.

(Cурмач: ) “Вядома, што інваліднасьць – ня самы горшы фінал неасьцярожнасьці. Узгадаем трагічны выпадак зь беларускім палітычным уцекачом Арсенем Скарулісам, які загінуў у сакавіку мінулага году ў швайцарскіх Альпах.

Небясьпеку для жыцьця ўтвараюць сабой і неасьцярожныя кантакты з крымінальнікамі з краінаў былога СССР, якіх зараз шмат у Эўропе. Ад іх пацярпеў год таму ў Нарвэгіі вядомы беларускі паэт Славамір Адамовіч, пра гэта ён паведамляў у адной з нашых перадачаў".

(Адамовіч: ) “Не магу да сябе дайсьці, што я тут пабачыў, я ў турме такіх людзей не бачыў”.

(Cурмач: ) "А вось што гаворыць беларускі палітычны ўцякач сп. Алесь са Швэцыі".

(Алесь: ) “Тут, на вялікі жаль, вельмі шмат крымінальнга элементу. Хто хаваецца ад судовага перасьледу, некаторыя нават расшукваюцца Інтэрполам. Яны тут як бы просяць палітычнага прытулку і ўсе здаюцца, як беларусы, бо расейцаў, напрыклад, адразу дэпартуюць назад. Але ж іхная крымінальная натура хутка выяўляецца, яны пачынаюць тут жыць па сваіх крымінальных законах, па сваім разуменьні”.

(Cурмач: ) “Менавіта такія людзі і забілі ў Стакгольме ў 2004 годзе двух беларускіх хлопцаў. Мы паведамлялі пра гэта, і цяпер ад сп. Алеся вы даведаецеся, чым скончылася гэтая гісторыя".

(Алесь: ) “Забойцаў арыштавалі, іх было трое, двое малдаванаў і адзін расеец. Адбыўся суд над імі, аднаму з іх далі 4 гады, а другому – 6 гадоў за жорсткае забойства двух людзей.

Яшчэ такі выпадак здарыўся з адным маім знаёмым. Была такая сытуацыя, што ў Стакгольме тут сабралася 9 чалавек беларусаў, яны зьнялі на ўсіх адну двухпакаёвую кватэру. Але сямёра зь іх былі ў Беларусі судзімыя. Аднойчы, калі між імі пачалася сварка, яны проста забілі аднаго беларуса-гарадзенца, а цела вывезьлі і выкінулі ў затоку”.

(Cурмач: ) "Здараюцца часам канфлікты паміж эмігрантамі на нацыянальнай ці рэлігійнай глебе. Сп. Алесь нагадвае і такі прыклад".

(Алесь: ) “Мой знаёмы з сябрам, беларусы, прыйшлі ў госьці да сяброў, пазнаёміліся зь імі тут у Швэцыі, яны былі з Дагестану, мусульмане па веравызнаньню. У той жа час да іх прыйшлі іхныя сябры – арабы, яны пачалі чапляцца да нашых хлопцаў, пачалі гаварыць, што хрысьціянская вера дрэнная, пачалі абражаць хрысьціянства і саміх хлопцаў, дайшло да таго, што яны першыя палезьлі ў бойку, іх было пяцёра, а нашых двое. Нехта з суседзяў выклікаў паліцыю, калі паліцыянты прыехалі, усіх затрымалі. Нашым хлопцам, яны чужынцы і жадалі тут палітычны прытулак, далі месяц турмы. А арабы паказалі швэдзкія пашпарты, ім паціснулі рукі і адпусьцілі”.

(Cурмач: ) “Непрыемнасьці чакаюць тых эмігрантаў, хто не жадае на самым пачатку пазнаёміцца з законамі краіны, дзе жыве, і ня лічыцца зь імі – маўляў, вось у нас так, а чаму тут інакш? Паслухаем ізноў сп. Уладзіслава Яндзюка".

(Яндзюк: ) “Такі падыход немагчымы. Калі вы прыходзіце ў краіну, дзе працуюць пэўныя законы, дык калі вы ня будзеце лічыцца з законамі гэтай краіны, дык гэта крымінальны шлях. Натуральна, што гэтае грамадзтва, дзяржава, будзе вас перасьледаваць законным шляхам, гэта значыць – паліцыя, суд, турма”.

(Cурмач: ) “На сваім уласным сумным вопыце гэта добра пазнала маладая беларуская сям''я, якая, выйграўшы грын-кард, апынулася ў Амэрыцы. Яны пакінулі ў зачыненай машыне без дагляду сваё маленькае дзіця і пайшлі ў краму. У Беларусі гэта нікога не зьдзівіла б, але ў Амэрыцы катэгарычна забаронена пакідаць непаўналетніх дзяцей без дагляду нават на кароткі час. Дзіця забрала паліцыя ў прытулак, бацькоў арыштавалі, судзілі, і на першы раз яны абышліся невялікім пакараньнем.

А іншую беларускую сям''ю са Швэцыі няведаньне закону прывяло за краты. Пра гэта распавядае сп. Алесь".

(Алесь: ) “Быў тут такі, можна сказаць, нават сьмешны выпадак. Нашы два беларусы прыехалі сюды, муж з жонкаю. І здарылася так, што яны выпадкова знайшлі на вуліцы наркотыкі. Яны кажуць, што была як бы нейкая хованка ў траве, і там ляжалі пакеты зь белым парашком. Яны занесьлі іх да сябе дадому, каб ніхто іх не ўзяў, і вырашылі перадаць іх у паліцыю, зрабіць добрую справу.

Два дні ў сябе трымалі таму, што гэта былі выхадныя, і яны думалі, што гэты аддзел паліцыі не працуе. Яны не маглі патэлефанаваць, бо ня ведалі ні швэдзкай, ні ангельскай моваў. Калі паведамілі ў панядзелак зь перакладчыкам у паліцыі, ім сказалі, што яны вінаватыя ў тым, што перанесьлі наркотыкі дадому, а гэта значыць, што іх чакае пакараньне па артыкулу за транспартыроўку наркотыкаў. Да таго ж яны яшчэ захоўвалі наркотыкі ў сябе два дні, і ім інкрымінавалі таксама захоўваньне наркотыкаў.

У выніку іх пасадзілі ў турму на 8 месяцаў. Я сам ведаю гэтых людзей. Яны ня ведалі гэтых законаў і пацярпелі, можна сказаць, за супрацоўніцтва з паліцыяй. Яны, калі выйшлі з турмы, сабралі ўсіх беларусаў, якія жылі ў іхным гарадку, дзе тады жыў і я, і распавядалі гэтую сваю сумна-сьмешную гісторыю. Гэта беларуская сям''я з Воршы”.

(Cурмач: ) “Часта эмігрантам даводзіцца сустракацца і са звычайным падманам, крадзяжамі. Сп. Алесь са Стакгольму раіць быць вельмі асьцярожным у кантактах з новымі людзьмі, асабліва дзяўчатам".

(Алесь: ) “Тут два сябры пазнаёміліся зь дзьвюма дзяўчатамі і пачалі жыць разам. Усе яны працавалі, і хлопцы гэтыя казалі сваім дзяўчатам, каб яны заробленыя грошы не адсылалі дадому, што лепш зьбіраць іх тут і потым самому вывезьці. Дзяўчаты амаль што год адпрацавалі, аднойчы прыйшлі дадому, і не аказалася ні хлопцаў ні грошай, ні рэчаў, усё, што зарабілі, было скрадзена. Тут часта сустракаюцца афэрысты розныя, бандыты, пры першым знаёмстве бывае вельмі цяжка разабрацца”.

(Cурмач: ) “Шмат каму з палітычных уцекачоў у чаканьні на прытулак даводзіцца жыць у адмысловых лягерох для ўцекачоў, дзе чалавек на першым часе забясьпечаны жытлом, харчаваньнем і іншымі элемэнтарнымі рэчамі. Пасьля перажытых стрэсаў, трапіўшы ў нейкую эўрапейскую краіну і апынуўшыся ўрэшце легальна ў лягеры, уцякач нарэшце пачувае сябе ў бясьпецы. Ці гэта сапраўды так? Ці і там могуць узьнікнуць нейкія праблемы? Гэтыя пытаньні я задаю сп. Уладзіславу Яндзюку, які мае вопыт жыцьця ў чэскім лягеры".

(Яндзюк: ) “Ведаеце, лягерная атмасфэра спэцыфічная, гэта вельмі нэрвовая атмасфэра, дзе сканцэнтраваны людзі з розных краінаў, з розным досьведам, з розным жыцьцёвым шляхам у маленькім прасторы і ў вялікай няпэўнасьці, бо ніхто не ведае, што яго чакае далей. І часам гэтая нэрвовасьць праяўляецца ў розных формах. Напрыклад, нехта ідзе ў краму і купляе бутэльку гарэлкі, нап''ецца, а потым можа ствараць праблемы сам сабе і іншым.

Паміж людзьмі ўзьнікаюць час ад часу непаразуменьні. Кожны прыходзіць са сваімі традыцыямі, звычкамі і спрабуе іх працягваць, а гэта можа ў адносінах да людзей іншых культураў выглядаць ганебна ці не зусім прыязна. Вось тады і ўзьнікаюць праблемы. Лягер – гэта экстракт нэрваў, трэба з гэтым лічыцца і троху тармазіць свае эмоцыі”.

(Cурмач: ) "Сп. Алесь са Швэцыі зьвяртае ўвагу на іншую небясьпеку".

(Алесь: ) “Праблема ў тым, што калі людзі сюды прыяжджаюць, яны ня ўсе праходзяць мэдычнае абсьледаваньне. Шмат прыяжджае хворых з Афрыкі, напрыклад, яны прыяжджаюць з такімі хваробамі, якія, я думаю, нават мэдыцыне не вядомыя. Могуць быць і тубэркулёзныя хворыя, з хваробаю Боткіна. Так што можна заразіцца любой хваробаю.

Таксама, калі засяляюць у лягеры, то селяць у адзін пакой людзей розных рэлігіяў, нацыянальнасьцяў, і гэта стварае канфлікты між людзьмі. Напрыклад, з мусульманамі калі жывеш, нельга на агульнай патэльні смажыць сьвініну. Я жыў аднойчы зь пяцьцю мусульманамі і добра ведаю”.

(Cурмач: ) “Сп. Алесь, Вы сказалі пра тое, што можна набыць хваробы, але варта падкрэсьліць, што ўвогуле, фізычнае здароўе – гэта асноўнае, што павінен мець эмігрант, хвораму чалавеку лепш, магчыма, добра падумаць, ці варта ехаць у замежжа, альбо вылечыць свае хваробы..."

(Алесь: ) “Калі ехаць у эміграцыю, трэба абавязкова мець вылечанымі зубы і ўсе хваробы, якія могуць абвастрыцца. Пажадана ўзяць з сабою як мага больш лекаў, самых неабходных, трэба глядзець, каб іх прапусьцілі праз мяжу. Антыбіётыкі, бінт, ёд – тут нічога гэтага без рэцэпту не набудзеш. У швэдзкіх аптэках мала што можна купіць без рэцэпту, нават анальгін, мне здаецца, таксама. Ніякіх абязбольваючых ня купіш”.

(Cурмач: ) "Праблемаю лягернага жыцьця, па словах сп. Алеся, ёсьць і тое, што канфлікты часта перарастаюць ў бойкі".

(Алесь: ) “Гэта вельмі часта. Я жыў у шасьці лягерох, і ў кожным не абыходзілася без боек і панажоўшчыны. Людзі напіваюцца, некаторыя ўжываюць наркотыкі, бандыты пачынаюць чапляцца да цябе, патрабаваць грошы, ці нешта іншае.

Мы тут усе кажам, што працэс чаканьня на палітычны прытулак у лягеры – гэта такая ж школа, як і турма, відаць, у Беларусі. Па гэтых прычынах шмат людзей імкнуцца выйсьці як мага хутчэй зь лягеру і наймаць жытло самастойна. Але такая праблема, што людзям кватэру здымаць самастойна вельмі дорага, і шмат хто падсяляецца ў кватэры, дзе ўжо жывуць іншыя людзі. Але яны ня ведаюць, што гэта за людзі, і здараецца, што падсяляюцца ў кватэры, дзе жывуць крымінальнікі”.

(Cурмач: ) "Як выжыць у лягеры, каб ня трапіць у непрыемную сытуацыю, як трэба сябе паводзіць, з Вашага вопыту, сп. Алесь?"

(Алесь: ) “Першае, трэба, канешне, прыяжджаць сюды не аднаму, а зь сябрам, самым лепшым пажадана, каб ён мог заўсёды дапамагчы табе. Другое, заўсёды трэба трымацца прынцыпу: ніколі, нікому не верыць. Як кажуць: ня вер, не пазычай, ня бойся. Вось тры асноўныя прынцыпы паводзінаў. Калі ты будзеш баяцца, адразу ўбачаць і будуць карыстацца гэтым.

Калі ехаць у эміграцыю, трэба быць цалкам падрыхтаваным. І ўвогуле, за мяжу лепш ня ехаць, а быць дома”.

(Cурмач: ) “А калі ўсё ж чалавек вырашае пакінуць сваю краіну, ён мусіць настроіць сябе маральна на зьмены, на тое, што трэба будзе лічыцца з новымі абставінамі, і гэта дапаможа пазьбегнуць шмат якіх непрыемнасьцяў і захаваць сябе на чужыне як асобу. Так лічыць другі наш сёньняшні суразмоўца, беларускі эмігрант з Чэхіі сп. Уладзіслаў Яндзюк, які так падсумаваў нашу размову:"

(Яндзюк: ) “Уцекачоўская праблематыка. Разумееце, чалавек кінуў усё, едзеш невядома куды, увесь час у стрэсе, пошукі – за што зачапіцца, куды падацца. Заўсёды гэта стрэсы і заўсёды гэта пэўная небясьпека. Трэба, каб воля была ў чалавека, разуменьне таго, дзе ён і чаго ён хоча дасягнуць, як жыць, але застацца чалавекам у кожным разе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG