Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтравыбаркам апублікаваў вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў


Радыё Свабода 3 лютага Цэнтравыбаркам апублікаваў зьвесткі адносна фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Разам створана 6586 выбаркамаў, у іх склад увайшлі 74 107 сябраў. Апазыцыйныя палітычныя партыі заяўляюць, што іх прадстаўнікоў не ўключылі ў склад участковых выбарчых камісіяў. У Цэнтравыбаркаме адмаўляюцца ўдакладняць гэтую інфармацыю.

Нагадаем, 1 лютага завяршылася фармаваньне мясцовымі ўладамі ўчастковых выбарчых камісіяў. І толькі сёньня Цэнтравыбаркам агучыў вынікі. Прычым сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік адмовіўся даць больш падрабязную інфармацыю адносна таго, хто ж з палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў трапіў у склад выбаркамаў.

(Лазавік: ) “Прабачце, заняты. Яшчэ няма. Будуць на сайце. Зараз гэтая інфармацыя зьявіцца”.

Інфармацыя зьявілася, але ў ёй пададзены толькі агульныя зьвесткі. Гаворыцца, што ў склад камісіяў увайшлі каля 10% сябраў грамадзкіх аб’яднаньняў, 35,5% ад працоўных калектываў, больш за 49% ад грамадзянаў праз падачу заяваў і 5% ад мясцовых вэртыкаляў. Найбольш сябраў камісіяў – са сфэры адукацыі. 248 чалавек беспрацоўныя і 1002 – непрацоўныя пэнсіянэры.

З палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у склад выбаркамаў масава трапілі сябры Кампартыі Беларусі, БРСМ, афіцыйных прафсаюзаў, Саюзу жанчын і вэтэранаў. У Лібэральна-дэмакратычнай партыі паведамілі, што ў склад камісіяў па краіне трапілі 76 яе сябраў, якія вылучаліся праз збор подпісаў. А вось паводле апазыцыйных палітычных партыяў (Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ, Партыі камуністаў Беларускай), ніводзін іх прадстаўнік ва ўчастковыя камісіі ня ўключаны. Тлумачыць актывіст АГП Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Гэта азначае, што ўлады вырашылі гэтую выбарчую кампанію рабіць так, як яны рабілі ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі, пачынаючы з 1999 году. Нягледзячы на тое, якім чынам будуць галасаваць, зрабіць вынікі галасаваньня такія, якія б былі спрыяльныя для іх гаспадара. Гэта гаворыць пра тое, што вынікі выбараў будуць фальшаваныя. Неўключэньне ніводнага апанэнтна дзейнага рэжыму ў выбарчую камісію — гэта простае сьведчаньне будучых фальшаваньняў выбараў. Ад самага пачатку ўлада ня хоча праводзіць выбары, яна гуляе ў выбары”.

Юрыст Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч заявіў:

(Лабковіч: ) “Нават пасьля кампаніі па фармаваньні тэрытарыяльных камісіяў было абсалютна відавочна, што ва ўчастковыя камісіі нас тым больш ня пусьцяць. Таму што ўчастковыя камісіі, якія лічаць бюлетэні, у першую чаргу і фальшуюць вынікі выбараў. Гэта яшчэ раз паказвае, што ў краіне абсалютна адсутнічае любы інстытут зьмены ўлады шляхам выбараў. Таму што сыстэма абсалютна закансэрваваная і скіраваная на захаваньне ўлады Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG